Фядута перажывае наступствы хваробаў і стараецца працаваць
Вядомага паліттэхноляга і доктара філялёгіі працягваюць утрымліваць на «Валадарцы». Аляксандра Фядуту затрымалі 11 красавіка 2021 году ў Маскве, і з таго часу ён год пад вартай. Як піша жонка палітвязьня Марына Шыбко, дні за кратамі для ейнага мужа праходзяць аднолькава, ніякіх сьледчых дзеяньняў у ягонай крымінальнай справе даўно не вядуць. Цяпер Фядута змагаецца з наступствамі арытміі і пнэўманіі, празь якія перанёс шмат уколаў. Упершыню за тры месяцы ён змог паспаць на правым баку і паляжаць на сьпіне.
У апошнія месяцы зусім няма ліставаньня, апроч як з жонкаю, заказы на кнігі прыносяць нячаста. А рукапісы не аддаюць, як піша жонка, дзеля «перавыхаваньня». Зараз Фядута спрабуе працаваць над інсцэнаваньнем раману Бальзака «Бацька Гар’ё».
Ад красавіка 2021 году ў зьняволеньні знаходзяцца літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама адвакат Юрась Зянковіч.
Яны абвінавачаныя ў справе аб спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку і яго родных. Супраць іх завялі крымінальную справу паводле артыкула 357 КК «Змова, альбо іншыя дзеяньні, накіраваныя на захоп улады». Вязьням пагражае ад 8 да 12 гадоў няволі.
Яўгена Афнагеля пераводзяць на два гады ў «крытую» турму
У судзе Наваполацку 12 красавіка судзьдзя Ірына Жарова пастанавіла перавесьці палітзьняволенага актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля на турэмны рэжым на 2 гады. Суд праходзіў па відэасувязі з калёніі, піша «Вясна».
У раскладзе Вярхоўнага суду было пазначана, што суд зьбіраецца разгледзець справу аб пераводзе на турэмны рэжым адразу ўсіх фігурантаў справы, у якой судзілі Паўла Севярынца і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі». Аднак у выніку ў «крытую» турму адпраўляюць толькі Яўгена.
На пачатку сакавіка Афнагеля перавялі ў ПКТ адразу пасьля ШЫЗА, дзе ён правёў апошнія 1,5 месяца. Таксама яму зьменшылі атаварку да 1 базавай велічыні ў месяц.
25 траўня 2021 году палітвязьня асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.