Сваёй гісторыяй жыцьця ў блякадным горадзе і выратаваньня Міранда падзялілася з валянтэрамі ўкраінскага прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNISEF).
Цяпер іх прытулілі ў Нікапалі Днепрапятроўскай вобласьці. Але пяцігадовы сын усё яшчэ прачынаецца ўначы і пачынае ўцякаць і хавацца ад уяўных бомбаў.
У рацыёне толькі шклянка вады і кавалак печыва
Жыхарка Марыюпалю Міранда, маці пяцігадовага Артура, расказала, што рацыён яе пяцігадовага сына Артура ў блякадным горадзе складаўся з шклянкі вады ўдзень і кавалачка печыва ўвечары. Калі яны змаглі эвакуавацца зь ім у Нікапаль, дзіця памірала ад зьнясіленьня.
Хлопчыка выратавалі кропельніцы, гарачая ежа і клопат маці. Але пасьля жаху абстрэлаў хлопчык перастаў гаварыць і ўсьміхацца.
«Пасьля таго, што ён пабачыў і пачуў, пасьля выбухаў і абломкаў, ён цалкам замоўк. А другой гадзіне ночы ён прачынаецца, падымаецца і спрабуе ўцячы і схавацца. Таму што ў гэты час звычайна самалёт абстрэльваў Марыюпаль», — расказала валянтэрам 23-гадовая Міранда. Увесь час яна трымае маленькую сынаву далонь у сваёй руцэ.
«Людзі крычалі ад страху, калі пачыналі бамбіць»
У часе аднаго зь першых абстрэлаў Мірандзе давялося прыкрываць сына сваім целам.
«Я думала, што мяне зьнесла хваля, і я ледзь не адарвала сабе рукі, учапіўшыся за поручні ў пад’езьдзе, дзе мы хаваліся», — згадвае яна.
Інтэнсіўнасьць абстрэлаў нарастала, а гуманітарная сытуацыя ў горадзе з кожным днём пагаршалася.
«Не было сьвятла, вады, газу, ацяпленьня, мабільнай сувязі. Не было ні хлеба, ні лекаў», — дадала Міранда. Яна пацьвердзіла, што марыюпальцы зьбіралі дажджавую ваду і сьнег, каб выжыць.
Калі ў двары ўпалі снарады, а за вокнамі дзіцячай спальні загарэліся будынкі, Міранда разам са сваёй маці і сынам вырашылі шукаць прытулку ў цэнтры гораду. Два тыдні яны жылі ў будынку Марыюпальскага драматычнага тэатру, дзе, акрамя іх, хаваліся яшчэ сотні мірных жыхароў.
«Там былі цяжарныя жанчыны, жанчыны зь немаўлятамі, старыя і жывёлы. Усе былі напалоханыя і галодныя, дзеці плакалі. Ноччу людзі крычалі ад страху, калі пачыналі бамбіць».
Паводле Міранды, у тэатры не было ацяпленьня, сын пачаў мерзнуць. «Я спала, проста седзячы на тонкім матрацы на падлозе. А ён спаў у мяне на руках», — успамінае маці, дадаючы, што на падлозе побач зь імі спалі немаўляты.
У першыя дні ў тэатры сям’я амаль нічога ня ела. А Артур увесь час плакаў і прасіў малака. У той час у Марыюпалі ўжо пачаўся голад, крамы былі зачыненыя, ежа канчалася, а гуманітарныя калёны не даходзілі да гораду праз аблогу.
«Потым украінскія вайскоўцы адкрылі калодзеж з тэхнічнай вадой тушыць пажар. І арганізавалі палявую кухню», — расказала Міранда. Яна згадала непрыемны пах і прысмак тэхнічнай вады, якая, тым ня менш, стала для іх паратункам.
Жанчынам і дзецям выдавалі шклянку вады або супу ў дзень. «Суп — гэта вада, часам з кавалачкамі бульбы. А дзецям вечарам давалі печыва», — дадала маці.
Але неўзабаве абстрэламі зьнішчылі і палявую кухню каля тэатру, і людзі страцілі нават такую ежу.
«Думала, сын ня выжыве»
На дзясяты дзень у тэатры ў Артура паднялася тэмпэратура. «Ён крычаў некалькі дзён. А потым вельмі аслабеў ад голаду».
Паводле Міранды, адзінай надзеяй для яе ў тыя часы быў «зялёны калідор». Кожны вечар перад сном яна казала сыну, што заўтра яны змогуць уратавацца.
«Хутка паедзем у добры сьвет, дзе будзе ежа, ложак, я цябе выкупаю, і ты будзеш глядзець мульцікі», — паўтарала яна хлопчыку замест калыханкі ў халоднай залі перапоўненага тэатру.
Не дачакаўшыся афіцыйнага зялёнага калідора, сямʼя самастойна выехала з гораду — папрасіліся ў спадарожную машыну. Мінуўшы некалькіх вайсковых блёкпастоў і пабываўшы пад артылерыйскімі абстрэламі, яны дабраліся да Нікапаля.
Там Артур атрымаў мэдычную дапамогу і паступова пачаў есьці і папраўляцца. Але стрэс і зьнясіленьне паўплывалі на яго псыхалягічны стан.
«Да вайны сын любіў гуляць, скакаць, сьмяяцца. А там ён увогуле перастаў усьміхацца, перастаў гаварыць. Вочы ўпалі, я думала, што ён ня выжыве. Цяпер яму лепш, але ўсё роўна часам нешта ўспамінае, падыходзіць да мяне, абдымае і плача. І я плачу разам зь ім», — расказала Міранда.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.