Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Лукашэнка прывёз з Пэкіну? Тлумачэньне кітаіста Чыгадаева


Аляксандар Лукашэнкі і Сі Цзіньпін, Пэкін, 4 чэрвеня 2025
Аляксандар Лукашэнкі і Сі Цзіньпін, Пэкін, 4 чэрвеня 2025

2 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка паляцеў у Кітай, 4 чэрвеня вярнуўся ў Менск. Паведамлялася пра ягоную сустрэчу зь «дзелавымі коламі» і са старшынём КНР Сі Цзіньпінем. Якія вынікі візыту Лукашэнкі? Як яго прымалі ў Пэкіне? Ці раўнуе Пуцін Лукашэнку да Сі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае кітаіст, магістрант кірунку «Кітайскія дасьледаваньні» Ляйпцыгскага ўнівэрсытэту Аляксей Чыгадаеў.

— Яшчэ ў студзені, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да выбараў паедзе ў Кітай. Але паездка не адбылася ні да выбараў, ні адразу пасьля выбараў, яна адбылася ў чэрвені. Ці ёсць якая-небудзь дакладная інфармацыя аб прычынах такога доўгага адкладаньня?

Аляксей Чыгадаеў
Аляксей Чыгадаеў

— Я думаю, тут ніякай кансьпіралёгіі няма. Мне падаецца, проста было не да таго кітайскаму лідэру. У КНР было шмат унутраных і зьнешніх праблем, зьвязаных у тым ліку і з прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа. У сувязі з гэтым было шмат асьцярог, якія потым аказаліся апраўданымі.

У лютым у Кітаі сьвяткуюць новы год, таксама ня вельмі зручны час для візыту. Зразумела, для чаго гэта патрэбна Лукашэнку. Ён хацеў умацаваць сваю легітымнасьць напярэдадні выбараў. І яго чаканьні былі ўзнагароджаныя цяпер. Першы радок рэлізу МЗС КНР аб выніках сустрэчы — аб тым, што старшыня Сі павіншаваў Лукашэнку з пераабраньнем.

Думаю, што гэта галоўны радок, для якога Лукашэнка і ехаў у Пэкін.

— Але ж Сі павіншаваў яго яшчэ ў студзені, неўзабаве пасьля выбараў...

— Так, але тым ня менш гэты радок зьявіўся ў рэлізе МЗС Кітаю. У ізаляваных у сьвеце аўтакратаў ня так шмат спосабаў прадэманстраваць зьнешняму сьвету сваю легітымнасьць. Ёсьць некаторыя сумневы ў выніках выбараў у Беларусі. Таму патрэбная зьнешняя легітымізацыя, калі іншыя лідэры цябе прызнаюць. У гэтым ёсьць праблемы з ЭЗ, з ЗША, але няма праблемаў з Расеяй і Кітаем.

— Іншымі словамі, вы ня лічыце, што гэтае адкладаньне візіту — цень нейкай «чорнай коткі», якая перабегла дарогу паміж Пэкінам і Менскам?

— Я думаю, што не. Зразумела, гэтая сустрэча больш патрэбная Лукашэнку, чым Сі. Графік сустрэч Сі Цзіньпіна з сусьветнымі лідэрамі вельмі шчыльны. За яго ўвагу трэба змагацца. Да яго дастаткова доўгая чарга і лідэраў дэмакратычных краін, і сумных аўтакратаў.

Варта падкрэсьліць, што цяперашняя паездка Лукашэнкі — гэта не дзяржаўны візыт.

— Паводле некаторых ацэнак, кітайскія СМІ пра візыт беларускага госьця паведамлялі даволі сьціпла. Сіньхуа паведаміла аб ім на трэці дзень яго знаходжаньня ў Кітаі, у дзень, калі ён сустрэўся зь Сі. Вы згодны, што рэакцыя СМІ была даволі стрыманай?

— Асьвятлялі сапраўды даволі сьціпла, але ізноў жа з прычыны фармату. Гэта не дзяржаўны візыт, гэта такая паўафіцыйная сустрэча. Не было падпісана ніякіх пагадненьняў, мэмарандумаў, не абвясьцілі аб старце нейкага новага праекту. Такая сустрэча магла б прайсьці на палях якога-небудзь міжнароднага шматбаковага форуму, дзе лідэры сустракаюцца, ціснуць адзін аднаму рукі, робяць фатаграфіі і разыходзяцца. У Лукашэнкі падчас візыту былі сустрэчы зь бізнэсам, праўда, ня вельмі зразумела, хто там прысутнічаў. Праграма была, мяркуючы па ўсім, ня вельмі насычаная.

— Лукашэнка некалькі разоў падкрэсьліваў асаблівую цеплыню сустрэчы з кітайскім лідэрам. Пры сустрэчы ён падзякаваў яму за прыём «у сябе дома», потым заявіў, што гэта была «сямейная сустрэча ў вузкім коле. Не афіцыйная, не працоўная, сямейная». Аднак паведамляецца, што сустрэча праходзіла ў афіцыйнай рэзыдэнцыі Чжунаньхай. Калі карыстацца амэрыканскімі і расейскімі аналёгіямі, гэта хутчэй Белы дом і Крэмль, чым асабісты дом лідэра. Ці ўсё ж месца прыёму Лукашэнкі было знакам асаблівага гонару, аказанага яму?

— Аўтакраты гавораць тое, што лічаць патрэбным. Чжунаньхай — гэта сапраўды афіцыйная рэзыдэнцыя Сі Цзіньпіна. Там праходзяць практычна ўсе сустрэчы з замежнымі лідэрамі. Было б дзіўна, калі б Сі сапраўды прыняў Лукашэнку ў сябе дома. Калі зьвярнуцца да кітайскіх крыніц, то яны трактуюць сустрэчу як сяброўскую, а не сямейную. Але гэта стандартнае кітайскае клішэ, якое ўжываецца да візыту лідэра любой замежнай дзяржавы.

Фармулёўкі кітайскіх прэсавых рэлізаў не адрозьніваюцца разнастайнасьцю фармулёвак, яны ўсе прыкладна аднолькавыя. Кітайцы проста замяняюць прозьвішча госьця, дату і час, назву краіны і выпускаюць гэты стандартны ўзор аб тым, што лідэры дзьвюх краін абмеркавалі двухбаковыя праблемы, праблемы шматпалярнага сьвету і асудзілі аднабаковыя санкцыі.

Кажучы пра «сямейную сустрэчу», Лукашэнка кажа не для Кітая, а для беларусаў і астатняга сьвету: «Мы са старшынём Сі лепшыя сябры».

Гэта прапаганда, якая накіраваная на ўнутранага спажыўца і на астатні сьвет.

— Аляксей, вы ў мінулым інтэрвію Свабоде апісвалі звышзадачу Лукашэнкі, у тым ліку ў адносінах з Кітаем, наступным чынам — ня толькі і можа нават ня столькі грошай атрымаць, але прысутнічаць, не выпасьці з парадку дня, ня даць забыцца пра сябе. Вось яго сёньня ў Кітаі запрасілі прыехаць пазьней сёлета на саміт ШАС і на парад у Пэкіне з нагоды завяршэньня Другой сусьветнай вайны. У Лукашэнкі візытамі накшталт сёньняшняга атрымліваецца ня выпасьці з парадку дня?

— Так, мне падаецца, што атрымліваецца. Як той казаў, памер мае значэньне. У Беларусі крыху больш за 9 мільёнаў жыхароў. У адным Пэкіне — 21 мільён. Па маштабах Кітая Лукашэнка — мэр гораду сярэдніх памераў. Таму тое, што яму ўдаецца быць на кароткай назе зь Сі — гэта вялікае дасягненьне. І запрашэньне Лукашэнкі на парад азначае, што ён застаецца ў парадку дня. Ён — частка зьнешняй палітыкі КНР, таму што Беларусь усё ж сувэрэнная краіна, у яе ёсьць голас у ШАС, у ААН. У ААН у яе такі ж голас, як у шматмільённых Філіпінаў і Інданэзіі. І калі Кітай унясе ў ААН нейкую рэзалюцыю, то голас Беларусі ў яго будзе.

— Вы адзначылі, што па выніках цяперашняга візыту Лукашэнкі не было прынята ніякіх рашэньняў, як ён сам сказаў, «дамовіліся інтэнсыфікаваць адносіны». Калі ён сустракаецца з Уладзімірам Пуціным, звычайна нейкая канкрэтыка ўсё ж агучваецца. А тут — ніякай. Чаму?

— «Сямейны фармат» не прадугледжвае абмеркаваньня канкрэтыкі. І гэта ня толькі з Лукашэнкам. Некаторы час таму, перад сустрэчай Сі з Пуціным міністар энэргетыкі Расеі паведаміў, што па выніках сустрэчы ня будзе ніякіх навінаў аб газаправодзе «Сіла Сібіру» — адным з галоўных праектаў супрацоўніцтва РФ і КНР.

Тут адбылася прыкладна тое ж самае, калі было сказана, што гэта «сямейная сустрэча». Што лідэры пап’юць гарбату, паціснуць рукі і разыдуцца.

— І абодвум гэтага будзе дастаткова?

— Так. У мінулым жніўні ў Беларусі быў зь візытам прэмʼер КНР Лі Цян. Тады быў падпісаны сапраўды вялізны пакет дакумэнтаў. І сёлета, паводле апошніх зьвестак, экспарт зь Беларусі ў Кітай вырас амаль на 10%.

Напэўна, немагчыма кожны год прымаць новыя маштабныя праекты. Наколькі я зразумеў з паведамленьняў аб выніках цяперашняга візыту Лукашэнкі, да наступных яго візытаў у Кітай сёлета пакет новых пагадненьняў будзе падрыхтаваны. І гэта будуць афіцыйныя візыты.

— На сёньняшняй сустрэчы было зроблена некалькі палітычных заяваў. У прыватнасьці, Сі сказаў, што абедзьве краіны павінны супрацьстаяць гегеманізму і запалохваньню, абараняць міжнародную справядлівасьць і правасудзьдзе. Ну а ў сваю чаргу Лукашэнка сказаў, што галоўная асаблівасьць нашага часу — «беспрэцэдэнтны ціск Захаду на нас, у першую чаргу на Кітайскую Народную Рэспубліку». Што вынікае з гэтых заяваў?

— Гэта рытарычныя фігуры, якія павінны былі прагучаць. Гэта збольшага калька з кітайскай, гэта тыя выразы, якія выкарыстоўваюць цяпер кітайская прапаганда, кітайскі МЗС. Цяпер яны маюць сэнс і з кітайскага боку, таму што і Пэкін зараз таксама падвяргаецца санкцыям і ціску ЗША. Ня толькі Беларусь, але зараз і Кітай.

— Як Масква ставіцца да заляцаньняў Лукашэнкі да Кітаю? З аднаго боку, і сама Расея — найбліжэйшы саюзьнік Кітаю. Але зь іншага, ці не адчувае Масква рэўнасьць да адносін Менску і Пэкіну?

— Так, тут ёсьць нейкія гумовыя «чырвоныя лініі», якія Кітай і Расея правяраюць. І тут ёсьць дзьве пары: Расея і КНДР, Кітай і Беларусь. Для Расеі Беларусь — частка адзінай саюзнай дзяржавы. У Кітая і Паўночнай Карэі таксама вельмі шчыльныя адносіны, у тым ліку і ў вайсковай сфэры. КНДР залежыць ад імпарту з Кітая на 99.99 %.

Але, як бачым, Расея даволі інтэнсіўна разьвівае адносіны з КНДР. І Лукашэнка, і Кім Чэн Ын разумеюць, што два ці тры саюзьнікі — гэта лепш, чым адзін. І Кім прадае зброю ў Расею за нафту і іншыя выгоды. Лукашэнка прадае ў КНР калійныя ўгнаеньні і прадукцыю АПК, атрымліваючы адтуль прадукцыю машынабудаваньня. Няма такой сытуацыі, каб Пуцін і Сі прадʼявілі іншаму боку прэтэнзіі за супрацоўніцтва са сваім «малодшым братам». Ні Лукашэнка, ні Кім не перасякаюць рысу, за якой у Масквы ці Пэкіну можа разгуляцца рэўнасьць.

— Якія пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая? Вы сказалі, што ў 2025 годзе заўважна вырас экспарт Беларусі ў КНР. Але летась у параўнаньні з 2023 годам ён зьнізіўся. Што расьце рэкорднымі тэмпамі, дык гэта кітайскі імпарт у Беларусь, летась ён перавысіў 6,5 мільярда даляраў. І ён больш як утрая перавышае беларускі экспарт у Кітай. І якая пэрспэктыва?

— Па-першае, ёсьць праблема з надзейнасьцю статыстыкі зьнешняга гандлю. У Беларусі яна з 2021 году ўвогуле закрытая. Мы чуем заявы чыноўнікаў аб росьце тых ці іншых паказчыкаў і імі і апэруем.

Па-другое, Беларусь усё ж спрабуе дывэрсіфікаваць свой зьнешні гандаль, каб не залежаць ад адной Расеі.

Хоць гандаль з Расеяй — на парадак большы, чым зь любым іншым асобным замежным партнэрам, з Кітаем у тым ліку.

Тое, што таваразварот Беларусі з Кітаем расьце — гэта, на мой погляд, добра. Але Беларусь ужо на першым месцы сярод імпартэраў калійных угнаеньняў у Кітай. Больш Кітаю ня трэба. Ды і ў астатніх артыкулаў беларускага экспарту ў КНР — прадукцыі АПК і дрэваапрацоўкі — ёсьць межы пашырэньня і яны ўжо, магчыма, дасягнутыя.

Быў вялікі і амбіцыйны праект — зрабіць Беларусь хабам для гандлю Кітаю і Эўропы. Але межы зачыненыя, Беларусь пад санкцыямі, грошы, укладзеныя ў інфраструктуру гэтага праекту, або замарожаныя або раскрадзеныя. І сёлета сытуацыя наўрад ці зьменіцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG