Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН заклікалі Беларусь дапусьціць міжнародную гуманітарную місію да зьняволеных прафсаюзных актывістаў


Архіўнае фота, 2008 год
Архіўнае фота, 2008 год

Група незалежных экспэртаў ААН 5 чэрвеня выказала занепакоенасьць з нагоды працяглых парушэньняў свабоды прафсаюзаў у Беларусі.

Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленьнем Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, праваабарончымі мэханізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забесьпячэньня правоў незалежных прафсаюзаў.

«Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да сябраў незалежных прафсаюзаў, якія таксама лічацца праваабаронцамі, — заявілі экспэрты. — Краіна павінна неадкладна вызваліць усіх лідэраў і сябраў прафсаюзаў, пазбаўленых волі за ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду слова, сходаў і аб’яднаньняў, а таксама адмяніць законы і іншыя меры, якія перашкаджаюць дзейнасьці незалежных прафсаюзаў».

Парушэньні свабоды абʼяднаньня прафсаюзаў у Беларусі знаходзяцца пад пільнай увагай МАП ад 2004 году — моманту, калі заснаваная Адміністрацыйнай радай МАП Камісія па расьсьледаваньні прадставіла высновы аб парушэньнях Беларусьсю Канвэнцыі аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю і Канвэнцыі аб праве на вядзеньне калектыўных перамоваў. Экспэрты адзначылі, што ў адказ на масавыя рэпрэсіі ў 2020 годзе супраць незалежных прафсаюзаў былі прыняты дадатковыя меры, у тым ліку створаны наглядны мэханізм за невыкананьне рэкамэндацый. Гэта другі такі прэцэдэнт за больш як стогадовую гісторыю МАП.

Экспэрты заклікалі Беларусь тэрмінова прыняць міжнародную гуманітарную місію зь незалежнымі лекарамі, якая наведала б усіх зьняволеных прафсаюзных актывістаў для ацэнкі стану іх здароўя і аказаньня мэдычнай дапамогі ў выпадку неабходнасьці; а таксама прыняць трохбаковую місію МАП, якая наведала б незалежных прафсаюзных лідэраў, актывістаў і праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў турмах ці іншых месцах пазбаўленьня волі.

  • Група незалежных экспэртаў ААН: Джына Рамэра, адмысловы дакладчык у пытаньні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый; Мэры Лолар, адмысловы дакладчык у пытаньні аб становішчы праваабаронцаў; Нільс Муйжніекс, адмысловы дакладчык у пытаньні аб правах чалавека ў Беларусі; Бэн Сол, адмысловы дакладчык у абароне правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам; Ірэн Хан, адмысловы дакладчык у пытаньні аб праве на свабоду меркаваньняў і іх свабодным выказваньні.
  • 18–19 красавіка 2022 году па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. У СІЗА КДБ зьмясьцілі лідара прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку, намесьніка старшыні БКДП Сяргея Антусевіча, кіраўніка ячэйкі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха і намесьніка старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ) Аляксандра Еўдакімчыка (пасьля ўсе незалежныя прафсаюзы, што ўваходзілі ў структуру БКДП, былі ліквідаваныя).
  • Былі затрыманыя лідэр БКДП Аляксандар Ярашук, старшыня СПМ Аляксандар Бухвостаў, актывісты Віталь Чычмараў, Ірына Бут-Гусаім, Ігар Леднік. Апошні памёр 20 лютага 2024 году ў Менскім раённым шпіталі (афіцыйна — ад спыненьня сэрца).
  • 26 сьнежня 2022 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў старшыню БКДП Аляксандра Ярашука да 4 гадоў пазбаўленьня волі, яго намесьніка Сяргея Антусевіча — да 2, бухгальтара Ірыну Бут-Гусаім — да 1,5 (апошнія двое ўжо на волі). Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Акрамя таго, паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару, іншых дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы) асобна прызнаны вінаватым Ярашук, які неаднаразова публічна выступаў супраць санкцый.
  • Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі з красавіка 2022 году па жнівень 2023-га ў Беларусі затрымалі больш за 35 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Рэпрэсаваныя былі прафсаюзныя актывісты на прадпрыемствах «Гродна Азот», «Нафтан», «Беларуськалій» ды інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG