Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моцныя залевы затапілі цэнтар Горадні, у Менску спыніўся транспарт

абноўлена

Залева, ілюстрацыйнае фота
Залева, ілюстрацыйнае фота

Празь непагадзь паваліліся некалькі дрэваў.

5 чэрвеня ўдзень Горадню накрылі залевы і град. Затапіла вуліцы Калючынскую, у выніку на пэўны час прыпынілі свае маршруты гарадзкія тралейбусы.

Шэраг здымкаў наступстваў затапленьня апублікавала газэта «Вечерний Гродно».

Як паведамілі ў горадзенскім аддзяленьні МНС, ратавальнікі зрабілі за дзень 19 выездаў на месцы здарэньняў. 16 разоў патрабавалася дапамога ў расьпілоўваньні паваленых дрэваў, а таксама тройчы — адпампоўка вады з затопленых месцаў.

У Горадні на вуліцах Захарава і Горкага дрэвы пры падзеньні пашкодзілі два аўтамабілі, на вуліцы Савецкіх памежнікаў — альтанку на прыватным падворку. Дапамога работнікаў МНС спатрэбілася і ў расьпілоўваньні паваленага дрэва на дзіцячую дваровую пляцоўку па вуліцы Будзёнага.


У Менску моцная залева, вадасьцёк не дае рады з патокам вады на некаторых вуліцах. Праз падтапленьне спыніўся рух транспарту на праспэкце газэты «Зьвязда», на вул.Няміга, на пр. Пераможцаў, вул. Ігнаценкі, на вул.Кнорына, Каліноўскага, Лагойскім тракце, на вул.Кальварыйскай, на пр.Пушкіна, на вул.Астрашыцкай, пр.Незалежнасьці, паведамілі БЕЛТА у «Мінсктрансе».

Ратавальнікі ліквідуюць наступствы непагадзі ў Менскай вобласьці. У трох раёнах падалі дрэвы: Валожынскім, Менскім і Маладачанскім. У Маладзечне на вуліцы Валынца дрэва пашкодзіла аўтамабіль. Ахвяраў няма.

Навальніцы чакаюцца і ў выходныя.

Моцныя дажджы ўдзень 5 чэрвеня накрылі таксама суседнюю Літву. Шторм чакаецца ў Вільні, але пасьля папярэдняй залевы становішча не такое напружанае як у Аліце, дзе затапіла некалькі вуліц, піша Delfi. Папярэджаньні пра вялікія ападкі і штормы атрымалі жыхары шэрагу рэгіёнаў Літвы, у тым ліку Вільні, Вісагіні, Шырвінтаў, Вілкамера і іншых.

З прычыны залевы ў Барысаве на паўгадзіны адклалі пачатак футбольнай таварыскай сустрэчы паміж зборнымі Беларусі і Казахстану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG