Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не зажыў шнар на сэрцы ад палітычных пературбацый і гвалту турэмшчыкаў». Родныя і сябры пра Аляксандра Класкоўскага-малодшага


Аляксандар Класкоўскі пасьля вызваленьня. Верасень 2011 году.
Аляксандар Класкоўскі пасьля вызваленьня. Верасень 2011 году.

4 чэрвеня 2025 году ня стала 46-гадовага былога палітвязьня Аляксандра Класкоўскага-малодшага. Апошнія паўтара года ён разам зь сям’ёй жыў у штаце Вашынгтон у ЗША.

Абставіны сьмерці Аляксандра пакуль дакладна невядомыя. Паводле сястры, хутчэй за ўсё, прычынай стаў сардэчны прыступ. Цела каля дома знайшлі суседзі, праводзіцца экспэртыза. Час і месца пахаваньня пакуль не вядомыя. Сям’я вельмі хоча, каб яго пахавалі ў Беларусі.


Скрыншот са старонкі Аляксандра Класкоўскага-малодшага ў Фэйсбуку
Скрыншот са старонкі Аляксандра Класкоўскага-малодшага ў Фэйсбуку

Фота, калі ён у міліцэйскай форме супрацьстаяў амапаўцам, стала адным з сымбаляў Плошчы-2010 — пратэсту ў Менску супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Аляксандар выбраў менавіта гэтае фота для сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Апошні допіс там быў чатыры дні таму. У ім Аляксандар згадваў, як праходзілі спартовыя спаборніцтвы падчас яго міліцэйскай службы шмат гадоў таму. Сярод ягоных пастоў — пераважна ўспаміны пра зьняволеньне ў калёніі ці пра службу ў міліцыі. Былы міліцыянт, былы палітвязень, бацька траіх дзяцей, вымушаны эмігрант — расказваем пра няпросты лёс Аляксандра Класкоўскага-малодшага.

«19 сьнежня быў на Плошчы не натоўп, а беларуская нацыя»

«Міліцыю я не зьневажаў, а сказаў, што пра яе думаю. Улады я не прысвойваў, а форму апрануў сваю, былую. Як у кожнага чалавека, мусіць, у мяне былі ўчынкі, якімі я не магу ганарыцца. Але 19 сьнежня быў на Плошчы не натоўп, як кажуць, а беларуская нацыя. І я лічу за гонар, што быў там з тымі людзьмі».

Аляксандар Класкоўскі (малодшы), суд, 11 траўня 2011
Аляксандар Класкоўскі (малодшы), суд, 11 траўня 2011

Гэта фрагмэнт з апошняга слова Аляксандра Класкоўскага на судзе. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17. Аляксандра зьняволілі 21 сьнежня 2010 году, вызвалілі 14 верасьня 2011 году паводле памілаваньня. Аднак прашэньня аб памілаваньні ён не пісаў.

Аляксандар Класкоўскі-малодшы нарадзіўся нарадзіўся 26 верасьня 1978 г. у Менску ў сям’і вядомых журналістаў Аляксандра і Людмілы Класкоўскіх. Скончыў менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, супрацоўнічаў з шэрагам спартовых мэдыяў. Правучыўшыся ва ўнівэрсытэце адзін курс, сышоў з ВНУ, бо зразумеў, што журналістыка — не яго прызваньне.

Дабрахвотна прыняў рашэньне ісьці ў войска. Адслужыўшы і вярнуўшыся дахаты, у вельмі хуткім часе ажаніўся. Жонка Натальля паходзіць з Магілеўшчыны. Адтуль родам і ягоная маці Людміла. Пазнаёміліся яшчэ перад службай, Натальля чакала будучага мужа з войска ўсе паўтара года, пісала яму лісты і прыяжджала ў вайсковую частку на спатканьні. Іх першы сын Аляксей нарадзіўся ў 1999 годзе, калі абаім было ўсяго крыху болей за дваццаць. У 2003-м на сьвет зьявілася дачка Даша, а ў 2008-м — малодшы сын Арсень.

Аляксандар Класкоўскі (малодшы), Менск. Архіўнае фота
Аляксандар Класкоўскі (малодшы), Менск. Архіўнае фота

Аляксандар Класкоўскі-малодшы ў выніку атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. У 1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёна Менска, быў інспэктарам дарожна-патрульнай службы.

Вось што расказвала Свабодзе ягоная сястра, былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская:

Вольга Класкоўская і Аляксандар Класкоўскі, 1987. З сямейнага архіву
Вольга Класкоўская і Аляксандар Класкоўскі, 1987. З сямейнага архіву

«Аляксандар скончыў прыватны юрыдычны інстытут, пайшоў на працу ў ДАІ Ленінскага раёну Менску. Выглядала на тое, што брат пачуваўся ня вельмі камфортна ў сыстэме МУС. Пра што даволі часта распавядаў і мне. Вядома, супрацоўнік праваахоўных органаў па сваім вызначэньні ніколі ня можа быць цалкам вольным — ён заўсёды падначалены. Але ў выпадку беларускай рэчаіснасьці, на жаль, ён яшчэ і мусіць стацца чалавекам сыстэмы. А гэтую сыстэму брат прыняць і зразумець ніколі ня мог. З ДАІ ў званьні лейтэнанта Саша сышоў у 2005 годзе. Дарэчы, падчас службы брат атрымаў узнагароду за затрыманьне ўзброеных угоншчыкаў. І нават грашовую прэмію ад МУС».

«Куміры Сашы — гэта Васіль Быкаў і генэрал Захаранка»

Вольга Класкоўская адзначала, што яны з братам выхоўваліся ў нацыянальна арыентаванай сямʼі:

— За што вялікі дзякуй нашым бацькам. Куміры Сашы — гэта Васіль Быкаў і генэрал Захаранка. Саша мне заўсёды казаў, што Юры Захаранка карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод афіцэраў і шараговых службоўцаў. І калі б ён ня зьнік, то, мяркуе брат, сёньня сытуацыя ў краіне, магчыма, была б ужо зусім іншай. Саша балюча перажываў трагедыю, што сталася з Захаранкам. Што датычыцца Быкава, то настольнай кнігай брата была «Доўгая дарога дадому». Ён зачытваў яе да дзірак, заўсёды яе цытаваў. Вельмі перажываў Аляксандар сьмерць вялікага пісьменьніка, разам з жонкай удзельнічаў у пахаваньні Быкава, не хаваў сваіх сьлёз тады. Пасьля мы з братам неаднойчы езьдзілі на месца пахаваньня Васіля Быкава, заўсёды клалі на яго могілкі белыя і чырвоныя кветкі...

Праз два дні пасьля таго, як апрануўшыся ў міліцэйскую форму, Аляксандар Класкоўскі-малодшы ўзяў удзел у акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 года, яго затрымалі і абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

Зь лістоў з-за кратаў Аляксандра Класкоўскага-малодшага:

«Усё сумнейшая мая гісторыя, таму не смуткуйце, трымайцеся. Жыцьцё працягваецца... Падчас суду сябе нашмат больш свабодна адчуваў у клетцы, чым пракурор і судзьдзя. Яны не свабодныя, на іх аказваюць ціск, а я, хай і ў клетцы, але вольны чалавек, бо гэта мой выбар, а за іх выбар зрабілі іншыя».

Класкоўскі: Са Статкевічам у калёніі – 2 ахоўнікі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар Класкоўскі-малодшы адразу пасьля вызваленьня.

«Нават у сацыяльных сетках ўгаворваў мяне пісаць на роднай мове»

Пра Аляксандра згадвае ягоны сябра, фігурант справы «Плошчы-2010» Сяргей Марцалеў:

— Ён заўсёды быў шчырым патрыётам Беларусі. Нават у сацыяльных сетках кожную гадзіну ўгаворваў мяне пісаць на роднай мове. У нас з Аляксандрам падобная палітычная біяграфія — ён таксама сацыял-дэмакрат. Плошча 2010 года, самая яркая палітычная падзея мінулага дзесяцігодзьдзя стала для экс-лейтэнанта МУС Класкоўскага пераломнай у жыцьці. Усё для яго падзялілася на «да» і «пасьля»: мужны хлопец спрабаваў арганізаваць дэманстрантаў і прадухіліць тое бязьмежжа гвалту, якое ўчынілі яго былыя калегі, разганяючы дэманстрацыю ля Дома ўраду. Ён пераконваў міліцыю ўзгадаць, што яе абавязак — абараняць народ. Моцна зьбітага Класкоўскага кінулі ў СІЗА КДБ і асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

У калёніі Аляксандар адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні, нягледзячы на правакацыі адміністрацыі і зэкаў, якія зь ёй супрацоўнічалі — ён усё ж раней насіў пагоны. Выйшаўшы на волю, ён знайшоў сябе і ў цывільным жыцьці, быў пасьпяховым мэнэджэрам па гандлі аргтэхнікай. Але той шнар на сэрцы, які пакінулі палітычныя пературбацыі і гвалт турэмшчыкаў, не зажыў. Аляксандра больш з намі няма. Зямля яму пухам.

«У Амэрыцы ён так і не інтэграваўся, вельмі балюча перажываў гэтую эміграцыю»

Пасьля падзеяў 2020-га году Аляксандар Класкоўскі-малодшы разам зь сям’ёй вымушана эмігрыраваў у Польшчу, а затым у ЗША. Вольга Класкоўская кажа, што эміграцыя сталася для брата цяжкім выпрабаваньнем.

— Ён і сям’я атрымалі амэрыканскую грынкарту. Працаваў там у побытавай сфэры, у дастаўцы. Яму вельмі цяжка было. Перад адʼездам са мной раіўся, вельмі моцна вагаўся, бо не ляжала душа, каб ехаць яшчэ далей з Польшчы. Казаў, што ў Польшчы яму прасьцей, таму што гэта бліжэй да Беларусі. І ў Амэрыцы ён так і не інтэграваўся, ня стаў сваім, вельмі балюча перажываў гэтую эміграцыю, вельмі пакутаваў. Ірваўся ў Беларусь. Ён у чымсьці наіўны, у чымсьці, можа, радыкальны быў у сваіх выказваньнях ці поглядах, але бясспрэчна, што ён быў вялікім патрыётам Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG