Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рукі зьвязалі, стралялі ў галаву». У Бучы пад Кіевам колькасьць цывільных ахвяр павялічылася да 350, але і гэта не канчатковыя лічбы


Ахвяра расейскіх войскаў у Бучы, 2 красавіка
Ахвяра расейскіх войскаў у Бучы, 2 красавіка

У горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці ратавальныя і спэцыяльныя службы працягваюць зьбіраць целы забітых расейскімі войскамі мясцовых жыхароў.

«Сёньня сабралі 15 целаў на вуліцы Ябланскай, таксама людзі са зьвязанымі рукамі і ўсім стралялі ў галаву», — паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Суспільне» Сяргей Каплычны, кіраўнік рытуальнай службы Бучанскай грамады.

Паводле яго, у часе акупацыі расейцы не дазвалялі хаваць сваіх ахвяр. «Яны казалі: холадна яшчэ, няхай паляжаць», — дадаў ён.


«Цяпер прыкладна 300-340 па Бучы за сёньня, але гэта яшчэ ня ўсё. Мы проста не пасьпяваем. Яшчэ шмат каго хавалі ў агародах, у дварах. Дакладную колькасьць немагчыма вызначыць, таму што шмат людзей хавалі ў дварах дамоў. Няма сьпісаў усіх ахвяр», — дадаў Сяргей, супрацоўнік рытуальнай службы.

3 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў эфіры амэрыканскага тэлеканалу CBS абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду і спробе зьнішчыць «увесь народ» Украіны, калі выявілі масавыя пахаваньні цывільных жыхароў у Бучы, меркавана забітых расейскімі вайскоўцамі.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд і міжнародныя арганізацыі як мага хутчэй прыбыць у Бучу і іншыя гарады і паселішчы Кіеўскай вобласьці, каб сабраць доказы ўчыненых расейцамі ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG