Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адступленьне расейцаў з Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей, новыя сьведчаньні пра забойства цывільных. 40-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Цела забітай жанчыны ў горадзе Буча пад Кіевам, 2 сакавіка 2022 г.
Цела забітай жанчыны ў горадзе Буча пад Кіевам, 2 сакавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Бучы Кіеўскай вобласьці вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў, расстраляных расейскімі вайскоўцамі, пэўна, пры адступленьні з гораду. На 4 красавіка знайшлі больш за 300 ахвяр.
  • Раніцай 4 красавіка Расея нанесла яшчэ адзін ракетны ўдар па Мікалаеве.
  • У выніку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі разбурана больш за 13% украінскіх дарог, паведаміў «Украўтадор».
  • Уначы 3 красавіка расейцы нанесьлі авіяўдар па Адэсе, Цярнопалі.
  • Мэр Берыславу Херсонскай вобласьці выйшаў на волю пасьля расейскага палону.
  • У Мікалаеўскай вобласьці ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 134 мірныя жыхары, у тым ліку 6 дзяцей.
  • Расейскія войскі нанесьлі ўдары па Палтаве і Краменчуку.
  • Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала пералік 106 беларускіх вайскоўцаў з 38-й дэсантна-штурмавой брыгады вайсковай часткі 92616 зь Берасьця, якую нібыта спрабуюць уцягнуць у вайну з Украінай на баку Расеі.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнтаў Аўстраліі і Нідэрляндаў. Ён заклікае даць Украіне зброю. Ад пачатку расейскага ўварваньня Зяленскі ўжо зьвярнуўся да парлямэнтаў 17 краін.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.


Што адбываецца 4 красавіка

У Кіеве назвалі яшчэ адзін горад, у якім расейскія войскі мэтанакіравана зьнішчалі мясцовых жыхароў

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што яшчэ ў адным горадзе пад Кіевам — у Барадзянцы — сытуацыя з ахвярамі сярод мясцовых жыхароў яшчэ горшая, чым у Бучы.

«Мы можам прадметна гаварыць пра Кіеўскую вобласьць, таму што ўчора мы атрымалі доступ да яе. І адпрацоўваем Ірпень, Бучу, Ворзэль. Насамрэч па людзях, па ахвярах найгоршая сытуацыя ў Барадзянцы. Мяркую, што пра Барадзянку мы будзем гаварыць асобна. Там ёсьць пра што гаварыць», — сказала Ірына Венядзіктава 4 красавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Аднак яна не ўдакладніла колькасьці ахвяр сярод жыхароў Барадзянкі.

Кіеў: Польшча, Латвія, Літва і Эстонія пачынаюць працэс транспартнай ізаляцыі Беларусі і Расеі

Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны заявіла, што Польшча, Латвія, Літва і Эстонія пачынаюць працэс поўнага спыненьня транспартных перавозак з Расеяй і Беларусьсю.

«Польшча, Латвія, Літва і Эстонія ў найбліжэйшыя 48–72 гадзіны пачнуць працэс поўнай ізаляцыі ад Расеі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Мустафа Наем.

На Луганшчыне абстралялі месца раздачы гуманітарнай дапамогі. Двое валянтэраў загінулі

У горадзе Навадружаску Луганскай вобласьці расейцы зь мінамётаў абстралялі месца раздачы гуманітарнай дапамогі, двое валянтэраў — Вольга Кур’ерава і Юры Жабін — загінулі.

«Яны выдавалі гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам. Кожны дзень, нягледзячы на варожы агонь, яны прыходзілі да месца збору і забясьпечвалі людзей ежай і неабходнымі рэчамі. Так было і ўчора, пакуль не прыляцела міна. Спадарыня Вольга выратавала жыцьцё калегі, прыкрыўшы яе сабою, калі пачаўся расейскі абстрэл гораду», — паведаміў у Facebook кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Зяленскі запрасіў Мэркель і Сарказі наведаць Бучу

У сваім звароце Зяленскі пракамэнтаваў доказы забойстваў мірных жыхароў у Бучы і іншых прадмесьцях Кіева.

«Канцэнтраванае зло наведала нашу зямлю — забойцы, каты, гвалтаўнікі, марадэры, якія называюць сябе арміяй і якія заслугоўваюць толькі сьмерці пасьля таго, што яны зрабілі», — сказаў ён.

Ён таксама запрасіў былых кіраўнікоў ФРГ і Францыі Мэркель і Сарказі наведаць Бучу і «пабачыць, да чаго прывяла палітыка саступак Расеі».

Апублікавалі здымкі брацкай магілы ў Бучы

Спадарожнікавыя здымкі раскапанай на тэрыторыі царквы Андрэя Першазванага брацкай магілы зрабіла амэрыканская кампанія Maxar Technologies, паведаміла Reuters. Здымкі паказваюць 45-футавую (13,7 м) траншэю. Кампанія Maxar Technologies паведаміла, што першыя прыкметы раскопак брацкай магілы былі заўважаныя 10 сакавіка.

Брацкая магіла, раскапаная на тэрыторыі царквы Андрэя Першазванага ў Бучы пад Кіевам, 31 сакавіка
Брацкая магіла, раскапаная на тэрыторыі царквы Андрэя Першазванага ў Бучы пад Кіевам, 31 сакавіка

Відэа з вызваленай Бучы

Відэазапіс зроблены 2 красавіка карэспандэнтам Радыё Свабода, які на адным адрэзку вуліцы налічыў 8 забітых жыхароў гораду.

Вызваленьне вёскак Чарнігаўшчыны

У Чарнігаўскай вобласьці Ўзброеныя сілы Украіны вызвалілі ад расейскіх войскаў тры населеныя пункты, паведамляе апэратыўнае камандаваньне «Поўнач».

«Калычоўка, Ягаднае, Іванаўка... Гэтыя населеныя пункты Чарнігаўшчыны яшчэ доўга будуць памятаць жахі вайны, цяпер населеныя пункты вызваленыя ад фашысцкага нашэсьця. Тэрыторыя расчышчаецца і кантралюецца Ўзброенымі сіламі Ўкраіны. Гуманітарная дапамога дастаўляецца насельніцтву», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейцы пачалі актыўны адыход з Сумскай вобласьці

Старшыня Сумскай аблдзяржадміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі паведаміў, што расейскія войскі з учорашняга дня актыўна выходзяць з рэгіёну:

«На мінулым тыдні мы бачылі вялікую канцэнтрацыю расейскіх войскаў ад Белапольля да Канатопу, вакол Канатопу. Новыя калёны, яны акапаліся, тэрарызавалі вобласьць, тэрарызавалі грамады, стралялі ў мірных жыхароў, абстрэльвалі без разбору лясы, дамы, з танкаў, гранатамётаў, аўтаматаў, кулямётаў.

Але нашы Ўзброеныя сілы разам з тэрытарыяльнаю абаронаю пачалі іх ганяць па ўсім рэгіёне — мы бачылі, як шмат тэхнікі ішло ў бок Расеі, якую даганяла наша артылерыя. Яны цягнулі падбітыя танкі, падбітую бранятэхніку, і гэтае назапашваньне войскаў было зьвязана з тым, што расейцы прыкрывалі сваіх недабіткаў, якіх выганялі нашы войскі».

У акупаванай Кахоўцы расейцы разганялі мітынг за Ўкраіну

На поўдні Ўкраіны ў горадзе Кахоўцы Херсонскай вобласьці расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па мітынгу за еднасьць Украіны. Ёсьць параненыя, але дакладная іх колькасьць невядомая.

Над Прыпяцьцю зноў лунае ўкраінскі сьцяг

Украінскія вайскоўцы зноў занялі пляцоўку Чарнобыльскай АЭС, якую ад пачатку маштабнага наступу 24 лютага трымалі пад кантролем расейцы.

Авіяўдар па Адэсе

Раніцай 3 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі авіяўдар па Адэсе, частка ракет была зьбіта ўкраінскай сыстэмай супрацьпаветранай абароны, паведамілі ў мэрыі.

«Паведамляецца пра пажар у некаторых раёнах. Рэкамэндуецца зачыняць вокны і не перашкаджаць адпаведным службам выконваць сваю працу. Нагадваем, не публікуйце фота і відэа наступстваў. Чакаем афіцыйных дадзеных», — гаворыцца ў паведамленьні мэрыі ў Facebook.

Між тым у апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» дадалі, што, паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма.

У расейскім палоне застаюцца сямёра ўкраінскіх службоўцаў

Мэр гораду Берыслаў Херсонскай вобласьці Ўкраіны Аляксандар Шапавалаў вызвалены з расейскага палону. У расейскім палоне цяпер як мінімум 7 украінскіх службоўцаў. Акрамя таго, расейцы захапілі за час агрэсіі некалькіх журналістаў.

У Марыюпалі забілі літоўскага дакумэнталіста

Літоўскага дакумэнталіста Мантаса Кведаравічуса забілі 2 красавіка ў Марыюпалі пры спробе выехаць з гораду. Ён стварыў дакумэнтальны фільм пра Марыюпаль у 2016 годзе.

«З камэрай у руках, на гэтай бруднай вайне зла супраць усяго сьвету», — напісаў пра ягоную сьмерць расейскі рэжысэр Віталь Манскі. Мантасу было 45 гадоў. Ён таксама быў археолягам і антраполягам. Атрымаў ступень доктара філязофіі ў галіне сацыяльнай антрапалёгіі ў Кембрыдзкім унівэрсытэце, быў дацэнтам Віленскага ўнівэрсытэту.

На Луганшчыне аднавілі сьвятло ў 1,5 тысячы дамоў

У Луганскай вобласьці адрамантавалі паветраную лінію і зноў засілкавалі 18 падстанцый. 1248 дамоў зноў маюць электрычнасьць. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Цяпер абясточанымі застаюцца 535 трансфарматарных падстанцый, 13 населеных пунктаў часткова і 17 цалкам. Вяртаньня сьвятла чакаюць 95 938 спажыўцоў.

У вызваленай Бучы сотні забітых цывільных жыхароў

Як сказаў мэр гораду Бучы Кіеўскай вобласьці Анатоль Федарук, 280 чалавек ужо пахавалі ў брацкіх магілах. Паводле яго, вуліцы заваленыя трупамі, гэта ж пацьвярджаюць і фатаздымкі. У многіх людзей зьвязаныя рукі за сьпінай.

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі затрымалі каля 200 удзельнікаў антываенных акцый

Дзясяткі людзей затрымалі ў Маскве і Пецярбургу. У Маскве масавыя затрыманьні прайшлі ў парку Зарадзьдзе, разьмешчаным побач з Крамлём. Апазыцыйны рух «Вясна» раней анансаваў акцыю пратэсту на мосьце над ракой Масквой.

Каля ваеннага шпіталя ў Пецярбургу таксама прайшоў антываенны пікет. На журналістку выданьня «Сота» Вікторыю Арэф’еву напалі курсанты на чале з афіцэрам. Яе павалілі на зямлю і разьбілі ёй акуляры і тэлефон — піша «Сота». Пачатак нападу трапіў на відэа.

Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска

Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл. У Крамлі абяцалі разабрацца.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Як рэагуе сьвет

Макрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбныя новыя санкцыі»

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.

«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раунда санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.

Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.

Блінкен: Расейская армія не змагла дасягнуць ніводнай з сваіх мэтаў ва Ўкраіне

Гэта заявіў у эфіры NBC дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Паводле ягоных словаў, Расея мела тры мэты: падпарадкаваць Украіну, пазбавіць яе сувэрэнітэту і незалежнасьці; зацьвердзіць на тэрыторыі краіны прарасейскую ўладу; падзяліць Захад.

«Па ўсіх трох кірунках плян праваліўся. Украіна цяпер больш згуртаваная. Сувэрэнная, незалежная Ўкраіна будзе існаваць значна даўжэй, чым Уладзімір Пуцін на сцэне. Моц Расеі насамрэч моцна зьменшылася. Войска моцна адстала. Яго эканоміка хістаецца», — сказаў Блінкен.

Зяленскі на ўручэньні Grammy заклікаў музыкаў падтрымаць Украіну

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі 3 красавіка выступіў на цырымоніі ўручэньня ў Лас-Вэгасе галоўнай прэміі музычнай індустрыі ЗША Grammy і заклікаў удзельнікаў імпрэзы падтрымаць яго краіну «любым спосабам».
«Што больш супрацьлегла музыцы? Цішыня разбураных гарадоў і забітых людзей. Напоўніце цішыню сваёй музыкай. Напоўніце яе сёньня, каб расказаць нашу гісторыю. Падтрымайце нас любым чынам. Чым заўгодна, але не цішынёй», — сказаў Зяленскі.

Ён нагадаў, што «ўкраінскія музыкі носяць бронекамізэлькі замест смокінгаў, яны сьпяваюць параненым, у бальніцах, нават тым, хто іх ня чуе, але музыка прарвецца».

Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль назваў падзеі ў Бучы «разьнёй»

Мішэль напісаў у Твітэры на ангельскай і ўкраінскай мовах, што яго шакавалі кадры «зьверстваў, учыненых расейскім войскам у вызваленай Кіеўскай вобласьці».

Ён паставіў у сваім твіце хэштэг #BuchaMassacre — «Разьня ў Бучы». Мішэль запэўніў, што Эўразьвяз дапамагае Ўкраіне і няўрадавым арганізацыям сабраць неабходныя доказы для пазоваў у міжнародных судах.

Папа Францішак пра Пуціна: «Самаўладца» распальвае канфлікты дзеля нацыяналістычных інтарэсаў

Папа Рымскі Францішак у суботу ўпершыню з пачатку вайны ва Ўкраіне ўскосна скрытыкаваў расейскага прэзыдэнта, заявіўшы, што «самаўладца» распальвае канфлікты дзеля нацыяналістычных інтарэсаў.

Масква заяўляе, што распачатая ёю 24 лютага вайна ва Ўкраіне — гэта «спэцыяльная ваенная апэрацыя», накіраваная не на акупацыю тэрыторыі, а на дэмілітарызацыю і «дэнацыфікацыю» свайго суседа. Францішак ужо адкінуў гэтую тэрміналёгію, назваўшы дзеяньні Масквы вайной.

У пакет вайсковай дапамогі Пэнтагона Ўкраіне ўвойдуць ракеты з лазэрнай сыстэмай навядзеньня

Міністэрства абароны ЗША абвясьціла, што ў рамках дапамогі Ўкраіне яно вылучае яшчэ 300 мільёнаў даляраў на «падтрымку ў сфэры бясьпекі». Пакет дапамогі складаецца з ракетных сыстэмаў з лазэрнай сыстэмай навядзеньня, дронаў, боепрыпасаў, прыладаў начнога бачаньня, сыстэмаў сувязі, мэдычнага рыштунку і розных запчастак, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Гэтае рашэньне падкрэсьлівае непахісную прыхільнасьць Злучаных Штатаў захаваньню сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны і падтрымку яе гераічных намаганьняў для адбіцьця вайны, [пачатай] з выбару Расеі», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Пэнтагона Джона Кірбі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG