«Было жаданьне адрэзаць тут і правесьці чырвоную рысу для Расеі. Украіна ўжо там была, Беларусь трэба было побач паставіць. І ўжо апэрацыю немагчыма было б правесьці, калі дзьве рэспублікі былі б падмятыя пад іх. У іх тут не атрымалася», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку, які сустракаўся 31 сакавіка з губэрнатарам Пензенскай вобласьці Расеі.
«Яны зараз ходзяць і зубамі ляскаюць — не атрымалася, трэба неяк усё гэта перавярнуць. Таму санкцыі ўводзяць супраць Расеі і, шчыра кажучы, супраць Беларусі, каб Расея не абышла свае санкцыі», — дадаў Лукашэнка.
Пры гэтым прэс-служба Лукашэнкі выправіла яго цытату аб немагчымасьці правядзеньня «спэцапэрацыі» ў выпадку зьмены ўлады ў Беларусі ў 2020 годзе.
- Да праўкі: «Было жаданьне адрэзаць тут і правесьці чырвоную рысу для Расеі. Украіна ўжо там была, Беларусь трэба было побач паставіць. І ўжо апэрацыю немагчыма было б правесьці, калі дзьве рэспублікі былі б падмятыя пад іх».
- Пасля праўкі: «Было жаданьне адрэзаць тут і правесьці чырвоную рысу для Расеі. У іх не атрымалася».
Дзяржаўнае агенцтва ў цытаце Лукашэнкі пра «апэрацыю» ўдакладніла, што мова ідзе аб «расейскай спэцапэрацыі ў Данбасе».