Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не мае намеру прымаць рашэньняў, якія прывялі б да простай ваеннай канфрантацыі паміж Вашынгтонам і Масквой. Пра гэта заявіла дырэктар камунікацыяў Белага дому Кейт Бэдынгфілд, перадае «Голас Амэрыкі».
«Калі прэзыдэнт вырашае, што менавіта адправіць ва Ўкраіну, ён улічвае два моманты», — сказала яна.
Паводле Кейт Бэдынгфілд, «першае — гэта ацэнкі вайскоўцаў наконт таго, што ёсьць найбольш эфэктыўным і будзе найбольш карысным украінскім узброеным сілам».
Другі фактар, паводле прадстаўніцы Белага дому, у тым, што Байдэн «не імкнецца да простага канфлікту амэрыканскіх узброеных сілаў з расейскімі».
Як падкрэсьліла Бэдынгфілд, прэзыдэнт ЗША ня будзе прымаць такіх рашэньняў. Разам з тым прадстаўніца Белага дому падкрэсьліла, што «аб’ёмы і маштабы нададзенай ЗША Ўкраіне вайсковай дапамогі беспрэцэдэнтныя».
Белы дом таксама заявіў, што не гатовы канкрэтна прымаць рашэньняў аб гарантыях бясьпекі Украіны.
«Мы ў працэсе пастаяннага абмеркаваньня з Украінай тых спосабаў, з дапамогай якіх можам дапамагчы ім забясьпечыць сувэрэнітэт і бясьпеку. Але няма ніякіх канкрэтных дэталяў пра гарантыі бясьпекі, аб якіх я магла б гаварыць цяпер», — сказала Кейт Бэдынгфілд.
Байдэн у сераду меў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Ён заявіў, што ЗША маюць намер вылучыць Украіне $500 мільёнаў у выглядзе наўпроставай дапамогі зь бюджэту.
Байдэн запэўніў Зяленскага, што ЗША разам з хаўрусьнікамі робяць усё магчымае для аказаньня вайсковай, эканамічнай і гуманітарнай дапамогі ўкраінскаму народу, а таксама прымаюць меры, каб Расея адчула важкую цану за жорсткую агрэсію супраць Украіны.
Прэзыдэнты таксама абмеркавалі дадатковыя санкцыі і гуманітарную дапамогу Украіне, аб якіх было абвешчана на мінулым тыдні. 24 сакавіка, падчас саміту NATO ў Бруселі, Байдэн аб’явіў аб вылучэньні Украіне $1 млрд даляраў на гуманітарную дапамогу і аб гатоўнасьці ЗША прыняць 100 тысяч уцекачоў з Украіны.