Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен: ЗША ня ставяць за мэту зьмену рэжыму ў Расеі


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў аб нязьменнасьці афіцыйнай палітыкі Злучаных Штатаў і аб тым, што Вашынгтон не прытрымліваецца стратэгіі зьмены рэжыму ў Расеі ці якой-небудзь іншай краіне.

Блінкен, які знаходзіцца зь візытам у Ізраілі, пракамэнтаваў словы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна пра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, якія прагучалі напярэдадні ў Варшаве. У прамове, прысьвечанай вайне ва Ўкраіне, Байдэн сказаў: «Дзеля ўсяго сьвятога, гэты чалавек ня можа заставацца ва ўладзе». Многія камэнтатары ўспрынялі гэтыя словы як указаньне на тое, што ЗША ставяць за мэту адхіленьне Пуціна ад улады.

Паводле Блінкена, Байдэн казаў пра тое, што ў Пуціна не павінна быць улады над суседнімі краінамі, у прыватнасьці, у яго няма права на агрэсію супраць Украіны. Раней з такім самым тлумачэньнем выступіў Белы дом.

Байдэн і яго найбліжэйшыя паплечнікі падчас перадвыбарнай кампаніі і пасьля яе падкрэсьлівалі, што не выступаюць за зьмену рэжыму ў іншых краінах, адзначаючы, у прыватнасьці, нэгатыўны досьвед кампаніі ў Іраку. Гэта, аднак, не азначае адмову ад супрацьстаяньня аўтарытарным рэжымам.

У сваім выступе ў Варшаве Байдэн выступіў з рэзкай крытыкай Пуціна за развязваньне вайны ва Ўкраіне, называючы яго дыктатарам і тыранам, а таксама абвінавачваючы ў ваенных злачынствах. Ён таксама зьвярнуўся наўпрост да грамадзянаў Расеі, адзначыўшы, што ЗША ім ня вораг. Байдэн заклікаў расейцаў падумаць аб тым, што расейская дзяржава цяпер нясе Ўкраіне сьмерць і разбурэньні, і параўнаў падзеі Другой сусьветнай вайны, якія застаюцца ў памяці ў многіх жыхароў Расеі, зь цяперашнімі падзеямі ва Ўкраіне. «Гэтая вайна нявартая расейскага народу», — сказаў Байдэн. Наўпрост ён не заклікаў расейцаў да непадпарадкаваньня або нейкіх іншых дзеяньняў.

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG