Цяпер плата за пэўныя віды камунальных паслуг не спаганяецца, калі грамадзянін выехаў з пастаяннага месца жыхарства на тэрмін звыш 10 дзён запар на лячэньне і зь некаторых іншых прычынаў і папярэдне паінфармаваў аб гэтым службы ЖКГ. Цяпер гэтая норма не стасуецца «дармаедаў», якія выехалі за мяжу з 1 сакавіка 2022 году больш чым на 30 дзён запар, з выняткам выезду на лячэньне, піша Office Life.
Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) будзе да 2 дня кожнага месяца накіроўваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сьпіс ідэнтыфікацыйных нумароў грамадзян, звольненых і не прынятых на працу. У сваю чаргу міністэрства будзе перадаваць гэты сьпіс у Дзяржаўны памежны камітэт і Міністэрства падаткаў і збораў.
Памежнікам даручаецца штомесяц накіроўваць у Міністэрства працы сьпіс грамадзян, якія выехалі за мяжу больш чым на 30 дзён запар, а Міністэрству падаткаў і збораў — зьвесткі аб платніках адзінага падатку з ІП і іншых фізычных асобах, рамесьніках і грамадзянах, якія атрымліваюць даходы ад здачы кватэр і іншай нерухомасьці.
Сабраныя зьвесткі Міністэрства працы будзе перадаваць у камісіі каардынацыі работы ў спрыяньні занятасьці.
Такім чынам, эмігрантам і грамадзянам, якія рэлякаваліся зь Беларусі і ня плацяць падаткі ў краіне, давядзецца ў поўным аб’ёме аплачваць камунальныя паслугі ў пакінутых імі на радзіме кватэрах.