Літва рыхтуецца да прыняцьця тысяч грамадзян Беларусі і Расеі, якія не ўхваляюць дзеяньні сваіх уладаў і пакідаюць радзіму. Больш за ўсё сярод іх спэцыялістаў, якія працуюць у сферы ІТ, сказала міністарка эканомікі і інавацый Аўшрыне Арманайце, паведамляе Delfi.
Паводле яе слоў, вялікую ўвагу надаюць спэцыялістам з Украіны.
«Асноўнае — у Літве расьце грамада прафэсіяналаў, якія прыяжджаюць з Расеі і Беларусі, гэтыя людзі не ўхваляюць рэжымы, мы хочам сказаць, што гэтыя людзі могуць адчуваць сябе тут у бясьпецы», — сказала Арманайце.
Яна сказала, што жыхары Літвы не мусяць турбавацца ў сувязі з гэтай міграцыяй.
Некаторым зь іх, па словах Арманайце не ўдаецца адкрыць рахункі ў літоўскіх банках.
«Сытуацыя адчувальная, таму я не хачу называць назвы канкрэтных кампаній, але мы можам гаварыць аб тысячах прафэсіяналаў, якія едуць у Літву, знаходзяцца на шляху сюды», — сказала яна.
Што тычыцца ўкраінскага бізнэсу, тут сытуацыя іншая — ёсьць ільготы для людзей, якія працуюць у Літве, але плацяць падаткі ва Ўкраіне.
Паводле слоў міністаркі, ёсьць яшчэ адзін варыянт — але для гэтага трэба прыняць больш паправак да законаў — каб і тыя работнікі, у якіх няма кантракта, «хто працуе гнутка, маглі б па жаданьні плаціць падаткі ў сваёй краіне».
«Больш за тое, парлямэнт неўзабаве будзе галасаваць па пытаньні кампэнсацый на пераезд для кампаній, у якіх працуюць кваліфікаваныя спэцыялісты і якія будуць шукаць іх», — сказала міністарка.