На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць украінскія палітолягі Аляксандра Рэшмэдзілава і Яўген Магда.
Рэшмэдзілава
- Заўсёды існуе таямніца перамоваў. У публічную плашчыню трапілі камэнтар прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана і інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага.
- Украіна ня ў тым становішчы, калі яна вымушаная выконваць нейкія ўльтыматумы. Маючы пэўныя ваенныя посьпехі, Украіна гатовая прыняць нэўтралітэт, але зь цьвёрдымі міжнароднымі гарантыямі яе бясьпекі.
- Трызьненьне наконт «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі» відавочна не стаіць на парадку дня. Наконт статусу расейскай мовы Зяленскі аддае перавагу прынцыпу ўзаемнасьці — калі вы хочаце адкрыць ва Ўкраіне расейскія школы, адкрыйце ўкраінскія ў Расеі. І гэта тычыцца і іншых краінаў-суседзяў.
- Пытаньне Крыму пакуль складана абмяркоўваць. Паводле Зяленскага, трэба вярнуцца ў 23 лютага 2022 году і тады размаўляць на тэму Крыму.
- Мы адстойваем сваю зямлю. І ніхто нічога нікому не зьбіраецца дарыць. Па галасаваньні ў ААН мы бачым, як няшмат краінаў падтрымліваюць Расею.
- Кожны ўкраінец стаў ваяром у гэтай Айчыннай вайне.
- Расея выкінула ў сьметніцу ўсе міжнародныя дамоўленасьці, яна вядзе вайну не па правілах. Як заключаць дамоўленасьці з Расеяй, калі яна не выконвае ніякія дамоўленасьці, якія прынята выконваць у сьвеце?
- Рэфэрэндум можна праводзіць толькі тады, калі няма баявых дзеяньняў. Калі будуць дасягнутыя пагадненьні, варта будзе легітымізаваць іх на рэфэрэндуме воляй украінскага народу.
- Наколькі я зразумела, на рэфэрэндум прапануецца вынесьці пытаньне аб нэўтральным статусе Ўкраіны. Магчыма, будзе прапанаваная нейкая формула пра статус моваў, але на прынцыпах узаемнасьці і датычна ня толькі Расеі, але Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны і Славаччыны. І гэта могуць быць мясцовыя рэфэрэндумы, бо ў розных рэгіёнах свая моўная сытуацыя.
- Для зьняцьця санкцыяў расейцы павінны ўсьвядоміць маштаб зьверстваў, якія Расея ўчыняе ва Ўкраіне.
- Да вайны Расея казала, што пытаньне Ўкраіны будзе вырашаць з Захадам наўпрост, праз галаву Кіева. Цяпер хай Расея абмяркоўвае пытаньне санкцыяў наўпрост з Захадам. Не Ўкраіна іх уводзіла.
- Паводле апытаньняў, у Беларусі толькі 3% падтрымліваюць збройны ўдзел Беларусі ў вайне на баку Расеі.
- Магчыма, некаторыя беларусы хацелі б пачуць ад Зяленскага, што Ўкраіна вызваліць Беларусь. Даруйце, але вызваляць Беларусь павінны беларусы. У выніку вайны пэўныя працэсы павінны актывізавацца і ў Беларусі. Пэўны эфэкт даміно можа мець месца.
- Беларусам трэба вызначацца. Іншага шанцу ў іх можа і ня быць.
Магда
- Перамоўная пазыцыя Ўкраіны фармуецца посьпехамі нашых вайскоўцаў, а расейская перамоўная пазыцыя фармуецца барбарскімі абстрэламі Харкава, Марыюпалю і іншых гарадоў, пагрозамі ўжываньня хімічнай і бактэрыялягічнай зброі.
- На менскіх перамовах у лютым 2015 году крывавая мясарубка ў Дэбальцаве прымушала Ўкраіну ісьці на пэўныя саступкі. Але пасьля, незалежна ад таго, хто быў прэзыдэнтам Украіны, у Кіеве не было ніякай палітычнай волі іх рэалізоўваць. Было зразумела, што Менскія пагадненьні — гэта гангрэна, якая атруціць увесь арганізм украінскай дзяржаўнасьці.
- Санкцыі Захаду беспрэцэдэнтныя. Яны б’юць па кішэні расейцаў. Людзі ў Расеі могуць абурыцца.
- Калі Расея сёньня гаворыць пра «дэнацыфікацыю» Ўкраіны, заўтра яна заявіць пра неабходнасьць «дэнацыфікацыі» Беларусі.
- Кіраўнік расейскай дэлегацыі Мядзінскі казаў, што пытаньне санкцыяў абмяркоўваецца. Але каб пытаньне вырашыць, трэба прыцягваць да перамоваў тых, хто іх уводзіў.
- Санкцыі ўжо адчуваюць і шараговы расеец, і шараговы беларус. Ані ў кога ў сьвеце няма сумневаў, што дзякуючы высілкам спадара Лукашэнкі Беларусь ператварылася ў тылавую базу ўварваньня ва Ўкраіну.
- Беларусь ратуе ад самых жорсткіх санкцыяў тое, што беларускае войска ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
- Расеі давядзецца альбо заявіць, што яна вялікая і не баіцца санкцыяў, альбо пашыраць перамоўны фармат.
- Я лічу, што пазыцыя Ўкраіны адносна Лукашэнкі павінна быць больш жорсткая, бо ён саўдзельнік ваенных злачынстваў Расеі. Расейскія войскі ніколі б ня трапілі ў прымесьці Кіева, калі б іх не было на тэрыторыі Беларусі.
- Вайна робіць успрыняцьце сьвету чорна-белым. І беларусам — апанэнтам Лукашэнкі ня варта крыўдзіцца на грамадзян Украіны, якія кажуць, што Беларусь для нас стала варожай. Зь Беларусі ляцяць ракеты, самалёты, зь Беларусі заходзяць войскі. І гэта ва Ўкраіне ведаюць усе.
- Паводле апытаньняў сацыялягічнай групы «Рэйтынг», летась 22% украінцаў лічылі Беларусь варожай краінай, сёлета, пасьля пачатку вайны, — 84%. Але ва Ўкраіне ведаюць, што ёсьць беларускі батальён імя Каліноўскага, які цяпер уліўся ў склад украінскага войска.
- Вядома, што беларуская апазыцыя падтрымлівае Ўкраіну, у мінулыя выходныя яе дэлегацыя была ў Кіеве і ў Львове. Ва Ўкраіне, прынамсі на экспэртным узроўні, ёсьць разуменьне, што Беларусь не маналітная ў пытаньні вайны. Мы выйгралі 4 тыдні, за якія беларускія войскі не ўвайшлі ва Ўкраіну.
- Пуцін можа выставіць Лукашэнку крайнім. Падчас міграцыйнага крызісу эўрапейскія лідэры ня ўбачылі за сьпінаю Лукашэнкі Пуціна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.