Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне кампрамісаў з Расеяй будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Любы фармат кампрамісу з Расеяй будзе вынесены на рэфэрэндум ва Ўкраіне, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію тэлеканалу «Суспiльне».

Паводле яго слоў, гэта датычыцца, у прыватнасьці, гарантыяў бясьпекі і акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Крыму.

«Мы ўсё разумеем. Нас не бяруць у NATO, таму што баяцца Расеі. І нам трэба супакоіцца, сказаць: „Добра, іншыя гарантыі бясьпекі“. Ёсьць краіны NATO, якія жадаюць быць гарантамі бясьпекі, якія, на жаль, ня могуць даць нам 100% сяброўства ў Альянсе, але гатовыя зрабіць усё тое, што павінен быў бы зрабіць Альянс, калі б мы былі яго чальцамі. І я лічу, што гэта нармальны кампраміс», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што размаўляў пра неабходнасьць вынясеньня пытаньняў на рэфэрэндум з прадстаўнікамі Ўкраіны на перамовах з Расеяй.

«Я патлумачыў усім перамоўным групам; калі вы кажаце пра ўсе гэтыя зьмены, а яны могуць быць гістарычнымі, мы нікуды не пойдзем, выйдзем на рэфэрэндум. На пэўныя фарматы кампрамісаў народ павінен будзе адказаць. Але якімі яны будуць, гэта пытаньне нашай размовы і ўзаемаразуменьня паміж Украінай і Расеяй. Таму ў любым выпадку я гатовы пайсьці на ўсё, калі мой крок будзе з нашым народам», — дадаў Зяленскі.

У тым жа інтэрвію кіраўнік дзяржавы заявіў, што Ўкраіна «фізычна» ня можа задаволіць канчатковыя патрабаваньні Расеі.

«Нас усіх трэба зьнішчыць, тады іх ультыматум будзе выкананы аўтаматычна. Напрыклад, „аддайце нам Харкаў, Марыюпаль, Кіеў“. Ні харкаўчане, ні марыюпальцы, ні кіяўляне, ні прэзыдэнт — мы не можам гэтага зрабіць. І нават у акупаваных гарадах, у Мелітопалі, у Бярдзянску мы гэта бачым, калі расейцы заяжджаюць — людзі не даюць. Падымаюць свае сьцягі — людзі здымаюць. Таму я адказаў — мы можам выканаць ультыматум толькі тады, калі нас не будзе», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG