Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар Рады бясьпекі і абароны Ўкраіны: Калі хаця б адзін беларускі салдат ступіць на ўкраінскую тэрыторыю, ён будзе зьнішчаны


Аляксей Данілаў
Аляксей Данілаў

Узброеныя сілы Беларусі чакаюць сур’ёзныя наступствы, калі «бот хоць бы аднаго беларускага салдата перасячэ мяжу», заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў

Пра гэта паведамляе BPN. Паводле словаў Данілава, украінскі бок «пасылае сыгналы» беларускім вайскоўцам, а таксама іх жонкам, каб яны «не думалі ўдзельнічаць у вайне».

«Нягледзячы на тое, што з беларускага боку ідзе зараз, мы стрымліваем сябе, каб не даваць адказ. Але калі бот хаця б аднаго беларускага салдата перасячэ мяжу, ён будзе зьнішчаны», — запэўніў Данілаў.

Сакратар РНБА адзначыў, што ўкраінскае камандаваньне мае дастатковую інфармацыю аб «ваенных справах, якія вядуцца на тэрыторыі Беларусі».

«Пуцін змушае Лукашэнку прымаць такое рашэньне. А Лукашэнка, як разумны чалавек, разумее, чым гэта можа скончыцца. Гэта будзе крахам для Беларусі. Ім гэта не трэба. Беларускаму народу дык дакладна. Гэта трэба толькі Пуціну», — перакананы ён.

Данілаў папярэдзіў, што калі ў беларусаў «ёсьць жаданьне вяртацца ў чорных плястыкавых мяхах грузам 200», то ўкраінцы «ім гэта забясьпечаць» так, «як забясьпечылі гэта ўжо 14 тысячам расейцаў, якіх расейскае кіраўніцтва ня хоча забіраць» з тэрыторыі Ўкраіны.

Генштаб Узброеных сілаў Украіны 20 сакавіка паведаміў аб «прыкметах падрыхтоўкі» беларускіх войскаў да «прамога ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».

18–19 сакавіка Ўкраіну пакінула апошняя група супрацоўнікаў беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва, уключаючы амбасадара Ігара Сокала.

У сувязі з ваеннай агрэсіяй заходнія краіны ўвялі ў дачыненьні да Расеі беспрэцэдэнтныя санкцыі, у дачыненьні да Беларусі, кіраўніцтва якой лічаць саўдзельнікам Масквы, прыняты меншыя, але ўсё роўна істотныя абмежавальныя меры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG