Вывезеныя тавары могуць быць выкарыстаныя як у цывільных, так і ў ваенных мэтах, піша ў пятніцу штотыднёвік Der Spiegel. Міністар замежных спраў Украіны Дзмітры Кулеба раней заяўляў, што Ўкраіна знайшла ў расейскіх вайсковых машынах кампанэнты Bosch.
«Некалькі дзён таму наша армія канфіскавала расейскія пяхотныя машыны — і мы паглядзелі на адну з гэтых машын і ўбачылі, што адзін з асноўных кампанэнтаў, якія сілкуюць машыну, насамрэч пастаўлены кампаніяй Bosch», — сказаў Кулеба нямецкай вядоўцы Эн Уіл у нядзельнай праграме на канале ARD.
«Гэта няправільна, што Нямеччына ў апошнія гады мела шырокае абарончае супрацоўніцтва з Расеяй», — дадаў міністар.
Санкцыі Эўразьвязу абмежавалі экспарт тавараў падвойнага прызначэньня пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе. Bosch пацьвердзіў, што гэта сапраўды ягоны прадукт. Пры гэтым ён цьвердзіць, што кампанэнты не пастаўляліся непасрэдна вытворцам згаданых транспартных сродкаў.
«Bosch больш не прымае новыя заказы ад Расеі і расейскіх аўтавытворцаў на запчасткі для дылераў і майстэрняў. Мы таксама спынілі пастаўкі існуючых заказаў у Расею», — сказаў прадстаўнік кампаніі.
Фэдэральны ўрад перадаў інфармацыю аб парушэньні санкцый у сьледчыя органы і пракуратуру, паведамілі ў Мінэканомікі Нямеччыны.
Экспарт тавараў падвойнага прызначэньня доўгі час быў спрэчны, таму што кампаніям і нямецкім уладам вельмі цяжка кантраляваць яго, піша Der Spiegel. Істотнае значэньне мае супрацоўніцтва з краінамі, у якія экспартуюцца тавары, што вельмі малаверагодна ў выпадку расейскай мытні, дадае выданьне.