Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Foreign Policy: Тры сцэнары заканчэньня вайны ва Ўкраіне


Постэр з антываеннай акцыі ў Рызе, 17 сакавіка 2022
Постэр з антываеннай акцыі ў Рызе, 17 сакавіка 2022

Эстэр Тэтруашвілі, былая амэрыканская дыпляматка ў Цэнтральнай Азіі і Кітаі, у публікацыі для Foreign Policy разглядае тры сцэнары заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны.

Сцэнар першы. Абодва бакі прайграюць

Частковай паразай для Пуціна была б сытуацыя, пры якой Данецкая і Луганская вобласьці былі б прызнаныя расейскімі тэрыторыямі або аўтаномнымі акругамі, а Крым – часткай Расеі. Захаду давядзецца пагадзіцца на паступовую адмену санкцый у абмен на вывад расейскіх войскаў. Прыватныя кампаніі можна пераканаць аднавіць супрацу з Расеяй, лічыць Тэтруашвілі.

Затым Пуцін пакарае нязгодных у парлямэнце, сваім найбліжэйшым асяродзьдзі і зробіць дадатковыя захады, каб здушыць антыўрадавыя настроі. СМІ апынуцца пад цэнзурай, і Расея можа прыняць кітайскую мадэль кібэрсувэрэнітэту, каб кантраляваць паток інфармацыі ўнутры краіны. Каб прадухіліць далейшыя ахвяры, Зяленскі пагодзіцца на спыненьне агню. Гэта пакіне абедзьве краіны яшчэ з адным замарожаным канфліктам — магчыма, крыху больш гарачым, чым іншыя на межах Расеі, — але Зяленскі захавае кантроль над урадам, і Ўкраіна патэнцыйна можа далучыцца да ЭЗ.

Украіне спатрэбіцца падтрымка для аднаўленьня сваёй інфраструктуры і эканомікі, і, верагодна, адбудзецца чыстка прарасейскіх палітыкаў, грамадзян і актывістаў. Велізарны крызіс з уцекачамі таксама будзе цяжка завярнуць назад, паколькі больш за 3 мільёны ўкраінцаў уцяклі, і чакаецца, што ў бліжэйшыя тыдні зьедуць яшчэ мільёны.

Сяброўства ў NATO па-ранейшаму ня будзе на парадку дня, бо два сэпаратысцкія рэгіёны прымусяць краіны NATO ўдзельнічаць у бясконцым цыкле вайсковай дапамогі Ўкраіне, калі яна далучыцца да альянсу. Расея сыдзе, будзе цалкам ізаляваная ад міжнароднага парадку і патэнцыйна можа быць абвінавачаная ў ваенных злачынствах. Будзе сфармуляваная «дарожная мапа» нармалізацыі адносін, але пакуль незразумела, на якіх умовах. Адмена санкцыяў будзе залежаць ад запэўніваньняў Пуціна ў тым, што ён будзе паважаць сувэрэнітэт Украіны.

Сцэнар другі. Пуцін дасягае сваіх мэтаў

У выпадку, калі Расея пераможа Ўкраіну і ўсталюе дэспатычны марыянэтачны рэжым, расейскія войскі жорстка здушаць украінскія войскі і цывільнае насельніцтва, як гэта зрабіў савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў у Вугоршчыне ў 1956 годзе. Сваімі дзеяньнямі Расея працягне самаізалявацца і адновіць жалезную заслону вакол Украіны і Беларусі. Украінцы, верагодна, ніколі па-сапраўднаму не капітулявалі б перад пастаўленым Расеяй лідэрам, што прывяло б да працяглага і жорсткага супраціву.

Гледзячы на рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі ААН, якая асуджае ўварваньне Расеі, варта адзначыць тых, хто ўстрымаўся — гэта амаль усе сябры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэтыя краіны, убачыўшы посьпех Пуціна, абавязкова натхняцца і стануць саюзьнікамі Расеі ў новым шматпалярным парадку.

Пакуль Пуцін застаецца ва ўладзе, расейскія і кітайскія пляны выхаду зь некаторай эканамічнай залежнасьці ад Захаду будуць працягвацца. Сапраўды, кантроль ЗША за экспартам найважнейшых тэхналёгій, такіх як паўправаднікі, у Расею нагадвае кантроль, уведзены супраць Кітаю, і альтэрнатыўныя крыніцы паставак і самадастатковасьць аднойчы стануць для Расеі прыярытэтам.

Таксама будзе паскораны рух Расеі і Кітаю да замены грашовай гегемоніі ЗША. Яшчэ ў 2015 годзе, калі Кітай запусьціў сыстэму трансьмежавых міжбанкаўскіх плацяжоў, гэта збольшага было адказам на санкцыі Захаду ў дачыненьні да Расеі за яе ўварваньне ў Крым. Тады Кітай і Расея дамовіліся аб валютных разьліках у юанях. Вядома, рэжымы, занепакоеныя, што аднойчы яны могуць стаць ахвярай аналягічнага пакета эканамічных санкцый, будуць зацікаўленыя ў тым, каб адмовіцца ад даляра. Нарэшце, нельга забывацца, што Расея — па-ранейшаму буйны пастаўшчык нафты і газу ў Эўропу. У гэтым сцэнары энэргетычныя праблемы, магчыма, выклічуць раскол у Эўропе і падарвуць імпэт да судовага перасьледу Расеі за ваенныя злачынствы.

Сцэнар трэці. Рэвалюцыя ў Расеі

Зьмена рэжыму ў Расеі адбудзецца ў выніку палацавага перавароту ці народнага паўстаньня, бо расейскі народ і палітычная эліта адчуваюць ціск санкцый. Гэта выкліча крызіс пераемнасьці ўлады. Калі зрабіць гэта шляхам народнага паўстаньня, то Аляксей Навальны, улюбёнец расейцаў-папулістаў, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў турме, можа быць ліквідаваны да таго, як у яго зьявіцца шанец стаць лідэрам. Што да лібэралаў, то, можа, паспрабуе вярнуцца Міхаіл Хадаркоўскі, які жыве на выгнаньні ў Лёндане, — але, магчыма, у Расеі яго сустрэнуць бяз масавага энтузіязму.

Тэарэтычна, паводле Канстытуцыі, Міхаіл Мішусьцін як прэм'ер-міністар павінен заняць месца выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта, а праз тры месяцы — выбары, але такі плаўны пераход вельмі малаверагодны.

Найбольш верагодным пераемнікам стане нехта з найбліжэйшага асяродзьдзя Пуціна, але толькі пасьля крывавай барацьбы за ўладу. У бой уступяць алігархі і моцныя рэгіянальныя лідэры. Грамадзянская супольнасьць і тэхнакраты, магчыма, маглі б абʼяднацца для дасягненьня найлепшых вынікаў, але ў гэтых груп няма адзінага бачаньня Расеі. Апошні раз, калі Расея перажыла рэвалюцыю, яна была ўнутраная, а не каталізаваная звонку.

У падзеях, якія папярэднічалі распаду Савецкага Саюзу, Міхаіл Гарбачоў спрабаваў заручыцца падтрымкай свайго бліжэйшага атачэньня, перш чым яно павярнулася супраць яго ў выніку няўдалага перавароту. Аднак гэты пераварот праклаў шлях да ўлады Барысу Ельцыну, папулісцкай постаці, якая не ўваходзіла ў найбліжэйшае асяродзьдзе Гарбачова.

Расіяне, хоць, можа, і злуюцца ўсё больш на Пуціна, будуць абурацца развалам сваёй эканомікі, а паколькі апошнія два дзесяцігодзьдзі ў іх пайшлі на адраджэньне пачуцьця ідэнтычнасьці і нацыянальнага гонару, то яны, хутчэй за ўсё, зьвернуцца да моцнага папулізму і нацыяналізму, каб аднавіць яго. «Маё ўласнае дасьледаваньне іміграцыйнай палітыкі Расеі паказвае, што расейскія папулісцкія і нацыяналістычныя настроі растуць, — піша былая амэрыканская дыпляматка. — Расейская сярэдняя кляса, расчараваная абяцаньнямі заходняга капіталізму, лічыць, што іх эканамічныя праблемы ўзьнікаюць праз тое, што імігранты забіраюць іх працоўныя месцы, а групы меншасьцяў бяруць зашмат улады. У апошнія гады найбольшая пагроза пуцінскаму рэжыму паходзіць ад унутранай папулісцкай і нацыяналістычнай апазыцыі. Пуцін мусіў захоўваць вельмі тонкі балянс, часта прасоўваючы нацыяналістычную ідэнтычнасьць, якая ўключае ў сябе ня толькі славянства, але і «русский мир», у тым ліку расіян-неславянаў. У апошнія гады Пуцін выкарыстоўваў нацыяналістычную рыторыку, каб сфакусаваць непрыязнасьць расейцаў, што пацярпелі ад заходніх санкцый, на Захадзе, асабліва на Злучаных Штатах. Як бы ні выглядала Расея пасьля Пуціна, магчыма, гэта ня тая Расея, якую хацелі б бачыць заходнія дэмакратыі».

Захад павінен пачаць рабіць выбар ужо цяпер, гледзячы на будучыя магчымасьці, мяркуе былая амэрыканская дыпляматка. Яна лічыць, што «частковая параза — найбольш верагодны вынік гэтай вайны, які зьмяншае страты ўкраінцаў і кідае ратавальнае кола простым грамадзянам Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG