На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.
Карбалевіч:
- Хутчэй за ўсё, нейкі сілавы канфлікт, хутчэй за ўсё на Данбасе ці вакол Данбасу. Вялікая вайна з удзелам беларускіх войскаў усё ж малаімаверная.
- Усё, што зараз робіцца на Данбасе — эвакуацыя цывільнага насельніцтва, выбухі, абстрэлы — усё гэта робіцца для таго, каб знайсьці ваеннае рашэньне праблемы.
- Я мяркую, што вынікам будзе прызнаньне Расеяй незалежнасьці ДНР і ЛНР, і гэта прывядзе да пэўнай разрадкі напружанасьці.
- Расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі — гэта ўжо канстанта. Я мяркую, што тая групоўка, якая прыехала на вучэньні, будзе заставацца да таго часу, пакуль не адбудзецца разрадка цяперашняй напружанасьці — мірная ці ваенным шляхам.
- Рэфэрэндум будзе адбывацца пры значнай прысутнасьці на тэрыторыі краіны замежных войскаў. Гэта вельмі нагадвае крымскі рэфэрэндум 2014 году.
- Я думаю, што рэальная яўка на рэфэрэндуме будзе вельмі нізкая. Гэты рэфэрэндум нікому не цікавы і самае сьмешнае, што і ўладныя прапагандысты ўцямна не тлумачаць, навошта гэты рэфэрэндум патрэбны.
- Раней, калі Расея давала Беларусі розныя даброты, многія экспэрты пыталіся — а чым заплаціць Лукашэнка? Але высьвятлялася, што адно сваёй палітычнай ляяльнасьцю Маскве, «пацалункамі». Цяпер ролі памяняліся. Лукашэнка плаціць Расеі, і вельмі шмат — плаціць стратай вайсковага сувэрэнітэту Беларусі, дазволам на сталую расейскую вайсковую прысутнасьць. А што атрымоўвае за гэта ён? Здаецца, што толькі палітычную падтрымку.
Мацукевіч:
- Я мяркую, што Уладзімер Макей на мінулым тыдні проста ня ведаў, якія рашэньні будуць прынятыя наконт расейскіх войскаў у Беларусі. Напэўна ўжо і Лукашэнка ня ўсё ведае. Ня выключана, што рашэньне пакінуць войскі ў Беларусі было прынятае літаральна ўчора.
- Лукашэнка ехаў у Маскву за рашэньнем. У гэтых пытаньнях ад яго ўжо ня ўсё залежыць. Але ён сваімі заявамі спрабую абвастрыць сытуацыю, якая нібыта залагоджвалася. Магчыма, Лукашэнку працяг вучэньняў патрэбны падчас рэфэрэндуму, які адбудзецца на наступным тыдні.
- Зараз ужо фактычна немагчыма вывесьці расейскія войскі зь Беларусі, ёсьць гэтыя вучэбна-баявыя цэнтры, дзе на сталай аснове знаходзяцца расейскія вайскоўцы і расейскія ўзбраеньні. Шойгу анансаваў 20 вучэньняў да канца году.
- Ці азначае гэта вайну? Наўрад ці гэты інцыдэнт будзе вычарпаны мірным спосабам. Аднак я мяркую, што размова пакуль ідзе аб падвышэньні напружанасьці.
- Лукашэнка з Масквы крэдыт не прывёз, а прывёз навіну, што расейскія вайскоўцы застаюцца ў Беларусі.
- Каб Расея ўвяла ў Беларусь ядзерную зброю, павінна кардынальна памяняцца сытуацыя ў сьвеце і ў рэгіёне. Я сумняюся, што Крэмль на гэта пойдзе. Лукашэнку не даюць ніякія сур’ёзныя ўзбраеньні без расейскага кантролю. Ён і сам гэта разумее, калі просіць адкрыць новы вучэбна-баявы цэнтар зь «Іскандэрамі». Ён разумее, што інакш яму гэтыя ўзбраеньні ніяк не атрымаць.
- Эўрапейскія лідэры езьдзяць да Пуціна, як на паклон, яны курсіруюць паміж Вашынгтонам і Масквой.
- Прызнаньне незалежнасьці ДНР і ЛНР магчымае, ёсьць прэцэдэнт адносна Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Расейцы будуць спрабаваць прадставіць кожны свой крок, як адказ, рэакцыю на нешта.
- Цяпер больш за ўсіх вайны баіцца не Ўкраіна. Украіна ўжо 8 гадоў ваюе. Найбольш вайны баяцца ў некаторых эўрапейскіх краінах. І ціск, напампоўваньне напружанасьці скіраваная найперш на іх.
- Лукашэнка апошнім часам бяжыць наперадзе крамлёўскага «цягніка». Яму не падабаецца, што пытаньні Беларусі абмяркоўваюць наўпрост з Пуціным.
Што было раней
- Міністэрства абароны Беларусі разам са сваімі расейскімі калегамі падвяло вынікі вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022». Але вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі ня будзе.
- Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, падводзячы вынікі вучэньняў, заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы».
- Таксама Хрэнін заявіў, што «Захад адмаўляецца ўспрымаць пазначаныя Расеяй „чырвоныя лініі“ ў архітэктуры бясьпекі Эўропы, якія актуальныя і для беларусаў».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.