10 мільярдаў рублёў — столькі Беларусь мусіць выплаціць па даўгах сёлета, паводле Міністэрства фінансаў. Ліміт доўгу не павінен перавышаць 40% ВУП.
Мінфін вызначыў ліміты і па ўнутраным, і па замежным даўгах. Вонкавы дзярждоўг не павінен перавышаць 21,5 млрд даляраў ЗША, а ўнутраны дзярждоўг — 12,8 млрд беларускіх рублёў.
Найбольшая частка сродкаў пойдзе на пагашэньне доўгу Расеі — 3,3 млрд рублёў. Банкам Кітаю Беларусь мусіць выплаціць 1,6 млрд рублёў, Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця — 1,1 млрд рублёў.
Агулам дзярждоўг Беларусі 18,2 млрд даляраў па стане на 1 студзеня.
Ці хопіць грошай?
Асноўная частка доўгу — гэта доўг Расеі, таму Беларусь будзе дамаўляцца з Крамлём, лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Ільвіная доля там — гэта доўг Расеі. Будуць дадатковыя даўгі, пра што гаварыў Пуцін. Вялікага ціску на ўлады з боку Расеі не будзе. Ня будзе вялікага росту экспарту, ня будзе вялікай валютнай выручкі, таму трэба будзе шукаць пазыковыя рэсурсы», — кажа Яраслаў Раманчук.
Ён зазначае, што мінулы год скончыўся з грашовым запасам, таму «на абслугоўваньне доўгу хопіць».
Паводле эканаміста Дзьмітрыя Крука, Беларусь перапазычае грошы на даўгі ўжо 8 гадоў, пачынаючы з 2016 году.
«Сёлета сытуацыя падобная. З аднаго боку, сума да выплаты вышэйшая, чым летась, але летась была магчымасьць назапасіць сродкі ў дзяржавы. З другога боку, уладам бы хацелася часткова рэфінансаваць даўгі, бо ў адваротным выпадку будзе ціск на курс рубля і золатавалютныя рэзэрвы. Чыноўнікі гавораць, што хацелі б атрымаць да 3,5 млрд даляраў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Калі грошы пазычыць ня ўдасца, то вялікай праблемы ўсё адно ня будзе: рэзэрвы прасядуць на 2 мільярды даляраў, гэта непрыемна, але не крытычна. А вось два гады так пагашаць даўгі за кошт рэзэрваў ужо не атрымаецца», — кажа Дзьмітры Крук.
Ён зазначае, што праблема замежнага доўгу можа прывесьці да «шоку на фінансавым рынку», але «зараз гэтая імавернасьць невысокая».
«Калі сапраўды стане экспарт калію на некалькі месяцаў, то праблема дзярждоўгу можа стаць вельмі актуальнай», — дадае Дзьмітры Крук.
У каго Беларусь яшчэ можа пазычыць
Што да новых даўгоў, то Беларусь можа пазычыць у Расеі, а таксама ў Кітаю і арабскіх краінаў.
«Калі гэта крэдыты пад 10-12%, то ахвотнікаў пазычыць 2-3 мільярды даляраў будзе шмат», — гаворыць Яраслаў Раманчук.
На думку Дзьмітрыя Крука, у Беларусі амаль не засталося варыянтаў, дзе пазычыць грошы, апроч як у Расеі.
«Мінфінаўскія чыноўнікі заяўлялі, што хочуць выходзіць на азіяцкія рынкі, найперш на кітайскі, але там ёсьць тэхнічныя перашкоды. Можна дапусьціць, што штосьці альтэрнатыўнае можа быць, але няма фактаў, якія б гэта пацьвярджалі. Гіпатэтычна, нешта б маглі пазычыць арабскія краіны, але на сталай аснове і пад выгадныя працэнты наўрад ці ёсьць варыянты, апроч Расеі», — гаворыць Дзьмітры Крук.