Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Леў Львоўскі: Беларускі ўрад ня быў гатовы да спыненьня транзыту калію Літвой


Здабыча калійных угнаеньняў у Салігорску
Здабыча калійных угнаеньняў у Салігорску

Ва ўрадзе Беларусі сьцьвярджаюць, што нічога не страцяць ад спыненьня транзыту беларускага калію Літвой. Эканамісты кажуць адваротнае.

Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што Беларусь нічога ня страціць праз адмову Літвы ў транзыце, а наадварот, яшчэ і заробіць на штрафах і росьце коштаў.

«Мы даўно да гэтай сытуацыі рыхтаваліся, свае пастаўкі пераарыентавалі. За кошт даўжэйшага лягістычнага пляча ў РФ нашы вытворцы крыху страцілі ў маржынальнасьці, але яна будзе кампэнсаваная ростам сусьветных цэнаў. Так што мы, па сутнасьці, нічога ня страцілі, страціла эканоміка Літвы», — сказаў прэм'ер.

Паводле старшага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага, якраз дзеяньні ўладаў Беларусі кажуць, што для іх спыненьне транзыту — вялікая праблема.

«Аналітыкі чакалі, што Беларусь падрыхтуецца і знойдзе альтэрнатыўныя шляхі. Аднак, мяркуючы па заявах, яны не рыхтаваліся. Урад Беларусі дае Літве пару дзён, каб падумалі, пагражае помстай. Гэта падобна да паводзін людзей, які не былі падрыхтаваныя да таго, што Літва пойдзе на прынцып. Верагодна, разьлік быў, што Літве даражэйшая выручка іхных партоў, чым нейкія каштоўнасьці», — кажа Леў Львоўскі.

Экспарт калію зь Беларусі «ня спыніцца», але ёсьць «праблемы з расейскімі партамі».

«Калій будзе выгадна прадаваць, але пытаньне, зь якой зьніжкай Беларусь будзе яго прадаваць новым пакупнікам. Пакупнікоў можна будзе адшукаць, нягледзячы на санкцыі, але пытаньне ў зьніжцы. Таксама пытаньне, колькі Беларусь мусіць заплаціць Расеі за такую дапамогу», — задаецца пытаньнем экспэрт.

З 1 лютага Літва перастала перавозіць па сваёй тэрыторыі беларускія калійныя ўгнаеньні. Гэта быў асноўны шлях экспарту гэтай прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG