Як паведамілі сыны палітзьняволенай, перавод маці быў для іх «нечаканым і незразумелым». Тацяна Канеўская адбывала пакараньне — 6 гадоў пазбаўленьня волі — у гомельскай жаночай калёніі № 4 паводле ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Аб узмацненьні жорсткасьці ўмоў утрыманьня сваякі даведаліся толькі 11 студзеня.
Адміністрацыя калёніі адмовілася паведаміць адвакату, куды менавіта перавялі яе падабаронную. У Беларусі для жанчын гэта можа быць турма ў Жодзіне, Магілёве ці Горадні. Там зьняволеныя ня маюць магчымасьці выходзіць на працу, утрымліваюцца ў камэрах, маюць абмежаваньні на лісты, спатканьні і перадачы. Такія захады прымяняюць да «парушальнікаў правілаў унутранага ўтрыманьня» калёній.
У лістападзе 55-гадовую Тацяну Канеўскую на 20 дзён зьмяшчалі ў ШЫЗА гомельскай жаночай калёніі. У лісьце да сваёй сяброўкі яна пісала: «Была ў штрафным ізалятары, папалася гарачая пуцёўка. Спачатку на 10 дзён, потым вырашылі падоўжыць кантракт. Прычына — пры сустрэчы».
Цяпер Канеўская лечыцца, бо «застудзіла суставы, ды і хрыбетнік хворы».
«Прышчэпкі я пакуль не рабіла, бо ў мяне няма сіл змагацца нават са звычайнай прастудай: слабы імунітэт, я моцна схуднела і вельмі слабая», — напісала жанчына.
У ШЫЗА ёй паведамілі, што яна мае статус «злоснага парушальніка». Гэта мае нэгатыўныя наступствы: яе абмежавалі ў грашах на «атаварку», забаранілі спатканьне з блізкімі і перадачы.
Канеўская — адна зь лідэрак кампаніі «Маці 328», якая змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных артыкулащ Крымінальнага кодэксу. У 2020 годзе была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнцкіх выбарах. 8 жніўня 2020 году, за дзень да асноўнага галасаваньня, яе затрымалі.
У Канеўскай чатыры сыны. Малодшаму Георгію 14 гадоў. Увесну 2021 году сярэдняга сына Зьмітра пасадзілі на 3 гады за нэгатыўны камэнтар у адрас міліцыі ў тэлеграм-канале. У лістападзе-сьнежні 2021 году яе сын Аляксей адсядзеў 30 сутак за тое, што зьявіўся ў судзе, дзе быў сьведкам, у масцы з надпісам «Честные людзи». Суд палічыў гэта пікетам.