У траўні ў Гомлі пакаралі вялікімі тэрмінамі, ад 6 да 6 з паловай гадоў, давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай. Аляксандра Шабаліна, Дзьмітрыя Івашкова, Тацяну Канеўскую і Юрыя Ўласава затрымалі яшчэ да выбараў 9 жніўня 2020 году. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і плянах «захопу будынкаў».
Сьледзтва і суд прыйшлі да высновы, што чацьвёра абвінавачаных меліся захапіць зь дзясятак адміністрацыйных будынкаў у Гомлі — выканкамы, адміністрацыі раёнаў, аддзелы міліцыі.
Абскарджаньне ў абласным судзе не дало плёну. Цяпер палітвязьні ў калёніях.
- Тацьцяна Канеўская — у Гомлі (ПК-4),
- Аляксандар Шабалін — у Шклове (ПК-17),
- Дзьмітры Івашкоў — у Магілёве (ПК-15),
- Юры Ўласаў — у Наваполацку (ПК-1).
Як іхныя блізкія перажываюць цяжкі час? Што пішуць ім палітвязьні?
«Дзеці ўпершыню за больш як год убачылі тату па Viber»
Аляксандр Шабалін быў у гомельскай камандзе Сьвятланы Ціханоўскай. Затрыманы 6 жніўня 2020 году. У траўні 2021-га атрымаў 6 гадоў зьняволеньня.
Дома яго чакаюць жонка Марына і чацьвёра непаўналетніх дзяцей. Жонка мае невялікі заробак. Сабраць у школу чацьвярых дзяцей было для яе фінансава цяжка. «Дапамаглі людзі, беларусы і ня толькі. Дзякую ўсім за гэта», — кажа Марына.
Малодшай дачцэ Шабаліных 8 гадоў, сыну — 10, двайнятам, хлопчыку і дзяўчынцы — па 15.
Калі Аляксандар прыехаў у месца адбыцьця пакараньня, у Шклоў, то меў магчымасьць некалькі разоў пазваніць жонцы па тэлефоне і адзін раз — праз Viber зь відэа.
«Ён кажа, што ў яго ўсё добра. Але калі б было інакш, усё роўна Саша не сказаў бы, каб я не хвалявалася. Першы раз больш чым за год ён убачыў па Viber дзяцей, а яны — тату. І яму, і ім было складана, вядома. Эмоцыі. Але яны ўсе ў мяне малайцы — далі рады і тата, і дзеці. Заплакалі, калі скончыўся званок», — расказала Марына.
Яна дадае, што на месяц даецца 3 тэлефонныя званкі і 2 — праз Viber.
«Мая сям’я для мяне — самае дарагое»
Шэсьць гадоў судовага выраку атрымаў жыхар Гомля Дзьмітры Івашкоў. Цяпер ён у папраўчай калёніі № 15 у Магілёве. Дома яго чакае жонка Сьвятлана і 12-гадовы сын Мікіта.
«Ён у мяне вельмі моцны духам чалавек!», — кажа Сьвятлана.
Жонцы ён тэлефанаваў, але размаўлялі коратка — 5-6 хвілін. Пасьля карантыну ў зоне яго пазбавілі пасылкі і кароткачасовага спатканьня за «парушэньні». У памяшканьні зь Дзьмітрыем жывуць 10 чалавек, а ўсяго ў атрадзе 119 зьняволеных. Дзьмітры, як і іншыя «палітычныя», можа патраціць за месяц толькі 2 базавыя велічыні, у той час як звычайныя асуджаныя маюць права на 5 базавых велічынь.
У лісьце да жонкі Дзьмітры расказвае, што вельмі нудзіцца па ёй і сыну.
«Многія рэчы пераасэнсаваў за гэты час. Асноўная думка: мая сям’я для мяне — самае дарагое. Буду даваць вам зь Мікітам нашмат больш душэўнай цеплыні, любові і ўвагі», — піша ў лісьце палітвязень.
Ён паведамляў, што этап на Магілёў прайшоў «на дзіва добра», адзінай нязручнасьцю былі кайданкі. Пасьля этапу вязьні трапляюць у «карантын» — гэта асобная агароджаная тэрыторыя са сваёй казармай. Там вязьні вучаць «Правілы ўнутранага распарадку і паводзінаў», ім чытаюць лекцыі і даюць глядзець фільмы «на тэмы сацыяльнай адаптацыі і ўзаемадзеяньня паміж людзьмі».
Пасьля карантыну людзі трапляюць у атрад. Іх прызначаюць на розную працу. Дзьмітры Івашкоў заняты разгрузкай жалеза.
Тацяна Канеўская мае чатырох сыноў. Малодшаму Георгію 14 гадоў. Сярэдні сын Дзьмітры таксама асуджаны цяпер. Ён ужо пасьля арышту маці напісаў у адным з telegram-каналаў нэгатыўны камэнтар у бок міліцыі. Суд пакараў яго зьняволеньнем на 3 гады.
Дома Тацяну чакаюць муж (зь якім яны ў шлюбе больш за 36 гадоў) і два сыны, Аляксандар і Аляксей, а таксама сабакі і каты.
Тацьцяна цяпер у гомельскай жаночай калёніі. Гэта ад ейнага дому прыкладна сем кілямэтраў. Тацьцяна піша ў лістах, што ня страціла веры ў перамены, поглядаў сваіх і перакананьняў не выракаецца.
Цяпер на новым месцы — у наваполацкай калёніі — і Юры Ўласаў. Блізкія атрымалі ад яго кароткі ліст пра тое, што ён «дабраўся» да месца звальненьня.