Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Расея экстрадавала на радзіму беларуса Падлобнікава, зноў праігнараваўшы забарону Эўрапейскага суду

Расея экстрадавала на радзіму беларуса Падлобнікава, зноў праігнараваўшы забарону Эўрапейскага суду


Дзьмітры Падлобнікаў
Дзьмітры Падлобнікаў

Чарговага ўдзельніка пратэстаў выдалі беларускім уладам з Расеі. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронцам стала вядома, што Расея выдала ўладам Беларусі жлобінца Дзьмітрыя Падлобнікава. Папярэдне вядома, што ён ужо знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3, піша «Вясна».

25-гадовага затрыманага абвінавачваюць у супраціве сілавікам і спробе нанесьці ўдары супрацоўніку міліцыі падчас акцыі пратэсту ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Жлобіне. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Расеі выдаваць Падлобнікава Беларусі. Але Расея, як і ў іншых выпадках, праігнаравала рашэньне міжнароднай інстанцыі.

Адвакатка Падлобнікава сказала @mediazona_by, што ня ўпэўненая ў гэтай інфармацыі:

«Ёсьць падставы меркаваць, што супрацоўнікі [маскоўскага] СІЗА сьвядома ўводзяць у зман адносна месцазнаходжаньня майго падабароннага».

Раней Расея выслала ў Беларусь чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Аляксея Кудзіна, які падчас пратэстаў у жніўні 2020 году ў Менску адправіў у накаўт некалькі супрацоўнікаў міліцыі, якія яго затрымлівалі. Затым расейскія ўлады выслалі і затрымалі яшчэ некалькіх беларусаў на запыт уладаў у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG