Латвія з 20 сьнежня 2021 году па 15 студзеня 2022 увяла канвэнцыйную забарону на прыём да перавозкі ўсіх грузаў з усіх станцый Беларускай чыгункі ад шэрагу грузаадпраўнікаў прызначэньнем на ўсе станцыі Латвійскай чыгункі на адрас усіх грузаатрымальнікаў, а таксама на транзыт па тэрыторыі краіны, паведаміў тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».
Такім чынам, свае грузы праз Латвію ня здолеюць адправіць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот» уключна зь філіяй «Завод Хімвалакно», «Лякафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно» і «Беларуськалій».
Старшыня праўленьня прыватнай латвійскай чыгуначнай кампаніі Baltijas Expresis (якая займаецца перавозкамі грузаў у Вэнтспілскі порт і зьяўляецца другой па велічыні пасьля Латвійскіх чыгунак), Марыс Брэмзэ пацьвердзіў, што зь «Беларуськаліем» абмяркоўваліся тэхнічныя магчымасьці перавозкі калійных грузаў.
«Думаю, яны спрабуюць усе магчымыя варыянты, у тым ліку і Латвію. Мы казалі аб чыгуначных тэхналёгіях, аб тым, як ідуць справы з латвійскай чыгуначнай інфраструктурай. Я не кажу пра санкцыі, юрыдычныя нюансы, я кажу толькі пра тэхналёгіі і тэхнічныя пытаньні — так, мы кансультаваліся зь «Беларуськаліем», — сказаў Брэмзэ BNS.
Паводле яго слоў, зь беларусамі абмяркоўвалі, колькі цягнікоў могуць прайсьці праз Латвію, як прапусьціць саставы і падобнае. Аднак Брэмзэ падкрэсьліў, што Латвія зьяўляецца членам Эўразьвязу і таму прытрымліваецца санкцый. Паводле яго слоў, Вэнтспілскі порт ужо грузіў угнаеньні «Беларуськалію» і можа гэта зрабіць цяпер, але гэта будзе менш за 11 млн тон, якія «Беларуськалій» транспартуе транзытам празь Літву ў Клайпедзкі порт.
Іварас Сармуліс, старшыня праўленьня Baltijas Tranzitas Serviss, канкурэнта Baltijas Expresis, сябра назіральнай рады LGC Cargo, кажа, што перамоваў зь «Беларуськаліем» яшчэ не было.
На мінулым тыдні эстонскія СМІ заўважылі значны рост імпарту зь Беларусі. Прычым асноўныя пастаўкі прыпадаюць на нафтапрадукты. Тавары ідуць праз гэтую краіну транзытам, а перавозяцца чыгункай. І гэта нягледзячы на тое, што Эстонія сама выступала за санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. МЗС краіны сказаў, што перавозка тавараў санкцый не парушае, паколькі «перавозчыкі праверылі адпаведнасьць тавараў санкцыйным сьпісам і парушэньняў не знайшлі».
17 сьнежня стала вядома, што ў сувязі са скарачэньнем беларускіх грузаў порт у літоўскай Клайпедзе пачаў звальняць рабочых, частка грузаў зь Беларусі не прыходзіць ужо са студзеня, амаль год. Пасьля скандалу з транзытам прадукцыі «Беларуськалію» старшыня праўленьня «Літоўскай чыгункі» Кястуціс Шлюжас паведаміў аб звальненьні кіраўніка кампаніі Мантаса Бартушкі.