Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ пішуць пра скачок паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Эстонію і абход санкцый. МЗС Эстоніі: беларускі транзыт не парушае санкцый

абноўлена

Будаўнічыя работы на адрэзку нафтаправоду «Дружба» паміж Мазыром і Берасьцем, архіўнае фота, 2018
Будаўнічыя работы на адрэзку нафтаправоду «Дружба» паміж Мазыром і Берасьцем, архіўнае фота, 2018

Эстонскія СМІ заўважылі значны рост імпарту зь Беларусі. Прычым асноўныя пастаўкі прыпадаюць на нафтапрадукты. Тавары ідуць праз гэтую краіну транзытам, а перавозяцца чыгункай.

Zerkalo.io вывучыла статыстыку, ці сапраўды вырасьлі пастаўкі беларускіх тавараў у Эстонію. Аказалася, што па асобных групах рост у 30 разоў. Гэта вынікае з дадзеных статыстычнага ўпраўленьня Эстоніі.

СМІ: беларускія нафтапрадукты перавозяць эстонскія кампаніі

Незвычайны рост імпарту зь Беларусі заўважылі эстонскія СМІ. У прыватнасьці, пра гэта піша выданьне Eesti Päevaleht.

Паводле ягонай інфармацыі, беларускія нафтапрадукты ідуць праз Эстонію транзытам і перавозяцца па чыгунцы. Большасьць гэтых грузапатокаў абслугоўвае кампанія Operail, якая належыць дзяржаве.

Спасылаючыся на старшыню праўленьня гэтага транспартна-лягістычнага прадпрыемства Рауля Тоамсалу, Eesti Päevaleht піша, што заказчыкамі паслуг у гэтым выпадку выступаюць не беларускія грузаадпраўнікі, а мясцовыя кампаніі.

«Пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе заходнія краіны, у тым ліку Эўразьвяз, увялі некалькі пакетаў санкцыяў у дачыненьні да Лукашэнкі. Эстонскі ўрад таксама заўсёды падтрымліваў жорсткія санкцыі, каб адключыць так званае рэсурсазабесьпячэньне рэжыму Лукашэнкі. Аднак аб’ём бізнэсу Беларусі праз Эстонію беспрэцэдэнтны», — канстатуе Eesti Päevaleht.

Кампанія Operail тым часам дала справаздачу, што атрымала ў першым паўгодзьдзі 2021 году 2,7 мільёна эўра чыстага прыбытку, павялічыўшы яго ў паўтара раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года, што складае 1 мільён эўра.

Па асобных групах рост у 30 разоў. Дадзеныя беларускай і эстонскай статыстыкі адрозьніваюцца

Паводле зьвестак Белстату, экспарт у Эстонію за 10 месяцаў гэтага году склаў 126,6 мільёна даляраў і скараціўся на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Статыстычнае ўпраўленьне Эстоніі дае зусім іншыя лічбы. Паводле яго, імпарт беларускіх тавараў у студзені–кастрычніку дасягнуў 522 мільёнаў эўра супраць 121,4 мільёна эўра годам раней. Рост — у 4,3 раза.

Беларусь пастаўляе ў гэтую краіну больш за 400 самых разнастайных таварных пазыцый — ад станкоў і гадзіньнікаў да трыкатажу і шарыкавых асадак і алоўкаў, вынікае са зьвестак Статыстычнага ўпраўленьня Эстоніі.

Але асноўныя пастаўкі прыпадаюць на адну групу тавараў, якая ідзе пад кодам таварнай намэнклятуры замежнаэканамічнай дзейнасьці (ТН ЗЭД) 2707: «алівы і іншыя прадукты высокатэмпэратурнай перагонкі каменнавугальнай смалы; аналягічныя прадукты, у якіх маса араматычных складовых частак перавышае масу неараматычных».

Як вынікае з тлумачэньняў да ТН ЗЭД, у гэтую пазыцыю ўваходзяць бэнзол, талюол, ксылёл, нафталін. Гэта прадукты нафтаперапрацоўкі, якія выкарыстоўваюць у прамысловасьці.

Прадуктаў пад кодам ТН ЗЭД 2707 у студзені-кастрычніку Эстонія купіла ў Беларусі на 410 мільёнаў эўра. На іхную долю прыпала 78% усяго беларускага экспарту ў гэтую краіну. Летась Эстонія купіла гэтых нафтапрадуктаў у Беларусі ўсяго толькі на 13,5 мільёна эўра. Гэта значыць, рост па гэтай пазыцыі — у 30 разоў.

МЗС Эстоніі: беларускі транзыт не парушае санкцый

Міністэрства замежных спраў Эстоніі пракамэнтавала, чаму, нягледзячы на санкцыі, праз краіну ідзе транзыт беларускіх нафтапрадуктаў. Як сьцьвярджае ведамства, кампаніі, якія займаюцца пасярэдніцтвам у пастаўках нафтапрадуктаў і іншых тавараў зь Беларусі на зьнешні рынак праз Эстонію, не парушаюць санкцыяў, уведзеных у дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Калі абмежаваньні стануць больш дакладнымі або зьменяцца, іх выкананьне, вядома, трэба перагледзець», — сказала ERR.ee прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Эстоніі Крысьціна Отс.

Яна растлумачыла, што Эстонія прымяняе санкцыі, прынятыя ААН, Эўразьвязам і эстонскай дзяржавай: у адносінах да Беларусі дзейнічаюць абмежавальныя захады, уведзеныя ЭЗ для фізычных і юрыдычных асобаў, а таксама сэктаральныя санкцыі ў розных галінах, напрыклад у фінансавай сфэры.

«Рух тавараў кантралююць мытня Латвіі і Падаткова-мытны дэпартамэнт Эстоніі, а перавозчыкі тавараў праверылі адпаведнасьць тавараў санкцыйным сьпісам і парушэньняў не знайшлі», — падкрэсьліла Отс.

Паводле яе, трэба ўлічваць некаторыя дэталі і выключэньні: абмежаваньні Эўразьвязу не ўплываюць на выкананьне дамоваў, заключаных да 25 чэрвеня 2021 году, або неабходных для іх выкананьня дадатковых пагадненьняў. Калі дамовы заключаныя да гэтай даты, яны могуць працягвацца, і на такі бізнэс санкцыі не распаўсюджваюцца.

Нафтапрадукты «паднялі» экспарт

Сёлета за 10 месяцаў Эстонія таксама імпартавала зь Беларусі на 13,4 мільёна эўра нафты і нафтапрадуктаў зь бітумінозных парод (код ТН ЗЭД 2710) і на 4,4 мільёна эўра прадуктаў перапрацоўкі нафты (код ТН ЗЭД 2713 — «кокс нафтавы, бітум нафтавы і іншыя рэшткі ад перапрацоўкі нафты або нафтапрадуктаў, атрыманых зь бітумінозных парод»).

Усяго праз Эстонію за 10 месяцаў гэтага году прайшло беларускіх нафтапрадуктаў на 427,8 мільёна эўра. Як вынікае з дадзеных статыстычнага ўпраўленьня Эстоніі, гэта ў 6,4 раза больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Менавіта гэтая група тавараў «падняла» аб’ём беларускага экспарту ў Эстонію ў 4,3 раза.

Усіх астатніх тавараў Беларусь прадала на 94 мільёны эўра, што блізка да той лічбы, якая фігуруе ў беларускай статыстыцы. Артыкулы экспарту, якія падпалі пад санкцыі, Белстат засакрэціў сёлета з другога паўгодзьдзя.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG