Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект: генацыд беларускага народу праводзіўся да канца 1951 году, за яго адмаўленьне – турма


Абраз Аляксея Марачкіна «Маці Божая Курапацкая ўсіх бязьвінна расстраляных». Мітынг «Дзень памяці пра генацыд» у Курапатах, 2018
Абраз Аляксея Марачкіна «Маці Божая Курапацкая ўсіх бязьвінна расстраляных». Мітынг «Дзень памяці пра генацыд» у Курапатах, 2018

У Беларусі прапануецца прызначыць крымінальную адказнасьць за адмаўленьне генацыду беларускага народу, які працягваўся «да канца 1951 году». Пра гэта гаворыцца ў праекце закона аб генацыдзе, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Закон «накіраваны на абарону фундамэнтальных каштоўнасьцяў беларускага народу».

Дэкляруецца, што закон прымаецца ў мэтах «захаваньня памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія загінулі падчас ВАВ і ў пасьляваенны пэрыяд». Законапраект спасылаецца на Канвэнцыю аб папярэджаньні генацыду і пакараньні за яго ад 9 сьнежня 1948 году і Канвэнцыю аб непрымяняльнасьці тэрміну даўнасьці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 году.

Генацыдам беларускага народу законапраект абвяшчае «ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фармаваньнямі, у пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд злачынствы, накіраваныя на плянамернае фізычнае зьнішчэньне беларускага народу». Пад пасьляваенным разумеецца пэрыяд да 31 сьнежня 1951 году, а пад беларускім народам «савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасьляваенны пэрыяд».

Адмаўленьне генацыду прапануецца караць абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем свабоды на той жа тэрмін.

У выпадку паўторнага адмаўленьня асоба, якая ўжо была асуджаная за гэта, атрымае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Ураду краіны прадпісваецца прымаць меры для ўшанаваньня памяці ахвяр генацыду беларускага народу, а таксама для прызнаньня і асуджэньня яго на міжнародным узроўні.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка заяўляў, што дэпутаты гатовы прыняць закон адразу ў двух чытаньнях.

Законапраект ахоплівае толькі пэрыяд з 22 чэрвеня 1941 году да канца 1951 году, пры тым, што Другая сусьветная вайна закранула беларускія землі яшчэ ў 1939 годзе. Генпракуратура завяла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народу ў красавіку сёлета «у мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасьці» і заявіла, што будзе ініцыяваць выдачу злачынцаў для адкрытага суду ў Беларусі.

У красавіку генэральны пракурор Андрэй Швед непасрэдна зьвязваў зьяўленьне крымінальнай справы з палітычным крызісам.

«У ходзе расьсьледаваньня шэрагу крымінальных спраў устаноўлена, што арганізацыя і фінансаваньне названых замахаў на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі ажыцьцяўляюцца некаторымі заходнеэўрапейскімі дзяржавамі, якія маюць дачыненьне да масавага зьнішчэньня беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў у пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны час», — казаў ён.

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка казаў: «Вось мы зьбіраем матэрыялы, і мы зараз усяму сьвету прад'явім. І тым, хто нас сёньня дэмакратыі павучае, мы ім пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народу».

  • У Беларусі, дзе распрацавалі праект закону аб генацыдзе ў часы ВАВ, не даецца такой жа рэзкай ацэнкі сталінскім рэпрэсіям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG