Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
«Літоўскія і латвійскія ўлады адказалі нам нематываванай адмовай. Яна юрыдычна абсалютна не абгрунтаваная. Яны ня ставяць пад сумнеў тыя пытаньні, якія мы перад імі ў межах пагадненьня аб аказаньні прававой дапамогі паставілі. Яны проста заяўляюць, што гэтых дзеяньняў выконваць ня будуць, таму што быццам бы гэта нашкодзіць іх нацыянальным інтарэсам», — заявіў генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.
«Агульнавядома, што гэтыя дзяржавы ня ўтойваюць таго, што яны пакрываюць нацысцкіх злачынцаў. Як жывых, так і адмаўляюцца праводзіць сьледчыя дзеяньні па вызначэньні злачынстваў, якія чынілі карнікі батальёнаў СС, якія складаліся зь літоўцаў і латышоў. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што гэтыя дзяржавы з прычыны іх палітыкі, якая сёньня праводзіцца, ня будуць рабіць дзеяньні, каб выкрыць нацысцкіх злачынцаў. Мы яшчэ раз канстатуем, што гэтыя дзяржавы пакрываюць нацысцкіх злачынцаў. Гэта факт бясспрэчны, на нашую думку», — сказаў Швед.
Адносіны Беларусі зь Літвой і Латвіяй моцна сапсаваліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Гэтыя краіны не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам і асудзілі гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў. Неўзабаве пасьля гэтага Генпракуратура пачала справу аб генацыдзе супраць беларускага народу і ў часы ІІ сусьветнай вайны. З вуснаў чыноўнікаў ня раз гучалі абвінавачваньні, што літоўцы і латышы ўдзельнічалі ў карных апэрацыях супраць беларусаў падчас нямецкай акупацыі.
- Раней у Беларусі была распачатая крымінальная справа па факце «генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
- Паводле зьвестак Генпракуратуры, у гады Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі функцыянавала звыш 400 месцаў прымусовага ўтрыманьня цывільнага насельніцтва, 260 лягераў сьмерці і 170 гета, у якіх былі зьнішчаныя сама меней 1,5 мільёна чалавек.