Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт R.E.M. выпусьціў рэмікс свайго хіта ў падтрымку Радыё Свабода/ Радыё Свабодная Эўропа


Песьня R.E.M. для Радыё Свабода на аранжавым вініле
Песьня R.E.M. для Радыё Свабода на аранжавым вініле

Амэрыканскі рок-гурт R.E.M. 2 траўня выпусьціў рэмікс свайго хіта 1981 года «Радыё Свабодная Еўропа» (Radio Free Europe) — адмыслова да Сусьветнага дня свабоды прэсы. Гэты трэк будзе выкарыстаны для збору сродкаў у падтрымку Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС) пасьля таго, як Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) замарозіла грант, выдзелены Кангрэсам ЗША для фінансаваньня працы мэдыяарганізацыі.

Рэмікс зьяўляецца адной з пяці песень на новым альбоме, у які таксама ўвайшлі трэкі гурта, якія ніколі не выдаваліся. Таксама будзе выпушчаная аранжавая (у фірмовых колерах Радыё Свабода) вінілявая кружэлка абмежаванага тыражу, цішоткі і і постэры ў падтрымку РСЭ/РС.

«Гэта невялікі ўнёсак, які мы маглі б зрабіць у падтрымку свабоды слова і асабліва якаснай журналістыкі», — распавёў лідэр гурта Майкл Стайп у інтэрвію CBS Mornings.

Ён таксама запісаў відэазварот: «Будзь то музыка ці свабодная прэса — цэнзура дзе заўгодна зьяўляецца пагрозай праўдзе ўсюды. У Сусьветны дзень свабоды друку я перадаю прывітаньне адважным журналістам Radio Free Europe», — падкрэсьліў Стайп.

«Журналісты Radio Free Europe разьюшвалі дыктатараў на працягу 75 гадоў, — заўважыў сузаснавальнік гурта, басіст Майк Мілс. — Вы ведаеце, што робіце сваю працу правільна, калі нажываеце сабе такіх ворагаў. З Сусьветным днём свабоды прэсы, Radio Free Europe!».

Удзельнікі R.E.M. у 2024 годзе
Удзельнікі R.E.M. у 2024 годзе

R.E.M. запусьціў онлайн–плятформу альбома, дзе можна замовіць трэк групы ў электроннай ці іншай форме. Такім чынам будзе зробленае ахвяраваньне для РСЭ/РС, каб дапамагчы журналістам і надалей выконваць сваю місію.

«Я даўні фанат R.E.M. Для мяне іх музыка ўвасабляе сьвяткаваньне свабоды: свабоды выказваньня, тэкстаў песень, якія прымушаюць нас думаць і якія натхняюць на дзеяньні. Гэта менавіта тое, чым нашы журналісты займаюцца тут, у RFE, — інфармуюць, натхняюць і адстойваюць свабоды нашай аўдыторыі, — заўважыў у сувязі з запускам праекту прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывен Капус. — Прыемна, што нашу цяжкую працу адзначаюць надзвычай таленавітыя музыканты R.E.M.».

Чацьвёра журналістаў і аўтараў РСЭ/РС — Ігар Лосік, Ніка Новак, Уладзіслаў Есіпенка і Фарыд Мехралізада — у цяперашні час сядзяць у турмах па абвінавачваньнях, зьвязаных з працай журналістамі.

  • Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, у склад якога ўваходзіць Беларуская служба Радыё Свабода — незалежная мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт сродкаў, вылучаных Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя.
  • 14 сакавіка 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пра скарачэньне дзейнасьці сямі дзяржаўных агенцтваў, у тым ліку USAGM.
  • Усьлед за гэтым зьявілася апавяшчэньне аб спыненьні дзеяньня ўхваленага Кангрэсам ЗША гранту, які фінансуе дзейнасьць РСЭ/РС.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG