Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Лапшына зноў затрымлівалі ў аэрапорце Ерэвану на запыт уладаў Беларусі


Аляксандар Лапшын
Аляксандар Лапшын

Пра затрыманьне паведаміў сам блогер, якога раней рэжым Лукашэнкі выдаваў рэжыму Аліева. У Генэральнай пракуратуры Армэніі яму патлумачылі, што ў Менску прымяняюць тактыку «юрыдычнага тэрарызму». Гэта можа чакаць і грамадзянаў Беларусі, пагатоў падобныя выпадкі ўжо здараліся.

Блогер Аляксандар Лапшын паведаміў, што 1 траўня яго зноў затрымалі ў ерэванскім аэрапорце «Звартноц», куды ён прыляцеў. Гэта адбылося зноў, як і 21 верасьня 2024 году. Прычына — афіцыйны запыт Рэспублікі Беларусь, дзе Лапшына шукаюць за «абразу Лукашэнкі».

Неўзабаве Лапшына адпусьцілі, і ён змог ехаць у сваіх справах. А 2 траўня блогер, які мае пашпарт Ізраілю, паведаміў падрабязнасьці здарэньня.

Высьветлілася, што пасьля гэтага з блогерам зьвязалася прадстаўніца Генэральнай пракуратуры Армэніі.

«Яна растлумачыла, што такія краіны як Расея, Азэрбайджан, Узбэкістан, Беларусь і шэраг іншых дзейнічаюць супраць палітычных супернікаў мэтадам „юрыдычнага тэрарызму“. Іншымі словамі, нават разумеючы, што чалавека ўсё роўна не арыштуюць і ня выдадуць на іхны запыт, яны ўсё роўна рассылаюць запыты на яго арышт. Каб прымусіць яго нэрвавацца, баяцца і тым самым прымусіць яго спыніць крытыку рэжыму», — напісаў Лапшын.

Пры гэтым, як растлумачылі Аляксандру ў пракуратуры, кіраўніцтва гэтага ведамства мае тэхнічную магчымасьць заблякаваць паўторныя запыты ад Беларусі супраць асобна ўзятага патэнцыйна невінаватага чалавека. Тым больш, калі запыты аднолькавыя і паўтараюцца рэгулярна. Але прычына, на думку блогера, у тым, што «ніхто не жадае браць на сябе нават мінімальную адказнасьць».

Затрыманьні беларусаў на армянскай мяжы

Беларусы ўжо не аднойчы спатыкаліся з праблемамі як на паветранай, так і на сухапутнай мяжы Армэніі. У гэтай краіне пэрыядычна затрымліваюць беларусаў, калі ў базе памежнікаў паказваюцца «чырвоныя сьцяжкі». Звычайна іх празь некалькі дзён адпускаюць. Выпадкі выдачы Беларусі невядомыя. Аднак з ранейшымі затрыманьнямі былі гучныя гісторыі.

Адзін з супрацоўнікаў BySol, які пажадаў застацца ананімным дзеля бясьпекі, у размове з Свабодай агулам ня раіў беларусам ляцець у Армэнію.

2 верасьня 2024 году на турэцка-армянскай мяжы затрымалі беларуску Дзіяну Маісеенку. На радзіме ёй інкрымінуюць артыкул 342 ч.1 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), таму ў Беларусі ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў. Больш за год Маісеенка жыла ў Грузіі. Пра тое, што і на яе завялі крымінальную справу, яна ня ведала. У Армэнію яна паехала ў вандроўку, а таксама каб заадно зрабіць так званы «візаран».

Армянскія ўлады затрымалі Маісеенку. Але неўзабаве выпусьцілі. Ужо 4 верасьня Генэральная пракуратура Армэніі выдала пастанову, дзе апісваецца адсутнасьць прававых падставаў для абмежаваньняў беларусцы пры перасячэньнях мяжы. Таксама Генпракуратура Армэніі паведаміла, што абвінавачаньні супраць Дзіяны ня лічацца падставай для крымінальнага перасьледу паводле мясцовага заканадаўства.

Быў і выпадак, калі беларускаму грамадзяніну далі статус уцекача. 36-гадовага грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн, і зьмясьцілі ў турму ў Армэніі ў сакавіку 2024 году. Але 22 кастрычніка Служба міграцыі і грамадзянства МУС Армэніі прыняла рашэньне аб наданьні беларусу статусу ўцекача.

Афіцыйны запыт зь Беларусі ўтрымліваў зьвесткі, што Баландзіна на радзіме падазраюць нібыта ў растраце. Аднак адвакаты беларуса сьцьвярджалі, што мэбельніка з прафэсіі прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у пратэстах 2020 году супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ванадзорскі офіс Хэльсынкскай грамадзянскай асамблеі больш за восем месяцаў займаўся абаронай правоў Баландзіна, каб не дапусьціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь, і ў выніку справа скончылася перамогай беларуса.

Высылка зь Беларусі армянскай журналісткі

19 лютага 2025 году ў Гомельскім абласным судзе разглядалі скаргу на пастанову суду Чыгуначнага раёну Гомля датычна блогеркі Бэлы (Розы) Бабаханьян, якая акрамя армянскага, мае яшчэ і беларускае грамадзянства. Суд абвінаваціў Бабаханьян паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмізму).

Пра затрыманьне жанчыны стала вядома за некалькі дзён да паседжаньня. Ужо згаданы блогер Аляксандар Лапшын паведамляў, што яе абвінавачвалі паводле пяці крымінальных артыкулаў — «распальваньне варожасьці», «прапаганда вайны», «паклёп», «абраза прадстаўніка ўлады», «пагроза забойствам, прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў».

Хто такі блогер Лапшын і якое дачыненьне мае да Беларусі?

Блогер Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску ў ноч на 15 сьнежня 2016 году. Падставай для затрыманьня стаў запыт уладаў Азэрбайджану, якія раней абвясьцілі Лапшына ў міжнародны вышук за парушэньне закону «Аб дзяржаўнай мяжы» і Міграцыйнага кодэксу. Як паведамлялі азэрбайджанскія СМІ, гэта было зьвязана зь візытамі блогера ў Нагорны Карабах.

Імя Лапшына афіцыйны Баку ўключыў у «чорны сьпіс» у 2011 годзе. Аднак у чэрвені 2015 году, як паведамлялі азэрбайджанскія СМІ, Лапшын уяжджаў у Азэрбайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце. МЗС Ізраіля, а таксама расейскае замежнапалітычнае ведамства беспасьпяхова спрабавалі прадухіліць экстрадыцыю Лапшына ў Азэрбайджан. У Беларусі падчас зьняволеньня Лапшына дапытваў пракурор без прысутнасьці адваката, а таксама блогеру не давалі сустрэцца з жонкай.

7 лютага 2017 году Лапшына спэцыяльным рэйсам даставілі зь Менску ў Баку. Прычым рашэньне аб выдачы Лапшына Азэрбайджану падпісваў асабіста генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, якога пазьней прызначылі паслом Беларусі ў Армэніі. І гэтую пасаду ён займаў да пачатку 2025 году.

20 ліпеня 2017 году суд па цяжкіх злачынствах Баку асудзіў блогера да 3 гадоў пазбаўленьня волі за наведваньне Нагорнага Карабаху. Лапшыну былі выстаўлены абвінавачаньні ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы і закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджану. Прысуд набыў моц 14 жніўня 2017 году.

11 верасьня 2017 прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў Аляксандра Лапшына, а 14 верасьня блогера дэпартавалі ў Ізраіль. Па вяртаньні ў Ізраіль Лапшын у сваім блогу расказаў аб тым, як яго «забівалі ў бакінскай турме».

11 кастрычніка 2021 году Вялікая палата Эўрапейскага суду правоў чалавека (ЭСПЧ), адрэагаваўшы на скаргу азэрбайджанскага боку, пакінула бязь зьменаў рашэньне ЭСПЧ ад 20 траўня, у якім улады Азэрбайджану прызнаваліся вінаватымі ў незаконным арышце, катаваньнях і замаху на забойства ў бакінскай турме. Суд абавязаў Баку выплаціць ізраільцяніну грашовую кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра.

Пасьля гісторыі, якая адбылася зь ім у Беларусі, Лапшын называў рэжым Лукашэнкі «„Талібанам“ у цэнтры Эўропы».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG