Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі праз галадоўку страціў у турме каля 12 кг, паведаміў ягоны адвакат Бека Басілая, адведаўшы палітыка ў турме, перадае Interpressnews.
Паводле адваката, маральна Саакашвілі бадзёры.
«Па ім бачна, што чалавек схуднеў. Ён страціў прыблізна больш за 12 кг, наколькі я ведаю. З кожным днём ягоны стан здароўя паступова пачне пагаршацца, калі ўжо не пагоршыўся. Маральна ён бадзёры», — сказаў Басілая.
Міхэіл Саакашвілі трымае галадоўку ад 1 кастрычніка, калі яго затрымалі за незаконнае перасячэньне мяжы. Ён заявіў, што ня спыніць яе, пакуль сам ён «і людзі, арыштаваныя з-за мяне, ня будуць вызваленыя».
Саакашвілі вярнуўся ў Грузію напярэдадні муніцыпальных выбараў. Ён заклікаў грамадзянаў прыйсьці 2 кастрычніка на галасаваньне, а на наступны дзень сабрацца ў цэнтры Тбілісі.
Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, цяперашнія ўлады Грузіі абвінавачваюць яго ў
- арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году,
- уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэдзі»,
- прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі,
- арганізацыі нападу на дэпутата Валеры Гелашвілі ў 2005 годзе,
- перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні,
- растраце дзяржсродкаў у 2009–2012 гадах,
- датычнасьці да забойства Бадры Патаркацышвілі.
Саакашвілі ўжо завочна асудзілі на тры гады зьняволеньня.
У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства паводле ўказу тагачаснага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнкі і Саакашвілі разладзіліся, і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб прадстаўленьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімер Зяленскі — пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
7 траўня 2021 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе палітык адпрацаваў менш за паўгода.
Прэзыдэнтам Грузіі Саакашвілі быў з 2004 да 2013 году.