У трох рэгіёнах Расеі ад атакі дронаў пашкоджаныя прадпрыемствы і дамы
У Растове-на-Доне з прычыны падзеньня зьбітых дронаў і іх абломкаў выбітае шкло ў 14 шматпавярховіках — з аднаго зь іх эвакуавалі 68 жыхароў, паведаміў кіраўнік рэгіёну Юры Сьлюсар.
Для абаграваньня эвакуаваных падагналі аўтобусы, у ліцэі разгарнулі пункт часовага разьмяшчэньня. Пашкоджаньні таксама атрымалі прыпаркаваныя побач аўтамабілі. Пазьней Слюсар удакладніў, што ў адным з дамоў перабіла газавую трубу — яе рамонтам спэцыялісты пачнуць займацца днём. Пашкоджаныя аконныя праёмы часова закрыюць плёнкай.
У Чарткоўскім раёне Растоўскай вобласьці пашкоджаныя адміністрацыйна-побытавыя будынкі прадпрыемства. Эвакуавалі шэсьць яго работнікаў. Папярэдне, загінулых і пацярпелых няма.
Пра начны напад дронаў паведаміў і губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў. Паводле яго, абломкі бесьпілётнікаў трапілі па нафтаперагоннай станцыі ў Кумылжэнскім раёне. Пажару ня ўзьнікла, пацярпелых і пашкоджаньняў жылых аб’ектаў няма.
У Краснадарскім краі фрагмэнты зьбітых дронаў пашкодзілі дахі і вокны пяці дамоў, напісаў губэрнатар рэгіёну Веніямін Кандрацьеў. Пацярпелых няма.
Паводле Мінабароны Расеі, уначы над расейскімі рэгіёнамі зьбілі 36 бесьпілётнікаў: зь іх палову — над Растоўскай вобласьцю, 11 — над Валгаградзкай, пяць — над Белгарадзкай і два — над Краснадарскім краем. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пра начны напад дронаў і яго наступствы пакуль не паведамляў.
З ночы Ўкраіну атакавалі амаль 140 расейскіх дронаў, у Кіеве ёсьць пашкоджаньні
Сілы абароны Ўкраіны зьбілі 67 расейскіх бесьпілётнікаў, яшчэ 71 дронаў лякацыйна страчаныя, гаворыцца ў паведамленьні Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны ад 8 лютага.
Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, «з 19:30 пятніцы, 7 лютага, расейцы атакавалі Ўкраіну 139 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і бесьпілётнікамі-імітатарамі розных тыпаў па кірунках: Курск, Арол, Мілерава, Бранск, Шаталава».
Вядома, што ў выніку атакі Расеі «пацярпелі Сумская, Палтаўская, Днепрапятроўская і Кіеўская вобласьці».
«Па стане на 09:00 суботы, 8 лютага, пацьверджана зьбіцьцё 67 бесьпілётнікаў у Кіеўскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Кіраваградзкай, Віньніцкай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Запароскай, Днепрапятроўскай, Данецкай і Адэскай абласьцях. 71 варожы бесьпілётнік-імітатар лякацыйна страчаны (безь нэгатыўных наступстваў)», — адзначылі ў паветраных сілах УСУ.
У Кіеве абломкі дронаў упалі ў Дарніцкім раёне, паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка. Пашкоджаная фасадная частка жылога дома і вокны. Таксама абломкі ўпалі на аўтамабілі, пашкодзілі плот у прыватным сэктары. Абышлося без пацярпелых.
- Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць ўкраінскія рэгіёны з розных відаў узбраеньня. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы грамадзянскае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна таксама трапляюць пад абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу пра «спыненьне» ўкраінскіх нападаў і заяўляе пра зьбіцьцё ракет і дронаў над тэрыторыяй Расеі. Ёсьць разбурэньні і ахвяры.
Форум