Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі адключылі свае электрасеткі ад расейскай энэргасыстэмы, каб далучыцца да эўрапейскай. У Беларусі пракамэнтавалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 8 лютага Літва, Латвія і Эстонія адключылі свае энэргасеткі ад энэргасыстэмы IPS/UPS, якая зьвязвае Расею, Беларусь і расейскі Калінінград. На наступны дзень яны далучацца да сынхроннай сеткі кантынэнтальнай Эўропы (UCTE).

Літва стала першай з трох краінаў Балтыі, якая аддзялілася ад кантраляванай Масквой электрасеткі, паведаміў 8 лютага літоўскі дзяржаўны сеткавы апэратар Litgrid. «Я магу пацьвердзіць, што лініі электраперадачы Літвы з Калінінградам і Беларусьсю былі адключаныя ў 07:43 паводле мясцовага часу (05:43 паводле Грынвіча)», — паведаміў AFP прадстаўнік Litgrid Матас Нарэйка.

Паводле яго, Эстонія і Латвія павінны былі рушыць усьлед прыкладу Літвы да 7-ай раніцы па Грынвічы. Паводле інфармацыі парталу Delfi, апэратары сыстэмы перадачы электраэнэргіі Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) ужо прыступілі да сумеснага тэставаньня сыстэмаў у ізаляваным рэжыме.

«Цяпер мы пазбаўляем Расею магчымасьці выкарыстоўваць энэргасыстэму ў якасьці інструмэнта геапалітычнага шантажу», — заявіў AFP міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Латвія 8 лютага фізычна перакрые лінію электраперадачы, зьвязаную з Расеяй, а 9 лютага ў Вільні адбудзецца ўрачыстая цырымонія далучэньня да энэргасыстэме Заходняй Эўропы.

«Гэта апошні крок у нашай барацьбе за энэргетычную незалежнасьць. Мы нарэшце можам узяць сытуацыю ў свае рукі», — казаў раней агенцтву міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Пасьля адключэньня ад расейскай энэргасеткі краіны Балтыі будуць працаваць у так званым «ізаляваным рэжыме» каля 24 гадзінаў, каб праверыць сваю частату або ўзроўні магутнасьці, а потым інтэгруюцца ў эўрапейскую электрасетку праз Польшчу.

Улады краінаў Балтыі папярэдзілі пра патэнцыйныя рызыкі, зьвязаныя з гэтай зьменай. «Магчымыя розныя кароткатэрміновыя рызыкі, такія як кінэтычныя апэрацыі супраць крытычнай інфраструктуры, кібэратакі і кампаніі па дэзінфармацыі», — паведаміў AFP літоўскі дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі.

Польскі апэратар электрасетак PSE заявіў, што будзе выкарыстоўваць верталёты і бесьпілётнікі для патруляваньня электрасувязі зь Літвой.

У Эстоніі паліцыя і добраахвотніцкія сілы абароны будуць абслугоўваць крытычную электрычную інфраструктуру да наступных выходных з прычыны рызыкі сабатажу.

Адключэньне ад расейскай энэргасыстэмы IPS/UPS адбываецца на фоне пашкоджаньняў падводных кабэляў сувязі ў Балтыйскім моры ў апошнія месяцы. Уплывовыя заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што гэта выпадковыя здарэньні, аднак спэцслужбы і палітыкі ў краінах Балтыі не выключаюць, што гэта маглі быць дывэрсіі, да якіх датычная Расея. Масква гэта адмаўляе.

Мінэнэрга: выхад краін Балтыі не паўплываў на энэргасыстэму Беларусі

Энэргасыстэма Беларусі працягвае «стабільную і надзейную працу» пасьля выхаду краінаў Балтыі з энэргакола зь Беларусьсю и Расеяй, заяўляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі.

«8 лютага ў 10.09 адключэньнем лініі электраперадачы 330 кВ Кінгісепская — Балты № 1 завяршыліся ўсе тэхналягічныя апэрацыі па аддзяленьні Літвы, Латвіі і Эстоніі ад паралельнай працы з энэргасыстэмамі Беларусі і Расеі. Беларуская энэргасыстэма працягвае сынхронную працу з энэргасыстэмай Расейскай Фэдэрацыі ў рамках саюзнай дзяржавы», — — гаворыцца ў паведамленьні.

Ведамства заяўляе, што ўсе беларускія спажыўцы — «дзякуючы раней рэалізаванаму комплексу мераў па павышэньню ўстойлівасьці» працы энэргасыстэмы, «надзейна і бесьперабойна забясьпечваюцца электрычнай і цеплавой энэргіяй у запатрабаваных аб’ёмах».

Тым часам Мінэнэрга Расеі паведаміла, што Калінінградзкая вобласьць РФ пачала працу ў аўтаномным рэжыме. «Сёньня сумарная магутнасьць калінінградзкіх электрастанцыяў складае 1,88 ГВт, што больш як удвая перавышае пікавае энэргаспажываньне рэгіёну і дае магчымасьць у любых абставінах забясьпечыць энэргазабесьпячэньне грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

  • Для краінаў Балтыі адключэньне ад энэргасыстэмы IPS/UPS, якая зьвязвае Расею, Беларусь і расейскі Калінінград, і далучэньне да сынхроннай сеткі кантынэнтальнай Эўропы — гістарычны момант. Гэта азначае, што кіраваць сваімі пастаўкамі электраэнэргіі будуць яны, а не Масква.
  • Першапачаткова меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу. Краіны Балтыі перасталі закупляць расейскі газ і электраэнэргію пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але іх электрасеткі засталіся падлучанымі да Расеі і Беларусі. Гэта зрабіла іх залежнымі ад Масквы ў пляне стабільнага патоку электраэнэргіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG