Заканчэньне вайны можа адкрыць такія магчымасьці і для расейцаў, і для беларусаў.
Сьцісла:
- Існуе вялікая імавернасьць таго, што значная частка расейскага грамадзтва адразу пасьля вайны будзе ахоплена надзеяй і чаканьнем пераменаў — большай адкрытасьці краіны, адмены санкцыяў, лібэралізацыі. Запатрабаваным будзе вяртаньне да нармальнасьці і спакою, да большай разьняволенасьці.
- Лукашэнку, апанаванаму прагай пажыцьцёва ўтрымліваць уладу, ніякая палітычная адліга не патрэбна: ягоная мэта — як мага даўжэй захоўваць дыктатарскі рэжым у недатыкальнасьці.
- Адразу пасьля Другой сусьветнай вайны ў савецкім грамадзтве панавалі масавыя чаканьні зьмякчэньня палітычнага рэжыму — тое, што пазьней гісторыкі назавуць «дэмакратычным імпульсам вайны». Гэты імпульс адчувала і значная частка тагачаснай партыйнай намэнклятуры.
- Адгарадзіцца ад расейскага ўплыву ў сытуацыі Лукашэнкі немагчыма. І ня толькі таму, што з Крамля могуць паступаць дырэктывы, каманды ці загады. Калі дзесяцігодзьдзямі выбудоўваць адзіную з Расеяй інфармацыйную, ідэалягічную, культурную прастору, то было б дзіўна, калі б зьмена грамадзкіх настрояў ці палітычных вятроў у РФ тут жа не адбівалася на Беларусі.
Вайна ва Ўкраіне, прынамсі яе гарачая фаза, неўзабаве скончыцца: абрысы будучага замірэньня ўсё больш выразна вымалёўваюцца на даляглядзе. Нягледзячы на тое, што падстаў для ваеннага трыюмфу ніводзін з бакоў, хутчэй за ўсё, мець ня будзе, у абедзьвюх краінах большасьць людзей уздыхне з палёгкай.
У Расеі гэта яўна накладзецца на афіцыйныя сьвяткаваньні: там фінал вайны з акупацыяй чужых тэрыторый і пашырэньнем імпэрскіх межаў, відавочна, будзе пададзены як перамога РФ і Пуціна. І прапаганда будзе напампоўваць грамадзкую атмасфэру адпаведнымі настроямі. Хоць і без прапаганды гэта атмасфэра пасьля трох гадоў «зацісканьня гаек», палітычных рэпрэсій, міжнароднай ізаляцыі і страху перад прымусовай мабілізацыяй непазьбежна зьменіцца. Існуе значная імавернасьць таго, што вялізная маса людзей будзе апанаваная надзеяй і чаканьнем пераменаў да лепшага — большай адкрытасьці краіны, адмены санкцыяў, зьмякчэньня палітычнага рэжыму. Запатрабаваным будзе вяртаньне да нармальнасьці і спакою, большай разьняволенасьці. Людзі за гады вайны стаміліся ад ашалеласьці, нянавісьці і азлобленасьці. (Умоўна кажучы, ад Салаўёва, Сіманьян і Шамана: абрынутыя рэйтынгі ваяўнічай Z-прапаганды сьведчаць пра гэта). Многім зноў захочацца чуць і бачыць умоўных Галкіна, Макарэвіча і Пугачову — тых самых, вобразы якіх асацыююцца са старой добрай мінуўшчынай. Але дзе тыя Галкін, Макарэвіч і Пугачова? Абвешчаныя «іншаземнымі агентамі» і выціснутыя за мяжу.
Дэмакратычны імпульс вайны
Нешта падобнае савецкія людзі перажывалі пад канец Другой сусьветнай вайны. Мне ня раз даводзілася чуць падобныя сьведчаньні ад тых, хто засьпеў той час. Пасьля цяжкіх выпрабаваньняў і столькіх ахвяраў людзям хацелася верыць, што вось цяпер адбудуцца палітычныя зьмены, што вяртаньня да старога ня будзе, а жыцьцё стане больш свабодным. Напрыклад, многія сяляне ў той час разьлічвалі, што ўлада адменіць калгасы і дазволіць трымаць прысядзібную гаспадарку, якая пазбавіць вёску ад голаду і галечы. На большую свабоду разьлічвала творчая інтэлігенцыя, заціснутая ў абцугі жорсткай ідэалягічнай цэнзуры. Амністыі і вяртаньня ў родныя мясьціны чакалі мільёны вязьняў ГУЛАГу, ссыльных «кулакоў» ды іншых «ворагаў народу». Увогуле, у грамадзтве панавалі масавыя чаканьні зьмякчэньня палітычнага рэжыму — тое, што пазьней гісторыкі назавуць «дэмакратычным імпульсам вайны».
Гэты імпульс адчувала і значная частка тагачаснай партыйнай намэнклятуры. Дайшло да таго, што ў 1946 годзе на закрытым паседжаньні Палітбюро многія асьцярожна выказваліся пра магчымасьць дэмакратызацыі рэжыму, паступовага аслабленьня заціснутых «гаек». У прыватнасьці, прапаноўвалася скасаваць вайсковыя суды, абмежаваць ціск дзяржавы на эканоміку і грамадзян, абмежаваць уладу партыйнай намэнклятуры. Гучалі нават прапановы дапусьціць альтэрнатыўныя выбары ў краіне.
Калі ў тым жа 1946 годзе рыхтаваўся праект новай Канстытуцыі СССР, то некаторыя зь яго аўтараў-складальнікаў прапаноўвалі дапусьціць стварэньне дробных прыватных сялянскіх гаспадарак і дзейнасьць рамесьнікаў-саматужнікаў, пашырыць самастойнасьць прадпрыемстваў.
Падобныя ідэі выказваліся і пры абмеркаваньні праекту новай праграмы ВКП(б) у 1947 г.: абмежаваньне тэрміну знаходжаньня на выбарных пасадах у партыйных і савецкіх органах, вылучэньне на выбарах некалькіх кандыдатаў, адмова ад прамога ўдзелу партыйных камітэтаў розных узроўняў у кіраваньні эканомікай.
Здавалася, яшчэ крыху — і акно магчымасьцяў адчыніцца, застылы рэпрэсіўна-дыктатарскі рэжым пачне трансфармавацца ў нешта больш людзкае, павернутае тварам да чалавека. Прынамсі, відавочныя перадумовы для гэтага існавалі.
Адгарадзіцца ад расейскай адлігі
Нешта накшталт таго «дэмакратычнага імпульсу вайны» можа назірацца ў пасьляваеннай пуцінскай Расеі. Ці дасьць ён штуршок палітычным зьменам, умоўнай адлізе — пытаньне адкрытае. Але тое, што шанец на гэта зьявіцца, відавочна.
Чаго ў такім выпадку можна чакаць беларусам і Беларусі?
На першы погляд, Лукашэнку, апанаванаму прагай пажыцьцёва ўтрымліваць уладу, ніякая палітычная адліга не патрэбна: ягоная мэта — захоўваць дыктатарскі рэжым у недатыкальнасьці. І нават калі ўявіць, што ў Расеі распачаліся палітычныя зьмены, то што можа змусіць беларускага дыктатара паддавацца гэтай плыні?
Праблема для яго, аднак, у тым, што адгарадзіцца ад расейскага ўплыву ў ягонай сытуацыі ніяк не атрымаецца. І ня толькі таму, што з Крамля могуць паступаць нейкія дырэктывы, каманды ці загады. Калі дзесяцігодзьдзямі выбудоўваць адзіную з Расеяй інфармацыйную, ідэалягічную, культурную прастору, то было б дзіўна, калі б зьмена грамадзкіх настрояў ці палітычных вятроў у РФ тут жа не адбівалася на Беларусі.
З аглядкай на Маскву
Моцнае сілавое поле Расеі, у якім асуджаная існаваць Беларусь, узьнікла не пры Лукашэнку, а значна раней. Ён вымушаны быў лічыцца з гэтым і часам нават з аглядкай на Крэмль утаймоўваць уласныя дыктатарскія памкненьні, асабліва на першым часе, падчас прэзыдэнцтва Барыса Ельцына. Згадайма: аўтарытарная сутнасьць характару Лукашэнкі, ягоныя сымпатыі да дыктатарскіх практык выявіліся адразу, зь першых месяцаў прэзыдэнцтва.
Жорсткае задушэньне страйку мэтрапалітэнаўцаў, пабіцьцё апазыцыйных дэпутатаў у залі Вярхоўнага Савету, перасьлед незалежнай прэсы — усё гэта было беларускай будзённасьцю сярэдзіны 90-х гадоў. Аднак і ў тагачаснага лукашэнкаўскага аўтарытарызму існавалі пэўныя рамкі, якіх ён вымушаны быў прытрымлівацца і якія ў пэўным сэнсе задаваліся суседняй параўнальна дэмакратычнай Расеяй. Так, у тагачаснай лукашэнкаўскай Беларусі не было столькі свабоды, як у ельцынскай РФ. Але і празьмернай жорсткасьці (накшталт цяперашняй) не было таксама. Удзельнікаў апазыцыйных акцый затрымлівалі, але ня білі і не саджалі ў турмы на сталінскія тэрміны; незалежныя газэты пазбаўлялі права друкавацца ў Беларусі, але тыя знаходзілі выйсьце: друкавалі свае наклады ў расейскіх Смаленску ці Бранску і дастаўлялі на радзіму; недзяржаўным арганізацыям, апазыцыйным партыям і рухам заміналі працаваць, але не абвяшчалі іх дзейнасьць экстрэмісцкай і варожай.
Часам Лукашэнка ня ўтрымліваўся ў гэтых негалосных рамках і дазваляў сабе пэўны выклік у адрас Масквы. Але тады мог пачуць у адказ жорсткі вокрык, праігнараваць які ня мог. Так здарылася, напрыклад, у 1997 годзе, калі Лукашэнка, нягледзячы на патрабаваньні Крамля, працяглы час не выпускаў з-за кратаў журналіста Паўла Шарамета. У выніку 2 кастрычніка таго году, чарговы раз сабраўшыся ў турнэ па расейскіх рэгіёнах, Лукашэнка тры гадзіны вымушаны быў чакаць вылету ў Менскім аэрапорце: Расея закрыла для яго сваю паветраную прастору.
«Няхай ён спачатку Шарамета адпусьціць», — у той жа дзень кінуў Ельцын журналістам у адказ на адпаведнае пытаньне. І празь некалькі дзён Шарамет быў на волі.
Гарманізацыя дыктатур
Той імклівы дрэйф рэжыму ў бок таталітарызму, які адбываецца ў Беларусі, пачынаючы з 2020 году, таксама цалкам гарманізаваны з Расеяй працэс. Калі ўвесну і ўлетку 2021-га Лукашэнка раптам распачаў маштабныя палітычныя рэпрэсіі і поўную «зачыстку» ўсёй грамадзянскай супольнасьці, многім гэта здавалася нелягічным і дзіўным. Вулічная актыўнасьць на той час у Беларусі даўно сьціхла, ніякай відавочнай пагрозы для трываласьці рэжыму ацалелая апазыцыя і недзяржаўныя СМІ ня несьлі. Як высьветлілася пазьней, гэта была ўзгодненая і заахвочаная Масквой падрыхтоўка да вайны.
Наўрад ці Пуціну давялося доўга ўгаворваць Лукашэнку на «зацісканьне гаек». Паводле свайго псыхалягічнага складу той даўно быў гатовы да чагосьці падобнага. Беларускі дыктатар ня толькі з гатовасьцю ўзяўся пераймаць рэпрэсіўныя практыкі Крамля, але і ў многіх выпадках апярэдзіў саюзьніка ў маштабах, мэтадах і спосабах палітычнага перасьледу. Расейскія сілавікі дагэтуль зь цікавасьцю прыглядаюцца да досьведу саюзьніка ў выяўленьні і пакараньні ўсё новых палітычных ворагаў.
Значная колькасьць людзей у Беларусі ўспрымае гэта ўзаемнае падабенства і перайманьне як належнае. І справа тут ня толькі ў інтэграцыйных памкненьнях Лукашэнкі, які ўласнай палітыкай завёў краіну на мяжу зьнішчэньня незалежнасьці. Успрымаць капіяваньне расейскай палітыкі і грамадзкіх настрояў у Расеі як штосьці натуральнае і само сабой зразумелае — даўняя, яшчэ далукашэнкаўская завядзёнка. У пэўныя пэрыяды яна нават дапамагала, спрыяла зьменам у Беларусі. Згадайма хоць бы другую палову 80-х гадоў, пэрыяд гарбачоўскай перабудовы і галоснасьці. Кансэрватыўнае кампартыйнае кіраўніцтва БССР усяляк спрабавала супрацьстаяць палітыцы Гарбачова, трымаць беларусаў у паслушэнстве. Паводле трапнага выразу Алеся Адамовіча, Беларусь у той час нават называлі «Вандэяй перабудовы». Але стрымаць сьвежы вецер з Масквы было немагчыма: беларускае грамадзтва было ўцягнута ў адзін агульны з Расеяй палітычны вір, ахоплена падобнымі настроямі, і адгарадзіцца ад гэтага тагачасная намэнклятура на чале са Сьлюньковым-Сакаловым-Малафеевым была ня ў стане, як ні старалася.
Аналягічныя працэсы ў той пэрыяд адбывалася ва ўсім «сацыялістычным лягеры» ва Ўсходняй Эўропе. Дачыненьні Масквы з сатэлітамі выбудоўваліся такім чынам, што любыя палітычныя і грамадзкія ўзрушэньні ў мэтраполіі тут жа рэхам адгукаліся на ўскраінах імпэрыі. А хто спрабаваў рухацца супраць маскоўскага ветру, таго зьдзімала, як сьмецьце з шахматнай дошкі гісторыі. Як Гонэкера ва Ўсходняй Нямеччыне ці Чаўшэску ў Румыніі.
Калі змаўкаюць гарматы
Як вядома, пасьляваенныя чаканьні савецкіх людзей ня спраўдзіліся. Адчуўшы ў тых спадзяваньнях на лібэралізацыю небясьпеку для ўстойлівасьці ўласнай дыктатуры, Сталін аднавіў рэпрэсіі і зноў стаў закручваць гайкі — пачаліся маштабныя рэпрэсіўныя кампаніі супраць інтэлігенцыі, вайскоўцаў, лекараў.... Фортка магчымасьцяў вельмі хутка з бразгатам зачынілася. Зрэшты, сам гэты «дэмакратычны імпульс вайны» канчаткова ня зьнік. Калі праз восем гадоў дыктатар памёр, лібэралізацыі ўжо прагнулі і грамадзтва, і сама партыйная намэнклятура.
Як будзе ў пасьляваенных Расеі і Беларусі гэтым разам? Мала сумневу, што «дэмакратычны імпульс вайны» ўзьнікне і цяпер. І грамадзтва, і кіроўная кляса ўжо цяпер у значнай ступені гатовыя да перамен — хаця б да вяртаньня да той нармальнасьці, якая была да вайны. Калі сьціхаюць гарматы, людзі міжволі пачынаюць па-іншаму думаць, разважаць, глядзець на навакольны сьвет. Як толькі скончацца баявыя дзеяньні, пакрысе пачнуць адкрывацца межы, зноў запрацуюць аэрапорты, заходнія дзяржавы пачнуць выдаваць расейцам і беларусам візы, ажыве замежны гандаль, пачнуць адмяняць санкцыі. Нейкія паслабленьні і ва ўнутранай палітыцы, і на замежнапалітычным контуры ня толькі магчымыя, яны ў пэўным сэнсе непазьбежныя. З Пуціным і Лукашэнкам ці бязь іх? Адразу ці зь невялікай затрымкай у часе? Пабачым ужо ў блізкай будучыні.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум