Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі дыплямат: пасьля сьмерці Макея ўлады таемна прыцягнулі незалежных экспэртаў з Эўропы


Уладзімер Макей у 2017 годзе
Уладзімер Макей у 2017 годзе

Былы часовы павераны пасольства Польшчы ў Менску Марцін Вайцяхоўскі напісаў кнігу пра сваю працу ў Беларусі. У ёй дыплямат згадаў пра сьмерць былога міністра замежных справаў Уладзімера Макея і падзеі пасьля яе.

Паводле Вайцяхоўскага, у другой палове 2022 году Макею зрабілася складаней атрымаць доступ да «вуха Лукашэнкі», і ягоныя ідэі не праходзілі ўхваленьня.

«Магчыма, расейцы дамагаліся ягонай адстаўкі, а Лукашэнка не пайшоў на гэта толькі з прыроджанай упартасьці і нежаданьня цярпець ціск зь любога боку. Мяркуючы па ўсім, да Макея дайшла інфармацыя, што яму шукаюць замену. Напэўна, для яго гэта быў балючы ўдар. 26 лістапада, пасьля 10 гадоў на пасадзе кіраўніка МЗС, было абвешчана, што ён памёр. Прычынай сьмерці, хутчэй за ўсё, стала самагубства», — піша польскі дыплямат.

Вайцяхоўскі згадвае, што ў той час было шмат здагадак, ці была ягоная сьмерць натуральнай і ці мог такі чалавек, як ён, скончыць жыцьцё самагубствам.

«Гаварылася, што ўлады нават таемна прыцягнулі незалежных экспэртаў з Эўропы, каб праверыць, што стала прычынай сьмерці. Усе пагадзіліся, што незалежна ад таго, ці сапраўды Макей скончыў жыцьцё самагубствам, ці хтосьці яму дапамагаў, пасьля ягонага адыходу ў Беларусі лепш ня стане», — напісаў Вайцяхоўскі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 году на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра акалічнасьці і прычыны сьмерці не паведамляюць да сёньня. Макей кіраваў МЗС Беларусі 10 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG