Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінінфарм не прыходзілі дакумэнты пра закрыцьцё «КП в Беларуси»


Лягатып Міністэрства інфармацыі Беларусі
Лягатып Міністэрства інфармацыі Беларусі

Міністэрства інфармацыі Беларусі не атрымлівала дакумэнтаў на спыненьне выпуску газэты «Комсомольская правда в Беларуси». Але паабяцала разгледзець пытаньне аб блякаваньні сайта.

«У сувязі з інфармацыяй аб спыненьні працы прадстаўніцтва „Комсомольской правды“ ў Беларусі паведамляем, што ў Міністэрства інфармацыі дакумэнты на спыненьне выпуску газэты не паступалі. Разам з тым 5 кастрычніка да нас зьвярнулася ЗАТ „БелКП-Пресс“ (суб’ект гаспадараньня Рэспублікі Беларусь) з просьбай аб аднаўленьні доступу да інтэрнэт-рэсурсу www.kp.by», — адзначылі ў ведамстве.

Там удакладнілі, што ў лісьце за подпісам генэральнага дырэктара ЗАТ «БелКП-Пресс» Сяргея Янковіча ўказана, што калектыў бярэ пад увагу прававую ацэнку, дадзеную спрэчнай публікацыі, і гарантуе яе давядзеньне да работнікаў рэдакцыі з мэтай недапушчэньня ў далейшым зьяўленьня матэрыялаў, якія «парушаюць патрабаваньні заканадаўства».

У Міністэрстве інфармацыі падкрэсьлілі, што зварот будзе разгледжаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Падставай да блякаваньня сайта kp.by стала нататка пра забітага падчас штурму кватэры супрацоўніка кампаніі Epam Андрэя Зельцара. Ягоная аднаклясьніца дала нябожчыку станоўчую характарыстыку, што ўлады расцанілі як спробу «абяліць тэрарыста» — у перастрэлцы таксама загінуў і прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі.

Аўтара публікацыі Генадзя Мажэйку таксама затрымалі за «распальваньне варажнечы», цяпер журналіст у ізалятары ў Жодзіне.

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG