Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Вацлава Гавэла, сусьветны дзень настаўніка


Вацлаў Гавэл
Вацлаў Гавэл

Падзеі 5 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1733 — Саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст II Вэцін абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

1793 — Дэкрэтам Нацыянальнага канвэнту ўведзены Францускі рэспубліканскі каляндар.

1921 — У Лёндане быў заснаваны Міжнародны ПЭН-клюб.

1939 — Канец ваеннай кампаніі ў Польшчы. Польскі генэрал Францішак Клебэрг, які ў раёне Коцку вёў баі зь нямецкімі і савецкімі войскамі, капітуляваў перад немцамі.

У гэты дзень нарадзіліся

1713 — Дэні Дыдро, францускі пісьменьнік і філёзаф, адзін з аўтараў Энцыкляпэдыі, дзеяч Асьветніцтва.

Дэні Дыдро, партрэт Люі-Мішэля ван Лу
Дэні Дыдро, партрэт Люі-Мішэля ван Лу

1936 — Вацлаў Гавэл, драматург, апошні прэзыдэнт Чэхаславаччыны й першы прэзыдэнт сучаснай Чэскай Рэспублікі.

Вацлаў Гавэл з жонкай Вольгай пасьля абраньня прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, 29 сьнежня 1989
Вацлаў Гавэл з жонкай Вольгай пасьля абраньня прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, 29 сьнежня 1989

У памяці

1872 — Іосіф Гашкевіч, дыплямат, мовазнаўца, дасьледчык Японіі і Кітаю, ураджэнец Беларусі.

1937 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

Лукаш Калюга
Лукаш Калюга

«Богам дадзены талент», — сказаў пра яго ў свой час Кузьма Чорны. Высокіх ацэнак заслужыў ён і ў такога бясспрэчнага аўтарытэта, як Максім Гарэцкі. Як быццам пакепліваючы з клясыкаў, біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменьнікі» зьмясьціў пра аднаго з найталенавіцейшых нашых празаікаў даваеннага часу Лукаша Калюгу ці не найменшы трыццацірадковы артыкульчык — прынамсі, меншы за прысьвечаныя пачаткоўцам.

Надзвычай чуйны да мовы, ён яшчэ ў школе запісваў пачутыя ў родных мясьцінах словы й выразы і пасылаў іх у Інбелкульт. Першае апавяданьне Лукаш надрукаваў у васямнаццаць.

Жыцьці пісьменьнікаў тады былі неверагодна імклівыя й насычаныя — нібыта прадчуваючы блізкія трыццатыя, нехта спрэсоўваў пяць гадоў у адзін. Цягам 1928-га часопіс «Узвышша» друкаваў першую аповесьць дзевятнаццацігадовага Калюгі «Ні госьць, ні гаспадар» — пра чалавека, што перастаў адчуваць сябе сваім на сваёй жа зямлі. У наступным годзе ён ужо сябра літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша» — поплеч з самімі Кузьмой Чорным, Уладзімерам Дубоўкам, Зьмітраком Бядулем, Адамам Бабарэкам…

У 1931-м — публікацыя аповесьці «Нядоля Заблоцкіх», адметнай прыёмам гэтак званага міталягічнага рэалізму, і — адлічэньне з пэдтэхнікуму як «узвышанскага лазутчыка й пачынаючага нацдэма».

Праз два гады яго — больш як двухмэтровага волата зь зьбітым на горкі яблык тварам — ужо вялі на першы допыт.

Апынуўся Калюга ў той самай менскай турме, дзе некалі адбываў зьняволеньне малады Якуб Колас. Такая вось пераемнасьць пакаленьняў беларускіх пісьменьнікаў ды іхніх царскіх, а затым савецкіх турэмнікаў.

У пяцігадовай высылцы ва ўральскім Ірбіце Лукаш працягваў пісаць аповесьці — «Зоры вам вядомага гораду», «Дзе косьці мелюць», «Утрапеньне» — і ўзяўся за раман «Пустадомкі», ня ведаючы, але, магчыма, здагадваючыся, што яны пабачаць сьвет ажно праз доўгія дзесяцігодзьдзі.

У 1935-м яго, на высылцы, зноў арыштавалі.

Праз два гады бальшавіцкая куля падстрэліла яскравы малады талент на самым узьлёце.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 158–159.

1938 — Ян Цэханоўскі, нацыянальны дзеяч Заходняй Беларусі, пэдагог, дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі.

2011 — Стыў Джобс, амэрыканскі інжынэр і прадпрымальнік, сузаснавальнік карпарацыі Apple.

Стыў Джобс
Стыў Джобс

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG