Беларуская рада культуры ініцыявала выданьне літаральна адзінага папяровага асобніка кнігі «Тэатр шчасьлівых дзяцей», якая ўлетку выйшла толькі ў электронным фармаце. Над рэалізацыяй праекту працавалі людзі, якія сёньня жывуць у Беларусі, Аўстрыі, Нідэрляндах, Эстоніі і Польшчы.
Ананімны пераможца аўкцыёну запрапанаваў за кнігу 1250 эўра.
«Тэатр шчасьлівых дзяцей» — дзіцячая кніга, якую будзе цікава прачытаць і дарослым. Як выбрацца з пасткі, ня маючы ні тэлефона, ні зброі і знайсьці сяброў, што зьніклі? Колькі твараў у туману? Што такое гісторыя — і калі канчаецца мінуўшчына? Якую таямніцу хаваюць нашыя бацькі — і ці чуе нас Бог, калі мы маўчым? Гэтымі пытаньнямі задаюцца героі кнігі, Лявон, Анцік і Юля, нечакана апынуўшыся ў таямнічым краі, які ня знойдзеш ні ў Вікіпедыі, ні на школьных мапах.
— «Тэатр шчасьлівых дзяцей» — гэта ня проста кніга, гэта акт майго мастацкага, літаратурнага супраціву. Я называю яе «беларускім фэнтэзі з элемэнтамі палітычнага трылеру». Спадзяюся, яна дапаможа чытачам ацалець у вусьцішнай казцы, у якую ператварылася беларуская рэальнасьць, а яшчэ дасьць надзею і прымусіць задумацца пра тое, чаму мы апынуліся ў такім пункце нашай гісторыі, і як тое, што адбываецца ў Беларусі, адгукнецца ў будучыні. Але перадусім «Тэатр шчасьлівых дзяцей» — гэта літаратурны твор, і мне хочацца верыць, што ён захапляе і прымушае суперажываць героям. Суперажываньне для нас цяпер — гэта самая вялікая каштоўнасьць, — сказаў Альгерд Бахарэвіч з нагоды ўдзелу ў дабрачынным аўкцыёне.
Кніга была надрукавана адмыслова для гэтага аўкцыёну на эўрапейскай паперы найвышэйшага гатунку. Цьвёрдая вокладка, 220 старонак, аздобіла выданьне мастачка Кацярына Дубовік.
Усе сродкі, атрыманыя ад продажу лота, будуць накіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных дзеячоў культуры.