Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча выйшлі адразу ў электронным варыянце


Альгерд Бахарэвіч, архіўнае фота
Альгерд Бахарэвіч, архіўнае фота

Альгерд Бахарэвіч паведаміў аб выхадзе ў электронным фармаце адразу дзьвюх сваіх новых кніг: дзіцячай «Тэатар шчасьлівых дзяцей» і раману-прыпавесьці «Плошча Перамогі».

Абедзьве кнігі рэдагаваў супрацоўнік Свабоды Сяргей Шупа.

«Для мне гэта штосьці зусім новае — выступаць у ролі электроннага аўтара. Таму хвалююся — і спадзяюся, што рашэньне маё было правільнае», — напісаў у фэйсбуку Бахарэвіч.

Бахарэвіч з шкадаваньнем кажа пра публікацыю кніг адразу ў інтэрнэце. Ён хацеў бы, каб яны выйшлі традыцыйна на паперы «ў найлепшым выдавецтве» і «прадаваліся б у добрых кнігарнях», і спадзяецца, што так станецца «ў іншай Беларусі».

«Тэатар шчасьлівых дзяцей» — гэта беларускае фэнтэзі з элемэнтамі палітычнага трылеру. Дзіцячая кніга, якую, спадзяецца аўтар, будзе цікава прачытаць і дарослым.

«Плошча Перамогі» — раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным, а насамрэч выводзіць чытача са свайго «ніколі і нідзе» наўпрост у ХХІ стагодзьдзе зь ягоным новым успрыманьнем праўды, хлусьні, інфармацыі і ўлады. А адначасова — у тую Беларусь, што адчула нарэшце подых Вялікай Гісторыі. Так апісаў свае кнігі Альгерд Бахарэвіч.

Пачытаць фрагмэнты гэтых кніг, а таксама купіць іх можна на сайце найбуйнейшага ў Расеі прадаўца электронных кніг «ЛитРес». Там жа прадаюцца яшчэ дзьве кнігі Бахарэвіча ў расейскім перакладзе: «Собаки Европы» і «Белая муха, убийца мужчин».

Альгерду Бахарэвічу 46 гадоў. Ён аўтар 20 кніг і ляўрэат чатырох літаратурных прэмій. Пры канцы 2020 году зьехаў з жонкай у Аўстрыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG