Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта чыстая літаратура і акт майго творчага супраціву». Размова з Альгердам Бахарэвічам


Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай
Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай

Нядаўна Альгерд Бахарэвіч апублікаваў у выдавецтве «Электронная кнігарня» дзьве электронныя кнігі, «Плошча Перамогі» і «Тэатр шчасьлівых дзяцей». Свабода пагаварыла зь пісьменьнікам, спрабуючы высьветліць некаторыя пытаньні, зьвязаныя з фарматам, жанрам і тэматыкай ягоных кніг.

— Як ты ставісься да электронных выданьняў? Любіш чытаць з чыталкі, ці ўсё ж папяровая кніга лепей?

— Я з аднолькавым задавальненьнем чытаю і папяровыя, і электронныя кнігі. У іх розная эстэтыка, розны настрой, розная функцыянальнасьць, але галоўнае ўсё ж: сам тэкст… Калі ён напраўду цікавы, ты вельмі хутка забываеш пра фармат. Вядома, часам хочацца трымаць у руках прыгожы папяровы том, яго прыемна проста мець, бачыць яго на паліцы, адчуваць у руцэ, выцягваць з заплечніка. Але і электронная кніга — зусім не бяздушнае стварэньне. Адбіткі пальцаў на ёй, усялякія драпінкі і плямкі — таксама знакі нейкай тваёй, вельмі асабістай гісторыі.

Я маю старую электронную чыталку, Sony Reader 2007 году. Атрымаў яе неяк у падарунак, яна дагэтуль працуе без нараканьняў. Часам я купляю электронныя кнігі (дакладней, іх на маю просьбу купляе Юля), часам пампую кніжкі на пірацкіх сайтах, усё як у людзей… Вядома, электронная чыталка зручнейшая. І з гадамі ты пачынаеш усё больш цаніць яе перавагі: магчымасьць выбіраць шрыфт. Чатырнаццаць гадоў таму, калі ў мяне зьявілася гэтая самая Sony, я спакойна чытаў дробныя літары, а цяпер вочы патрабуюць самых буйных. Вага, вядома, таксама мае значэньне…

Пакідаючы разам зь Юляй Беларусь у канцы 2020-га, я ўзяў зь бібліятэкі толькі некалькі асобнікаў сваіх апошніх кніг, бо трэба мець іх на выступах, ды яшчэ беларускага «Ўліса». А раней паўсюль цягаў з сабой чатырохтомнік Набокава.

А вось як аўтар я сёлета ўпершыню выдаў дзьве кнігі — «Тэатр шчасьлівых дзяцей» і «Плошчу Перамогі» — у выключна электронным фармаце. Для мяне гэта зусім новы досьвед. Вядома, гэтае рашэньне было вымушанае, я прызвычаены выдавацца на паперы, у добрым афармленьні і ў добрых выдавецтвах. Але гісторыя з «Сабакамі Эўропы» прымусіла задумацца пра тое, як апублікаваць свае новыя кнігі і ня трапіць у тую самую пастку, не паставіць пад удар іншых людзей. Усё ж электронная кніга пакуль што, як мне здаецца, недасяжная здабыча для ўсялякіх дзіўных «камісій». Да іх цяжэй дабрацца і практычна немагчыма арыштаваць і канфіскаваць. Як паказвае час, гэта было правільнае рашэньне.

— Дзеяньне «Плошчы Перамогі» адбываецца ў нейкім нявызначаным часе і нявызначаным месцы. Але з усіх куткоў аповеду выглядае сучасная Беларусь, хоць і нялёгка падаць празрыстыя і дакладныя паралелі паміж кніжнай краінай Лёксы Шпуля і РБ. Скажы, чаму практычна ўсе твае кнігі пра Беларусь падаюць рэчаіснасьць у нейкім «скасабочаным», «дэфармаваным» ці «іншасказальным» выглядзе? І «Сарока на шыбеніцы» зь яе віртуальнымі канцэнтрацыйнымі лягерамі, і «Сабакі Эўропы» зь Белымі Росамі ў непраходных лясах ці «сьмецьцевай Крывіяй» на акіяне, і «Белае муха» з «краінай замкаў», і «Апошняя кніга пана, А». зь матывам касьмічных уцёкаў, і нават «Шабаны» зь «дзіркай у іншасьвет»… Чаму табе не напісаць кнігу пра беларускае жыцьцё «як яно ёсьць», пра рабацягаў на заводзе і даярак у аграгарадках, для якіх, як мне думаецца, рэчаіснасьць у краіне выглядае зусім іначай, чым для тваіх герояў?

— Ты ж ведаеш, я напісаў шмат кніжак. І ўсе яны вельмі розныя, іх аб’ядноўваюць толькі стыль і асоба галоўнага героя, які вечна кудысьці ўцякае. Адзінае, за што я пакуль што ня браўся, гэта п’еса… Ня тое каб я з табой зусім ня згодны (я маю на ўвазе «дэфармаванасьць» і «скасабочанасьць»), не: усё гэта ў маіх кнігах сапраўды ёсьць. Бо мне цікавыя такія рэчы, як дэфармацыя, дэградацыя, дэкаданс, мяне хвалююць гніеньне і страх, хвалююць паталёгіі, мяне цікавіць ненармальнасьць. Я люблю ісьці па крывых сьцежках і думаць пра тое, куды яны маглі б прывесьці, калі знайсьці ў сабе сілы ня збочваць.

Каб пісаць пра рэальнае жыцьцё рэальных людзей, трэба яго добра ведаць і шчыра ім цікавіцца. Я не магу сказаць, што я зь ім не знаёмы. Усё ж я некалі працаваў карэспандэнтам заводзкай газэты, а потым добра паезьдзіў па Беларусі разам зь Юляй. І ў Менску я жыў у самых беспраглядных раёнах, а не ў вілах і не ў гатэлях са швайцарамі. Індустрыйныя Шабаны, чэзлы Зялёны Луг, вечна п’яная Масюкоўшчына… Усё гэта я ведаю, ведаю, як жывуць так званыя простыя людзі, што думаюць, як размаўляюць і зь якімі дэманамі змагаюцца. І як хочуць быць шчасьлівымі.

У мяне ёсьць кніга «Мае дзевяностыя» — аўтабіяграфічны раман, як называюць яго чытачы, хоць ад пачатку пісаў я зусім не раман… Відаць, гэтую кнігу і праўда можна аднесьці да жанру аўтафікшн. І яна якраз пра рэальных людзей, часам вельмі далёкіх ад мастацтва, людзей, якіх я ведаў і зрабіў сваімі героямі. І пра тое, як я спрабаваў суіснаваць разам зь імі. Увосень мусіць выйсьці працяг гэтай кнігі — «Хлопчык і сьнег» пра маё позьнесавецкае дзяцінства.

Ці існуе яно наогул, «жыцьцё як яно ёсьць»? Ці ёсьць задачай літаратуры яго апісаньне? І ці варта яго супрацьпастаўляць жыцьцю літаратурнаму, рэальнасьці антыўтопій? Пісьменьнік жыве побач з сваімі пэрсанажамі. І пісьменьніку ў Беларусі почасту жывецца горш… Рэальнасьць маіх раманаў заўсёды нараджалася з жывога кантакту зь людзьмі. Беларусы ж і жывуць так, нібы вязьні нейкага страшнага, прыдуманага хворым аўтарам тэксту. Крывая, вусьцішная рэчаіснасьць, абсурд і злосны сьмех на кожным кроку.

Якой яшчэ мусіць быць літаратура, народжаная тут? У сваіх кнігах я спрабую асэнсаваць тое, што бачу, зазірнуць у будучыню і знайсьці нейкія схаваныя брамы, якія могуць нас уратаваць. Нават у дэпрэсіўным менскім жыцьці заўсёды былі і ёсьць свая прыгажосьць і свая змрочная магія.

— «Плошча Перамогі», як на мой густ, адна з тваіх найбольш змрочных і пэсымістычных кнігаў. Ты сабе выбраў героя з народу, але народ гэты ў цябе выглядае хутчэй як бязмозгі, недальнабачны натоўп, якому толькі каб паесьці, папіць і павесяліцца. Зь іншага боку, нам кажуць, што беларуская рэвалюцыя 2020 году нарэшце закончыла ператварэньне народу ў нацыю. Ты з гэтым згодны? Што ты ўяўляеш сабе, калі чуеш выраз «беларускі народ»?

Альгерд Бахарэвіч працуе над «Плошчай Перамогі», Грац, 2021, карціна Кацярыны Дубовік
Альгерд Бахарэвіч працуе над «Плошчай Перамогі», Грац, 2021, карціна Кацярыны Дубовік

— Я нездарма назваў «Плошчу Перамогі» раманам-прыпавесьцю. Месца і час у прыпавесьці не такія важныя. Менавіта таму дзеяньне «Плошчы Перамогі» адбываецца «ніколі і нідзе». Можа, у Беларусі першай паловы 21 стагодзьдзя. А можа, і на іншай плянэце. Мне было цікава напісаць кнігу не пра людзей як такіх, не пра іх характары, мары і слабасьці, але пра, так бы мовіць, канфлікт калектыўнай сьвядомасьці і інфармацыі, пра маніпуляцыі сьвядомасьцю, пра ўзаемадачыненьні «ўлады» і «народу».

Я згодны з тым, што беларуская рэвалюцыя ператварыла беларускі народ у нацыю. Я быў жывым сьведкам і непасрэдным удзельнікам падзей жніўня і восені 2020-га ў Менску, я бачыў, як на маіх вачах і пры маім удзеле адбываецца наша рэвалюцыя годнасьці. Людзі адчулі сябе Людзьмі. Грамадзянамі, эўрапейцамі, вартымі павагі. Беларусамі — са сваёй мовай і культурай, з жаданьнем жыць і будаваць сваё дзеля будучыні. Прыгожымі, разумнымі, працавітымі людзьмі, якім дзесяцігодзьдзямі расказвалі, што яны ніхто і зваць іх ніяк. І вось час годнасьці, час пазытыўнай самаідэнтыфікацыі нарэшце прыйшоў.

Але ёсьць зброя мацнейшая за годнасьць. Інфармацыя, ад якой мы так паталягічна залежым і якая ўжо даўно фармуе наш погляд на сьвет. Няясны, трывожны сьпеў жалейкі з маёй прыпавесьці, які гучыць на лясной дарозе. Нядаўна я чытаў кнігу Эндру Пэтыгры «Вынаходжаньне навінаў. Як сьвет даведаўся сам пра сябе». І мяне ўразіла, што ў сярэднявеччы людзі больш давяралі вусным сьведчаньням, чым пісьмовым. Праўдай было тое, што расказвае чалавек з добрай рэпутацыяй, якога мы бачым і чуем. А ня нечыя запісы, у якіх абавязкова мусіць быць хлусьня, бо пісьмо ўжо само па сабе лічылася маніпуляцыяй… І вось мы ўсе пагалоўна чытаем навіны. І яны дыктуюць нам, што лічыць праўдай.

Так, можна быць нацыяй, можна народам, можна натоўпам — усё роўна мы слухаем і чытаем іншых, і ня хочам думаць самі. Ці былі немцы 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя нацыяй? Так, безумоўна. Але гэта не ўратавала іх ад жудаснага падману. Быць нацыяй — яшчэ ня значыць пасьпяхова супрацьстаяць хлусьні.

Інфармацыя нясе бясконцыя варыянты праўды і пакідае нас разгубленымі на Плошчы Перамогі. Нават у 90-я гады намі было значна цяжэй маніпуляваць, гэта быў значна больш шчыры і просты час. А цяпер трэба абавязкова мець моцныя каштоўнасьці як аснову сябе, каб арыентавацца ў інфармацыі і ня даць задурыць сабе галаву. Лёкса Шпуль з «Плошчы Перамогі» робіць выбар на сваю карысьць, гэта ягоная адзіная каштоўнасьць. Як высьвятляецца, недастатковая, каб прадухіліць катастрофу.

— Чытаючы «Тэатр шчасьлівых дзяцей», я раз-пораз думаў, ці чытаў бы я гэтую кнігу сваім сынам, калі б ім цяпер было па сем-восем гадоў. Так як калісьці чытаў ім «Браты Львінае Сэрца» ў беларускім перакладзе. Я нездарма згадваю тут кніжку Астрыд Ліндгрэн, бо яна — кніжка і для дзяцей, і для дарослых… Ты, як мне здаецца, хацеў напісаць якраз такую дыхатамічную казку — і малым, і старым, ці так?

— Так, вядома. Мне здаецца, кожная добрая дзіцячая кніга мусіць быць цікавай і дарослым таксама. У мяне наогул сваё стаўленьне да гэтага падзелу: дзіцячая і дарослая літаратура. Дзіцячая — ня значыць прымітыўная, дарослая — ня значыць разумная. Вось, скажам, Паўлу Куэлью, ці там, ня ведаю, Рычард Бах… Пялевін… Усё гэта для мяне дзіцячая літаратура — нібы дарослыя дзядзькі і цёткі глядзяць на нас зьверху і няўмела спрабуюць пазабаўляць сваімі нуднымі прэтэнцыёзнымі, быццам бы філязофскімі гісторыйкамі. А Астрыд Ліндгрэн, Сэльма Лягерлёф, Карла Калодзі, ці, з ранейшых клясыкаў — Вільгельм Гаўф: гэта тое, што дарослым вельмі важна чытаць і перачытваць, гэта шэдэўры сусьветнай літаратуры.

Цяпер апавяданьні пра Шэрлака Голмса бессаромна запісваюць у дзіцячую або падлеткавую літаратуру — але для мяне гэта дарослыя творы пра дарослае жыцьцё, вельмі сур’ёзныя тэксты. Нядаўна я прачытаў у нямецкім перакладзе гісторыю пра малпу Салі Джонс. Гэта такі вялізны раман для падлеткаў швэда Якаба Вэгеліюса — дык я два тыдні ня мог адарвацца ад кнігі. Вось гэта літаратура. Адна з найлепшых кніг, якія я чытаў за апошнія гады, шмат якая сучасная «дарослая» бэлетрыстыка і побач не стаяла. Цяпер я перакладаю «Ціма Талера» Джэймса Круса — і разумею, што ў дзіцячых пісьменьнікаў можна шмат чаму навучыцца.

«Тэатр шчасьлівых дзяцей» — мая першая дзіцячая кніга. Як я люблю казаць, яна — мой паклон улюбёным дзіцячым пісьменьнікам. Я не прэтэндаваў на вялікую арыгінальнасьць, у «Тэатры» шмат што трымаецца на архетыпах. Самае арыгінальнае ў ёй — тое, што падзеі адбываюцца ў Беларусі. У вельмі пазнавальнай Беларусі.

Мне проста аднойчы зрабілася цікава: што думаюць сучасныя падлеткі пра тое, што робіцца ў краіне? Яны ж усё бачаць і ўсё разумеюць, яны не дурныя. І як будуць расказваць на ўроках гісторыі ў школах будучай Беларусі пра тое, што мы перажываем цяпер? Надыдзе момант, калі дзеці вырастуць і спытаюць бацькоў: а дзе вы былі ў 2020-м? Што рабілі? І што думалі? Я сам перажыў такое — проста неяк ужо дарослым чалавекам пачаў задаваць бацькам пытаньні пра іх мінулае. Пытаньні, якія бацькам часам страшна чуць ад дзяцей…

— Як мне здаецца, кожная харошая казка павінна быць «страшная» і «шчасьліва канчацца». У «Тэатры шчасьлівых дзяцей» так яно і ёсьць. Што яшчэ, паводле цябе, трэба для добрай казкі?

— Мне вельмі падабаюцца твае крытэры. Можа, я дадаў бы вось што… Найлепшыя дзіцячыя кнігі неяк непрыкметна, але вельмі добра расказваюць нам пра сьвет нешта такое, пра што мы раней ня думалі. То бок яны яшчэ і пазнавальныя, яны дапамагаюць нашай адукацыі. У «Тэатры шчасьлівых дзяцей» можна сёе-тое даведацца пра Беларусь: пра яе прыроду, напрыклад, ці пра гісторыю, яе героі задаюцца рознымі цікавымі пытаньнямі. Што бачыць Бог, калі мы маўчым? Учора — гэта ўжо мінулае ці яшчэ не? Пры гэтым аўтар нікога не павучае.

Кожны твор літаратуры мусіць быць найперш цікавы — каб кнігу хацелася чытаць далей. У «Тэатры шчасьлівых дзяцей» — і ў «Плошчы Перамогі» таксама — вельмі важны сюжэт. Я пастараўся зрабіць так, каб абедзьве гэтыя кнігі па-спраўднаму захаплялі. Мне было цікава працаваць з гэтым, такім простым і такім складаным чытацкім пачуцьцём — неадольным жаданьнем ісьці за аўтарам далей і даведацца, чым усё скончылася. Раней я рэдка зьвяртаў на гэта ўвагу. Але дзіцячая літаратура пішацца, так бы мовіць, для людзей. Таму я пастараўся ўключыць на поўную моц усе свае таленты апавядальніка.

І яшчэ я мяркую, што можна, напэўна, напісаць «дарослы» раман, кіруючыся выключна нянавісьцю, болем, роспаччу, пагардай. Але стварыць на гэтым дзіцячую кнігу немагчыма. Трэба глядзець на сьвет шырока расплюшчанымі вачыма маленькага чалавека і адчуваць шчырую цікавасьць да ўсяго, што трапляецца табе на шляху. Любіць, умець зьдзіўляцца і верыць у найлепшае.

Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай
Альгерд Бахарэвіч. Фота Юліі Цімафеевай

— Ты калісьці пераклаў казкі братоў Грымаў, кніжка выйшла ў Беларусі, хоць мала хто пра яе чуў, а яшчэ меней чалавек яе трымалі ў руках. Наколькі досьвед перакладчыка клясычных, «архетыпных» казак у эўрапейскай культуры дапамог табе напісаць тваю ўласную казку? Яны страшныя, тыя казкі Грымаў. Ведзьму дзеці спальваюць у печы, напрыклад…

— Я мяркую, што досьвед нястомнага і заўзятага чытача тут нават важнейшы за досьвед перакладчыка. Чытацкі досьвед, калі ты ўвесь час каштуеш смак літаратурнага гвалту ў розных прапорцыях і розных формах, выхоўвае ў табе адчуваньне меры. Прыходзіць разуменьне таго, што ёсьць брутальным, а што проста жорсткім, што прыцягвае ўвагу, а што адштурхоўвае ад кнігі. Жорсткасьць ня мусіць быць самамэтай аўтара.

Казкі братоў Грымаў, Логвінаў, 2013, перакладчык Альгерд Бахарэвіч
Казкі братоў Грымаў, Логвінаў, 2013, перакладчык Альгерд Бахарэвіч

Пытаньне ў тым, як ты апісваеш жорсткасьць, навошта аўтару гэта патрэбна. Возьмем братоў Грымаў. Спаліць ведзьму ў печы — гэта адно, тут працуе простая справядлівасьць. Ніхто не шкадуе ведзьму. Адсячы дзяўчыне рукі — гэта ўжо іншая ступень гвалту, але тут таксама працуюць ня толькі жах, але і спачуваньне. Гісторыя пра тое, як бацька зьядае халадзец зь мяса ўласнага сына — проста вусьцішная, тут і званітаваць можна… Але напісаць пра тое, як чалавек-вожык спрабуе згвалціць прынцэсу ў карэце — гэта найвышэйшая ступень жахлівасьці. Хоць, здавалася б, нават паводле крымінальных кодэксаў — меншае злачынства за папярэднія.

Самае страшнае для нас у казках — тое, што можа і праўда здарыцца з намі ў нашай цяперашняй паўсядзённасьці. Верагоднасьць таго, што з нас звараць халадзец ці нас спаляць у печцы, у гэтым сьвеце значна ніжэйшая за верагоднасьць для жанчыны зрабіцца ахвярай харасмэнту або згвалтаваньня. Жах у кнізе мусіць быць пазнавальным, мы мусім яго «ўспомніць».

— Як табе водгукі на «Плошчу» і «Тэатр»? Што кажуць людзі — ім твае найноўшыя кнігі падабаюцца, не падабаюцца?

Водгукаў усё больш, і я за імі сачу. Рэч у тым, што гэтыя дзьве мае электронныя кнігі напісаныя мной у момант вялікага ўзрушэньня. Напісаныя найперш для беларусаў. І мне як ніколі важная іхная чытацкая рэакцыя. «Тэатр» і «Плошча Перамогі» — чыстая літаратура і адначасова акт майго асабістага творчага супраціву. І чытачы, як я бачу, рады, што ў выніку гэта проста дзьве цікавыя кнігі, а ня дзьве палітычныя агіткі.

У водгуках адзначаюць захапляльнасьць абедзьвюх кніг, моцныя сюжэты — тое, за што мяне раней ня так часта хвалілі. Пра «Тэатр шчасьлівых дзяцей» пішуць, што там і праўда ёсьць такія вельмі вусьцішныя моманты — хто-ніхто з чытачоў нават падымаўся сярод ночы праверыць, ці замкнуў дзьверы… Пішуць, што кнігі чытаюцца на адным подыху — і прымушаць спытаць у саміх сябе, што адбываецца цяпер з усімі намі. А значыць, у аўтара больш-менш атрымалася тое, што ён задумаў. Зрэшты, абедзьве кніжкі можна спампаваць на litres, гэтая плятформа дае магчымасьць адчуць зваротную сувязь, там даволі шмат і водгукаў, і адзнак.

Альгерд Бахарэвіч. «Апошняя кніга пана А.» . Менск/Прага, «Янушкевіч»/Vesna Books, 2020
Альгерд Бахарэвіч. «Апошняя кніга пана А.» . Менск/Прага, «Янушкевіч»/Vesna Books, 2020

— Пытаньне на заканчэньне: што вы зь Юляй думаеце рабіць далей? Будзеце заставацца за мяжою, вернецеся ў Беларусь?

— Вяртацца ў страшную казку, дзе асноўны сюжэт — вынішчэньне ўсяго жывога і дзе для нас загадзя падрыхтаваныя ролі ахвяраў? Мы ня толькі чытаем навіны (якія тычацца наўпрост і нас таксама), мы ў кантакце з калегамі, сябрамі, знаёмымі і ведаем, што адбываецца. Пакуль што мы застаёмся за мяжой. Цікавасьць да беларускай літаратуры цяпер вельмі высокая. Нікога не заклікаць і не павучаць, але рабіць тое, што можам і мусім, адкрываць беларускую культуру сьвету, прыцягваць яго ўвагу да рэпрэсій і беззаконьня, што пануюць цяпер дома — гэта тое, што мы робім і будзем рабіць далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG