Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеным журналістам «Нашай нівы» і Tut.by падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай


Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Юлія Чарняўская застануцца ў няволі. У дваіх апошніх хранічныя праблемы са здароўем.

Галоўны рэдактар і кіраўнік маркетынгавага аддзелу «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко ўжо два месяцы адбылі ў СІЗА, іх ня вызвалілі. За гэты час Сьледчы камітэт ня змог скончыць расьсьледаваньне, таму меру стрыманьня падоўжылі яшчэ на месяц, паведамляе выданьне.

Сваякам не паведамлялі аб падаўжэньні арышту, аднак, зыходзячы з нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу вынікае, што арышт працягнулі яшчэ на месяц, бо іначай яны б выйшлі на волю 18 верасьня. Працягнуць арышт дазваляецца, калі сьледзтва ня скончыла працу за адведзены раней тэрмін. Па словах нашаніўцаў, ніякія сьледчыя дзеяньні зь імі за гэты час не праводзілі, іх проста трымаюць у ізаляцыі.

Марціновіча і Скурко абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 216 КК (Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня групай асобаў). Прэтэнзіі ўладаў палягаюць у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканьня рэдакцыі была па тарыфах для фізычных асобаў, а трэба было плаціць паводле тарыфаў для юрыдычных.

Сьледчыя налічылі, што з 2017 году па травень 2021-га прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесьлі шкоду ў 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства пры гэтым з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.

Марціновіча і Скурко прызналі палітвязьнямі. Па арт. 216 КК максымальна магчымы тэрмін утрыманьня пад вартай да суду — паўгода.

Культуроляга Юлію Чарняўскую ня выпусьцілі пасьля 4 месяцаў хатняга арышту. Ёй працягнулі тэрмін стрыманьня, як і астатнім зьняволеным у «справе Tut.by».

«У мяне ўжо няма ані сілаў, ані словаў, каб сказаць, наколькі па-вар’яцку, бязьлітасна чыняцца лёсы людзей у „справе Tut.by“. Паўтара дзясяткі чалавек, 12 зь якіх жанчыны, сядзяць у зьняволеньні пяты месяц. Трое зь іх страцілі за гэты час кагосьці з бацькоў... Здароўе тых, хто сядзіць, катастрафічна пагаршаецца, і хоць матуля трымаецца настолькі малайцом, наколькі гэта ўвогуле можна ўявіць, сытуацыя крытычная», — напісала дачка палітзьняволенай Яўгенія Чарняўская.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG