Deutsche Welle нагадвае, што за час палітычнага крызісу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году ўлады плянамерна аказваюць ціск на незалежныя мэдыя. Журналістаў затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, блякуюць сайты СМІ, канфіскуюць тэхніку. Цяпер у турме 28 прадстаўнікоў мэдыя, зь іх трое — галоўныя рэдактары.
Марына Золатава на пазытыве
Галоўную рэдактарку найбуйнейшага навінавага рэсурсу краіны Tut.by Марыну Золатаву арыштавалі 18 траўня. У гэты дзень сілавікі прыйшлі зь ператрусам у рэдакцыю і да супрацоўнікаў, заблякавалі сайт і фактычна зьнішчылі партал. Яе і яшчэ 14 калег абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, а журналісцкую прадукцыю прызналі «экстрэмісцкай».
Як расказаў яе муж Васіль Кішкурна, лісты з турмы даходзяць даволі хутка: яны пазытыўныя, сьветлыя, добрыя і напоўненыя цеплынёй.
«Жыва цікавіцца, як дзеці, давала ўказаньні дачцэ з нагоды паступленьня ва ўнівэрсытэт. Высока ацаніла намаганьні каманды, якая працягвае справу ў выглядзе новага праекту Zerkalo.io. Адчувае падтрымку з боку сям’і, калег і знаёмых — атрымлівае шмат лістоў», — дзеліцца Васіль Кішкурна.
Ягор Марціновіч трымаецца бадзёра
Галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» Ягора Марціновіча затрымалі ў ліпені на падставе падазрэньняў у «зьдзяйсьненьні групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак». Але абвінавачаньне выстаўлена згодна з ч. 2 арт. 216 КК: нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу групай асобаў. Прэтэнзіі сілавікоў зьвязаныя з аплатай камунальных паслуг офісу.
Ягоная жонка Адар’я Гуштын, таксама журналістка, нагадвае, што хутка міне два месяцы зьняволеньня, але ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца. Стандартная практыка палітычнага перасьледу, удакладняе яна.
«Знаходзіцца ў турме Ягору, як чалавеку актыўнаму, досыць складана. Пры гэтым ён стараецца трымацца бадзёра, такі па натуры: калі яму цяжка, пра тое ня скажа, будзе нас усіх аберагаць. Адказвае на ўсе лісты, якія атрымлівае, але мы ведаем, што ня ўсе яму перадаюць, гэта таксама форма ціску», — гаворыць Адар’я Гуштын.
Ірына Леўшына не дае паказаньняў
Галоўную рэдактарку агенцтва БелаПАН Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня. Спачатку праз падазрэньне ў «падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», а празь некалькі тыдняў выставілі абвінавачаньне на падставе артыкулу аб ухіленьні ад выплаты падаткаў.
Для яе дачкі Ганны Леўшыной гэта не было нечаканасьцю, бо да таго ўлады расправіліся практычна з усімі незалежнымі СМІ. Кажа, што не панікавала, маці пасьля ператрусу яшчэ пасьпела даць апошнія ўказаньні. Зь менскага ізалятару № 1 пакуль дайшоў толькі адзін ліст журналісткі.
«Са слоў адваката, яна адчувае сябе добра. Ніякіх сьледчых дзеяньняў не праходзіць, таму што мама не дае паказаньняў. У яе добрыя суседзі, гэта на сёньня галоўнае. Вучыцца мець зносіны з рознымі катэгорыямі людзей. Яшчэ піша, што па раніцах гарлапаняць чайкі, якія прылятаюць са Сьвіслачы і, напэўна, міма нашага дому. Гэта грэе душу», — цытуе дачка ліст ад мамы.
Усіх зьняволеных рэдактараў і супрацоўнікаў незалежных СМІ праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.