Пра гэта Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social 14 красавіка.
«Вайна паміж Расеяй і Ўкраінай — гэта вайна Байдэна, а не мая. Я толькі што прыйшоў сюды, і за чатыры гады знаходжаньня на пасадзе ў мяне не было праблем з прадухіленьнем гэтага. Прэзыдэнт Пуцін і ўсе астатнія паважалі вашага прэзыдэнта! Я ня маю дачыненьня да гэтай вайны, але я старанна працую, каб спыніць сьмерць і разбурэньні», — сказаў Трамп.
Ён таксама паўтарыў сваю тэзу аб меркаваных фальсыфікацыях на выбарах 2020 году: «Калі б прэзыдэнцкія выбары 2020 году не былі сфальсыфікаваныя — а гэта было шмат у чым — гэтая жудасная вайна ніколі б не адбылася. Прэзыдэнт Зяленскі і жулік Байдэн жудасна спрацавалі, дазволіўшы гэтай трагедыі пачацца. Было так шмат спосабаў прадухіліць яе. Але гэта ў мінулым. Вайну трэба спыніць зараз і хутка. Гэта вельмі сумна!»
Нагадаем, штоў справе імавернай фальсыфікацыі выбараў 2020 году амэрыканскія суды адхілілі пададзеныя пазовы і прызналі вынікі выбараз сапраўднымі. У тым самым 2020 годзе Трамп, які завяршаў сваю першую кадэнцыю на пасадзі прэзыдэнта Злучаных Штатаў, ніяк не асудзіў фальсыфікацыі на выбарах у Беларусі і не камэнтаваў сілавыя разгоны з ахвярамі ў гэтай краіне.
Цяперашнія словы Трампа ня першы выпадак, калі ён публічна вінаваціць у вайне іншыя сілы, а не Расею. Напрыклад, у лютым 2025 году Трамп назваў Зяленскага «дыктатарам бяз выбараў» і абвінаваціў яго ў «жахлівай працы» па прадухіленьні вайны.
Трамп напярэдадні заявіў, што перамовы аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны «магчыма, ідуць добра». Ён сказаў пра гэта журналістам на борце Air Force One, дадаўшы, што «надыходзіць момант, калі мы павінны альбо дзейнічаць, альбо маўчаць».
Уладзімір Зяленскі напярэдадні прапанаваў Трампу прыехаць ва Ўкраіну і пабачыць, што там адбываецца, на ўласныя вочы.
За апошнія тыдні адбылося некалькі сустрэчаў і тэлефонных размоваў паміж Украінай і ЗША, а таксама асобна паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі адносна спыненьня агню ў вайне Расеі супраць Украіны. У прыватнасьці, 11 сакавіка прадстаўнікам ЗША ўдалося дамагчыся ад Украіны згоды на 30-дзённае спыненьне агню. Пуцін не адмовіўся ад гэтай ідэі, але высунуў свае ўмовы.
Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стыў Віткаф 11 красавіка сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі. Перамовы працягваліся больш за чатыры гадзіны.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што бакі абмяркуюць «розныя аспэкты ўкраінскага ўрэгуляваньня», а Крэмль мае намер данесьці «асноўныя элемэнты пазыцыі і заклапочанасьці Расеі» непасрэдна прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.
Пасьля сустрэчы Віткафа ў Крамлі Расея атакавала жылыя кварталы ўкраінскага гораду Сумы на праваслаўнае сьвята Вербніцы. Загінула 35 чалавек, у тым ліку дзеці, больш за сотню атрымалі раненьні. Падрабязнасьці перамоваў Віткафа і Пуціна дагэтуль застаюцца невядомымі.
Форум