Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрабавалі труціць газам праз вэнтыляцыю». Пагаварылі з уцекачом зь Беларусі, якога шукалі ў Польшчы праз Інтэрпол


Макарый Малахоўскі
Макарый Малахоўскі

Макар Малахоўскі, якога польская паліцыя затрымлівала на выходныя на запыт уладаў Беларусі, расказаў Свабодзе, чаму паехаў зь Беларусі і што ня так запытам у Інтэрпол.

Малады чалавек разам са сваёй дзяўчынай жыве ў Польшчы зь мінулага году. Позна ўвечары ў нядзелю ў іхную кватэру пад Варшавай прыйшла паліцыя. Суседзі нібыта паскардзіліся, што ў кватэры Малахоўскага гучна грае музыка. Сам Макар кажа, што, акрамя размовы, дома была поўная цішыня.

«Праверылі дакумэнты і папрасілі прайсьці ў службовы аўтамабіль. Я пайшоў, адчуваў сябе цалкам бясьпечна. Хвілін 10 у аўтамабілі яны правяралі мае дакумэнты і паведамілі, што мяне шукае Інтэрпол. Надзелі кайданкі і павезьлі ў пастарунак», — расказвае Малахоўскі.

У паліцыі на Макара склалі пратакол затрыманьня, якога ён не падпісаў, і зьмясьцілі ў камэру, а ў панядзелак павезьлі на допыт у варшаўскую пракуратуру.

«Мне зачыталі ліст зь Беларусі з тлумачэньнем, чаму мяне шукаюць. Я сказаў, што ня згодны. І апісаў сытуацыю, якая была на самой справе. Усё гэта запісалі з маіх словаў. Допыту, па сутнасьці, і не было. Праз 5 хвілін падпісалі паперы і сказалі, што я вольны», — гаворыць мужчына.

Малахоўскага, тым ня менш, папрасілі быць на сувязі і адказваць на званкі паліцыі. Параілі ў найбліжэйшы час не выяжджаць з Польшчы, бо падобнае затрыманьне можа паўтарыцца і за мяжой. Але ніякіх падпісак аб нявыезьдзе ён не даваў.

«З машыны ДАІ выскачылі двое невядомых у чорным, з дручкамі»

Што такога ўчыніў Малахоўскі ў Беларусі, што яго шукаюць праз Інтэрпол?

На радзіме на яго завялі крымінальную справу за нібыта наезд на супрацоўніка ДПС, які адбыўся 13 жніўня 2020 году (арт. 364 КК, «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Але мужчына кажа, што рэальная карціна падзеяў у той дзень была зусім іншай.

«Я ехаў праз цэнтар гораду, праспэктам Незалежнасьці. Магчыма, ехаў марудна. Мяне спыніла машына ДАІ зь мігалкамі. Я без праблемаў спыніўся. Але раптам з задняга сядзеньня машыны ДАІ выскачылі двое невядомых у чорным, з дручкамі. Ніякіх апазнавальных знакаў на іх не было. Я вырашыў, што яны ідуць да мяне не правы глядзець і не складаць пратакол. І я прыняў рашэньне зьехаць. У прынцыпе, нічога не адбылося. Побач праяжджаў патруль ДАІ, яны спрабавалі мяне спыніць. Пабеглі ў мой бок, але я іх аб’ехаў. Праз 200-250 мэтраў мяне акружылі машыны ДАІ. Я спыніўся, бо мая задача была ўцячы ад невядомых. У тыя дні было шмат гісторый, калі людзей выцягвалі з машын і білі», — кажа Малахоўскі.

Макар цалкам абвяргае, што наехаў на супрацоўніка ДАІ або міліцыі. Кажа, што ягоная машына зусім цэлая, акрамя таго, што адзін з інспэктараў ударыў па лабавым шкле жазлом.

«Калі я спыніўся, то не адразу выходзіў з машыны, сядзеў там яшчэ недзе 10 хвілінаў. Камусьці званіў, каб параіцца, што рабіць. А яны спрабавалі адчыніць машыну, пагражалі, грукалі па ёй. Сабралося шмат людзей, і ў тым ліку людзі ў чорным, у масках. Спрабавалі труціць сьлезацечным газам, не памятаю праз што. Магчыма, праз вэнтыляцыю. Але ў іх нічога не атрымалася. Калі ўсё больш-менш супакоілася, то падышлі людзі з камэрамі, мабыць журналісты. Тады людзі ў чорным пайшлі. Мы пагаварылі з інспэктарамі, і я адчыніў машыну», — расказвае мужчына.

«Выходзілі з Акрэсьціна апухлыя, сінія, брудныя, у парванай вопратцы»

Першы дзень пасьля затрыманьня Макарый правёў у РУУС, а пасьля два дні ў ізалятары на Акрэсьціна. Ён трапіў туды акурат у той час, калі вызвалялі першых затрыманых падчас пратэстаў 9 жніўня. Макар таксама ўдзельнічаў у акцыях у дзень выбараў, але тады яго не затрымалі.

«Увечары я прыйшоў на свой выбарчы ўчастак, чакаў разам зь іншымі пратаколаў з вынікамі галасаваньня. Камісія не хацела вывешваць вынікі. Было шмат людзей. Потым прыехаў аўтобус МАЗ і спрабаваў пад’ехаць да школы. Як усе тады зразумелі, аўтобус мусіў забраць камісію. Ён ехаў па тратуары, але людзі не давалі яму дарогі, і ён потым ад’ехаў, стаяў на прыпынку. Камісія выйшла, села ў аўтобус, але людзі не давалі яму зьехаць. Тады прыехалі тры аўтобусы з АМАПам і адбівалі людзей ад гэтага аўтобуса. У гэты ж вечар я быў каля стэлы, але неўзабаве пачаўся разгон з гранатамі і ўся гэтая дзіч». — расказвае Макарый Малахоўскі.

На Акрэсьціна ён пабачыў вызваленьне затрыманых акурат у першыя дні пасьля выбараў.

«Яны былі ўсе пабітыя. Спрабавалі знайсьці свае рэчы, апухлыя, сінія, парваная вопратка, брудныя. Але да мяне ставіліся нармальна. Мяне расцэньвалі як проста кіроўцу. Супрацоўнік, які вёў мяне ў камэру, спачуваў мне. Мэдсястра, якая аглядала, таксама прыгаворвала: „Калі ўсё гэта скончыцца?“. Людзей у чорным ужо ня было на тэрыторыі ІЧУ, яны былі ў машынах каля ізалятара», — расказвае Малахоўскі.

Макарый Малахоўскі (у цэнтры) пасьля вызваленьня. Зьлева ад яго польскі дэпутат Міхал Шчэрба.
Макарый Малахоўскі (у цэнтры) пасьля вызваленьня. Зьлева ад яго польскі дэпутат Міхал Шчэрба.

Праз два дні Макарыя вызвалілі з трыма пратаколамі аб парушэньні правілаў дарожнага руху: аб перасячэньні падвойнай суцэльнай лініі, неабгрунтаваным гукавым сыгнале і адмове спыніцца.

Але пазьней Макару патэлефанаваў сьледчы і сказаў, што на яго завялі крымінальную справу.

«Адвакат паглядзеў відэа таго здарэньня, бо яно было ў навінах, і сказаў: „Ты нічога не зрабіў, але цяпер сытуацыя такая, што закон не працуе“. У той жа вечар мы зь дзяўчынай сабралі рэчы і выехалі. Спачатку ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу», — кажа Малахоўскі.

Пакідаць Польшчу Макарый не зьбіраецца, бо лічыць, што ў гэтай краіне найлепш ставяцца да беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму на радзіме. У Беларусі ён скончыў БНТУ па спэцыяльнасьці «архітэктура», а цяпер паступіў у польскую ВНУ, каб працягваць адукацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG