Мужчына спрабаваў зьбегчы двойчы: у першы раз яшчэ ў сьнежні 2020 году, і тады яго злавілі і вярнулі ў калёнію, а другі раз, у ліпені, уцёкі ўжо былі пасьпяховымі.
Кулакоў распавёў у эфіры «Настоящего времени», чаму ён вырашыў зьбегчы і як праходзіла яго жыцьцё ў калёніі.
— Як на самой справе выглядала гэтая вашая абраза міліцыі? Ці думалі вы наогул, што атрымаеце такое пакараньне?
— Я першапачаткова пра гэты пост нават і не думаў, што нейкія наступствы могуць быць. Атрымліваецца, на мяне справу завялі ўжо 19 жніўня, але я пра гэта даведаўся толькі 23 верасьня, праз месяц, калі мяне затрымалі. Калі ўжо ў СІЗА знаходзіўся, я думаў, дадуць гады тры калёніі, але далі «хімію». Віну прызнаў часткова, я дапусьціў тое, што мае словы маглі абразіць супрацоўніка міліцыі, але ніяк не пагражаць. Дапусьціць мог, гэта ўсё пісалася на эмоцыях.
— Што ж вы там такога абразьлівага напісалі?
— Я напісаў: «Ну раз так, маёр Патоцкі, чакай, прыкарытнік, люстрацыі». Хацеў напісаць «страшны суд», а аўтазамена выдала «самасуд значыць для цябе канец». Гэта значыць «прыкарытнік» — гэта публічная абраза, а альбо «люстрацыя» альбо «самасуд» яны палічылі як пагрозу ўжываньня гвалту.
— Што адбывалася ў СІЗА, у калёніі? Як да вас ставіліся?
— У СІЗА прадузятае стаўленьне было, і гэта вельмі часта выяўлялася не толькі да мяне, але і да астатніх палітычных вязьняў, там вельмі шмат нас было. У СІЗА і атрымаў там па нырках трошкі і кулакамі, і дубінай. На «хіміі», у прынцыпе, фізычнага ўзьдзеяньня не было, але, я думаю, толькі таму што ў нас былі сродкі сувязі, гэта значыць аб гэтым мы маглі нават адвакату паведаміць бесперашкодна альбо сваякам патэлефанаваць расказаць, і нават журналістам. Яны гэтага вельмі баяцца.
— Такое пакараньне, як «хімія», у Беларусі дастаткова распаўсюджанае, і многія пра яго ведаюць. Раскажыце для нашых гледачоў зь іншых краінаў, што такое «хімія»?
— «Хімія» — гэта тая ж самая калёнія, але ў цябе ёсьць тэлефон. Можаш карыстацца інтэрнэтам, яшчэ вялікі плюс, што ты працуеш на працы з вольнымі людзьмі, то бок адпраўляюць на якую-небудзь фабрыку, як мяне адпраўлялі на камбікормавы завод. І яшчэ да пандэміі, адпускалі дадому ў месяц на трое сутак, але палітычных, вядома, не адпускалі. І можна было браць гэтыя спатканьні да 4 гадзінаў раз у тыдзень па выходных або два разы на тыдзень. Пішаш заяву і выходзіш, зноў жа да палітычных гэта не ўжывалася, таму што мы ўсе стаялі на адмысловым уліку.
— Вам адмовілі на выходныя бачыцца з сям’ёй, і на знак пратэсту вы праглынулі ручку ад лыжкі. Раскажыце, што гэта была за гісторыя.
— У мяне да камбікорму была праца на пілараме, і там было месца, дзе можна было і дзіцё спаць пакласьці ў абедзенны перапынак, таму што ён сьпіць у абед, ён маленькі, яму будзе толькі 4 гады. Калі я перавёўся на камбікормавы завод, то я падышоў да адміністрацыі «хіміі», пагаварыў зь імі, яны сказалі: «Не хвалюйся, адпусьцім мы цябе ў гатэль, усё будзе добра».
Але калі дайшло да справы, я падышоў да начальніка з заявай, каб ён выпусьціў у горад на 4 гадзіны ў гатэль, ён, нават не чытаючы яго, замахаў рукамі: «Ты што хочаш, каб я раней на пэнсію сышоў». Нічога не адбылося. А жонка ўжо выехала рана раніцай, не можа ж яна цягнік спыніць пасярод дарогі і вярнуцца дадому. Я праглынуў лыжку для таго, каб паклалі ў шпіталь, і ў сваёй палаце пакласьці дзіця спаць. Я ведаў, што нейкія меры будуць прыняты супраць начальніка за гэта, я да гэтага часу не ведаю, што там было.
— Скажыце, калі ласка, як я разумею, вы першы, хто зьбег з «хіміі» у Беларусі. Як вы адважыліся наогул на ўцёкі? І якімі былі першыя вашы ўцёкі ў сьнежні?
— У сьнежні зьвязаўся з літоўскім бокам. І я склаў сабе плян, людзі, вядома, там дапамаглі, але няўдала. Яны мяне ўзялі, памежнікі выпісалі штраф, выклікалі міліцыю, міліцыя забрала мяне ў Шуміліна, туды дзе жыў. І на наступны дзень, ужо 29 сьнежня, мяне адправілі мяне на «хімію».
— Раскажыце, як вам удалося ўсё ж такі зьбегчы ўжо летам, што было самае цяжкае?
— Самае цяжкае — гэта было хавацца ад пошукаў, таму што яны мяне шукалі ўсюды: і ў родным горадзе, і там, дзе я жыў.
— Лёгка было перайсьці мяжу ў Літву?
— Саму мяжу было вельмі лёгка перайсьці — як шпацыр па лесе, гэта значыць ніякіх перашкодаў не было. Але гэта маральна цяжка.