Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш памерці прыстрэленым, чым гніць у лукашэнкаўскай турме». Беларус распавёў, як уцёк у Літву на парапляне


Ілюстрацыйнае фота. Чалавек на парапляне
Ілюстрацыйнае фота. Чалавек на парапляне

Удзельнік пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі Андрэй Суша распавёў тэлеканалу «Настоящее время», як яму ўдалося ўцячы за мяжу на мотапарапляне і чаму ён абраў менавіта такі спосаб уцёкаў.

Андрэй Суша працаваў дэфектаскапістам у менскай лябараторыі і, як многія жыхары Беларусі, прымаў удзел у пратэстах супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У студзені 2021 году да яго пачалі прыходзіць сілавікі, затым павезьлі ў аддзел бясьпекі кампаніі і прыгразілі запісаць прабачэньні на камэру. У сакавіку яго 72 гадзіны пратрымалі ў ізалятары і выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. Пасьля таго, як на яго завялі дзьве крымінальныя справы — «за абразу міліцыянта» і «пагрозу расправы над супрацоўнікамі праваахоўных органаў», — ён, як і многія яго суайчыньнікі, вырашыў пакінуць Беларусь. Аднак зрабіў гэта вельмі незвычайным спосабам: пераляцеў празь мяжу на мотапарапляне.

«У мяне літоўскай візы не было, празь мяжу ісьці таксама няма стоадсоткавай гарантыі, што я бясьпечна перайду. Ужо былі выпадкі, што людзей лавілі і [адпраўлялі] назад на „хімію“. І я вырашыў ляцець», — тлумачыць Андрэй Суша выбар такога незвычайнага спосабу перасячэньня мяжы.

Ён кажа, што лётае на мотапарапляне ўжо даволі даўно, таму «тэхнічна гэта не было складана». Ён проста па мапе прыкладна пабудаваў свой маршрут, прыехаў на месца, узьляцеў і паляцеў. На пытаньне, ці не было страшна, што памежнікі маглі адкрыць агонь па ім, Андрэй Суша адказвае:

«Так, было трошкі страшна, але лепш памерці прыстрэленым, чым гніць у лукашэнкаўскай турме. Я там ужываў некаторыя меры, каб засьцерагчыся: ляцеў над лясамі, каб мяне складана было заўважыць, ляцеў на нізкай вышыні», — распавядае Андрэй і ўдакладняе, што ляцеў прыкладна ў мэтрах 100 над зямлёй.

Калі ён прызямліўся, пайшоў да мясцовых жыхароў, яны выклікалі паліцыю. Паліцыя ўжо потым выклікала памежную службу, і ён напісаў прашэньне аб прытулку. Цяпер ён знаходзіцца ў цэнтры для прыёму ўцекачоў, ягоныя дакумэнты разглядае літоўскі ўрад — служба эміграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG