Чалец рады дырэктараў «Сафмар финансовые инвестиции» і «М. Видео» Саід Гуцэрыеў прадаў свае долі ў трох крыптабіржах — Currency.com, Capital.com і Zubr.io, паведамляюць «Ведомости».
Паводле выданьня, гэта вынікае з выпісак кампаній. Факт продажу біржаў пацьвердзіў прадстаўнік самога бізнэсоўца.
Пакупнікамі сталі міжнародная крыптабіржа FTX і партнэр Саіда Гуцэрыева, беларускі бізнэсовец Віктар Пракапеня. Прадстаўнік VP Capital Пракапеня пацьвердзіў гэта. Сума угод не раскрываецца, але на продажы Гуцэрыеў мог зарабіць каля $ 150 млн, падлічылі «Ведомости».
Больш за $ 20 млн на тры праекты
Гуцэрыеў пачаў актыўна ўкладаць грошы ў крыптавалютны рынак у ліпені 2017 году i разьлічваў надоўга затрымацца ў індустрыі, казаў ён расейскаму выданьню Forbes, але з пачатку 2021 году пачаў пазбаўляцца ад сваіх доляў.
Першым вялікім праектам Саіда Гуцэрыева быў трэйдынгавы стартап на аснове штучнага інтэлекту Capital.com (юрыдычныя асобы зарэгістраваныя ў Беларусі, Вялікай Брытаніі і на Кіпры). Гуцарыеў ўклаў грошы ў яго ў 2017 годзе разам з Пракапенем. Яны інвэставалі ў праект $ 25 млн (па $ 12,5 мільёна кожны), яшчэ каля $ 1,5 млн выдаткавалі на куплю дамэна, пісаў тады РБК.
У 2019-м гэты стартап стаў інфраструктурнай кампаніяй для першай легальнай крыптбіржы ў СНД Currency.com, юрыдычныя асобы якой зарэгістраваныя ў Беларусі, Вялікай Брытаніі і на Гібралтары. Інвэстыцыі Гуцэрыева і Пракапені на момант запуску праекту склалі $ 10 млн на дваіх.
На гэтай біржы таргуюцца такенізаваныя актывы на сыравіну, акцыі, індэксы, прывязаныя да базавага рынкавага кошту традыцыйных фінансавых актываў. Іх цэны і забясьпечвае Capital.com.
Магчымасьць страхаваць рызыкі за кошт інвэстыцый крыптавалюты ў токены, прывязаныя да кошту рэальных актываў, і прыцягвае інвэстараў да біржы Currency. com.
- 14 жніўні 2020 году было абвешчана, што крыптабіржа бізнэсоўца Віктара Пракапені Сurrency.com выдзеліць 100 тысяч даляраў у фонд пацярпелых падчас разгону вулічных пратэстаў, якія пойдуць на іх рэабілітацыю. Пра гэта IT-прадпрымальнік напісаў у «Фэйсбуку».
- Бацька Саіда, расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцэрыеў, які лічыцца блізкім да Аляксаедра Лукашэнкі і які мае шэраг бізнэс-праектаў у Беларусі, у чэрвені 2021 году трапіў у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу за сувязь зь беларускім рэжымам.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».