Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыстэма пабудаваная на прыніжэньні». На што падобныя беларускія СІЗА знутры. ФОТА


У якіх умовах трымаюць вязьняў на «Валадарцы» і ў «амэрыканцы»? Як выглядаюць камэры, прагулачныя дворыкі, карцар? Расказвае «Наша Ніва» на прыкладзе колішняга сьледчага ізалятара літоўскага КДБ, у якім цяпер музэй.

Камэры ў ім захаваліся такія, якія яны былі ў 1991 годзе, калі КДБ на той тэрыторыі спыніў сваю дзейнасьць. Абстаноўка, якую можна пабачыць там, шмат у чым падобная да ўмоў у беларускіх СІЗА.

Васіль Завадзкі, які 20 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме і сам сядзеў у «амэрыканцы», пагадзіўся пракамэнтаваць для НН фота з былой турмы і правесьці паралелі зь беларускай сучаснасьцю. «Тыповая карціна», — ня раз скажа ён.

«Стакан»

Бокс памерам усяго 0,6 квадратнага мэтра. У такія вузкія «шафы» людзей заводзяць на час чаканьня. У нашых СІЗА яны могуць выглядаць па-рознаму. Як правіла, дзьверы «стакана» — гэта рашотка, празь якую можна бачыць, што робіць зьняволены.

Камэра

Васіль Завадзкі кажа, што камэра вельмі падобная да той, у якой ён сядзеў у «амэрыканцы». Такія ж драўляныя зэдлік і тумбачка (у большасьці папраўчых устаноў іх робяць на сваёй вытворчасьці), такія ж мэталічныя нары.

«Грыбок на сьценах — на жаль, характэрная зьява ў сьледчых ізалятарах. Вільготнасьць вялікая, бо, па-першае, вэнтыляцыя вельмі дрэнная ў такіх месцах, а па-другое, шмат людзей у камэры. І людзі ж вымушаныя мыць тут сваю бялізну, а сушыць няма дзе, і праветрыць няма магчымасьці».

Пра гэтую праблему пісаў у лісьце і Эдуард Бабарыка: сьпёка і вільгаць такія, што адзеньне пакрываецца цьвільлю.

У некаторых СІЗА камэры пасьля нядаўняга рамонту выглядаюць больш сучасна. Але з часам цьвіль усё адно праядае фарбу.

«Амэрыканка» сама круглая, камэры — па вонкавай частцы пэрымэтру. Ад уваходу да вакна камэра пашыраецца — па форме, як мы казалі, падобная да труны. У мяне яна была малая, можа каля 10 квадратных мэтраў. Нары мэталічныя, толькі двухʼярусныя — на чатырох чалавек. Часам дадавалі пятага: тады заносіўся драўляны шчыт, адмыслова зроблены для гэтай мэты. На дзень яго падымалі, а нанач клалі на падлогу.

У той час у „амэрыканцы“ толькі ў некалькіх камэрах былі туалеты. Я ў такую ня трапіў — у маёй стаяла звычайнае вядро з вадой (параша). Два разы на дзень дазвалялася выйсьці ў туалет па графіку — раніцай і ўвечары».

А вось што пра знаходжаньне ў СІЗА на Валадарскага расказвала Лілія Ўласава, якая правяла там амаль 50 дзён:

«На „Валадарцы“ я „пажыла“ ў дзьвюх камэрах. Першая камэра на шэсьць чалавек была на тэрыторыі турэмнага шпіталя, у ёй знаходзіліся хворыя людзі, у тым ліку з сурʼёзнымі псыхічнымі захворваньнямі. Потым мяне перавялі ў іншую камэру, дзе зьмяшчалася 10 чалавек. У ёй я правяла тры тыдні, да дня вызваленьня. Там умовы былі жорсткія. У невялікім пакоі знаходзіцца 10 жалезных нараў у два паверхі, туалет і рукамыйніца з халоднай вадой, дзённага сьвятла не было. Акрамя кратаў, вокны забітыя жалезнымі жалюзі, якія не прапускаюць дзённае сьвятло і ўскладняюць доступ паветра. Падʼём а 6 раніцы, з гэтага часу і да адбою а 22 гадзіне забаронена ляжаць, можна хадзіць і сядзець на ложку. Мне па стане здароўя было дазволена ляжаць. У камэры быў тэлевізар, які трансьляваў толькі беларускія каналы і НТВ. Дзесяць чалавек у адным пакоі спалі, елі, мылі, мыліся і хадзілі ў туалет.

Восем зь дзесяці жанчын курылі, часам я адчувала, што задыхаюся, даводзілася паветра „лавіць“ у маленькую шчылінку „жалюзі“. Усім зьняволеным выдаюць пэрсанальныя кубкі. Калісьці яны былі эмаліраваныя, але эмаль знасілася, у мяне быў кубак з іржавым дном. Я прасіла яго замяніць, але прынесьлі такі самы, сказалі, што лепшага няма. Муж некалькі разоў спрабаваў перадаць плястмасавы кубак — ня бралі. Выбару не было, піла з таго, што было, і старалася не глядзець на іржу».

Ад доўгай эксплюатацыі мэталічныя нары ламаюцца. Некаторыя латалі тым, што прыварвалі арматуру. Спаць на іх надзвычай нязручна.

Зьняволеным выдаюць алюмініевы посуд. Кубкі вельмі награваюцца, іх немагчыма ўзяць у рукі. Палітвязень Настасься Міронцава пісала, што яны выразалі для кубкаў кружочкі-чахольчыкі з газэты «СБ». А каву і гарбату пілі праз трубачкі ад асадак, каб не апячы вусны аб мэтал.

«Кармушка»

Вось якія ўспаміны пра «Валадарку» засталіся ў Лявона Халатрана, які быў у штабе Бабарыкі:

«Камэры, дзе я быў, большую частку часу былі запоўненыя цалкам, першая была на 13 месцаў, другая на 18, гэта не мяжа, чуў, бываюць камэры на 20 і больш чалавек. Свае нары былі ў кожнага, хоць раней, кажуць, на „Валадарцы“ часта абвінавачаныя дзялілі іх паміж сабой. Я быў у корпусе, які называюць Шанхай, таму што людзі там сапраўды сядзяць шчыльна.

Другая праблема — курэньне. У некаторых камэрах ёсьць вэнтыляцыя, але яе рэдка ўключаюць. Калі вэнтыляцыі няма, а нехта курыць, уся камэра мамэнтальна запаўняецца дымам, які не адразу рассмоктваецца. Сярод „палітычных“ многія ня кураць, хлопцы па іншых артыкулах у большасьці сваёй кураць, і для іх гэта сьвятое, кавалачак свабоды, які ў іх не адабралі. Так што дамовіцца, каб людзі не курылі, проста немагчыма.

Я чытаю Салжаніцына і бачу ідэнтычныя моманты, проста менш жорсткія. Але савецкая спадчына засталася. Сыстэма пабудаваная на прыніжэньні, але ты да гэтага прывыкаеш, і ў нейкі момант табе пачынае здавацца нармальным, што ў камэры цесна, што ўначы не выключаюць сьвятло, што ў некаторых камэрах не агароджаны туалет. Адміністрацыі гэта зручна, яны ня хочуць нічога мяняць, умоўна: вось у вас ёсьць туалет, можаце курыць, а сьвятло на ноч мы пакідаем, каб у любы момант глядзець, што тут адбываецца. „Нам так зручна, а як вам — усё роўна“. Ім пляваць, яны ня думаюць пра чалавека, у іх адсутнічае эмпатыя і гуманізм».

У падобных нішах ля камэр захоўваюцца лекі вязьняў. Яны ня могуць узяць іх самі — кожны раз трэба прасіць супрацоўніка ізалятара.
У падобных нішах ля камэр захоўваюцца лекі вязьняў. Яны ня могуць узяць іх самі — кожны раз трэба прасіць супрацоўніка ізалятара.

Душавыя

У душ водзяць раз на тыдзень. Дзьверы ў памяшканьне зачыняюць, але праз акенца можна з суседняга пакоя назіраць, што адбываецца.

«У „амэрыканцы“ ў душы былі яшчэ адны дзьверы, за якімі — мы былі амаль упэўненыя — зьмяшчалася лазьня для супрацоўнікаў. Бо там і венікі сушылі — відавочна, што не для нас», — згадвае Васіль Завадзкі.

Карцар

Цеснае халоднае памяшканьне без акна. «Футра» на сьценах, бэтонная падлога, умантаваны зэдлік, вакзальны туалет.

«Сьцены такімі робяць, каб вязьні там не пісалі нічога, не пакідалі адмецінаў. Санітарная служба змагалася з „футрам“, бо гэта добры рэзэрвуар для інфэкцый рознага кшталту, не дазваляе добра апрацаваць сьцены. І ў некаторых установах яго замянілі», — кажа Васіль Завадзкі.

У былым літоўскім КДБ былі і мокрыя карцары (іх выкарыстоўвалі з 1945 да 1950-х гадоў). Там зьняволеныя вымушаны былі стаяць у вадзе або балянсаваць на малым узвышэньні, спаць у такой позе было б немагчыма. У беларускіх сьледчых ізалятарах такіх катавальняў няма. Але вось у якіх умовах на «Валадарцы» трымалі Сяргея Ціханоўскага.

«У карцары вільготна — у камэры праходзіць стаяк, і труба стаяка працякае, таму бэтонная падлога пастаянна мокрая. Нармальна сядзець фактычна няма на чым, а ложак адкідаюць толькі на ноч з 22 да 6 гадзін раніцы», — расказваў адвакат Ціханоўскага.

Так выглядаў «мокры карцар» у турме літоўскага КДБ
Так выглядаў «мокры карцар» у турме літоўскага КДБ

Мяккая камэра

Камэра, абабітая тканінай. Яе сьцены не прапускаюць гукаў. За савецкім часам туды зьмяшчалі буйных вязьняў ці тых, хто аказваў супраціў. У беларускіх рэаліях у такой камэры можа аказацца любы.

«Я ў ёй быў, — кажа Завадзкі. — Адразу як прывялі ў СІЗА, мяне туды адправілі — напэўна, каб не перасякаўся зь іншымі, ня бачылі адзін аднаго. Сьцены там абабітыя мяккім матэрыялам, каб, калі чалавек будзе сябе паводзіць агрэсіўна, ён ня здольны быў сам сабе нанесьці пашкоджаньні. Але чытаў, што туды зьмяшчаюць людзей і з мэтай псыхалягічнага ціску. Пах там ня дай бог, канечне, стаіць. Такі чалавечы боль там накоплены».

Нам вядома, што ў такой камэры ўтрымлівалі і затрыманых беларускіх журналістаў.

Прагулачныя дворыкі

У амэрыканскіх фільмах паказваюць прасторныя турэмныя двары — з баскетбольнай пляцоўкай і газонам. Але гэта ні разу не падобна да нашых сьледчых ізалятараў.

Тыповы прагулачны дворык — з лаўкай пасярэдзіне і нацягнутай зьверху сеткай. Дворыкаў звычайна некалькі. У «амэрыканцы» малыя маюць плошчу 6–8 квадратных мэтраў, большыя — 20–25 квадратаў.

На тэрыторыі «Валадаркі» ёсьць прастора для гульні ў валейбол. Яе можна ўбачыць з вышыні рэстарана, які знаходзіцца побач. Вось толькі гуляюць там ня вязьні, а супрацоўнікі СІЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG