Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна прэзыдэнцкіх выбараў-2020


Сьвятлана Ціханоўская, жнівень 2020
Сьвятлана Ціханоўская, жнівень 2020

Падзеі 9 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

9 жніўня 2020 у Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Яны адбыліся ва ўмовах масавых фальсыфікацый. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,10%, Сьвятлана Ціханоўская – 10,20%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай. Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты і затрыманьні, апошнія набылі маштаб рэпрэсій, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Таксама ў гэты дзень

1945 ― адбылося атамнае бамбаваньне Нагасакі авіяцыяй ЗША.

1999Уладзімір Пуцін быў прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні ўраду Расеі.

У гэты дзень нарадзіліся

1910Ларыса Геніюш, беларуская пісьменньіца, дзяячка беларускага адраджэньня.

Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Яна — сярод тых нямногіх людзей, безь якіх я ня стаў бы самім сабою. Скажу нават болей: я — вядома, з разуменьнем усёй пралеглай паміж намі бездані гадоў — быў закаханы ў яе.

Яшчэ й цяпер калі-небудзь у зімовую раніцу, на хісткай мяжы явы і сну, магу ўсьцешана падумаць: перад Калядамі паеду да Бабулі. Так мы называлі яе ў тэлефонных размовах і лістах з аглядкаю на «товарища майора». Зрэшты, мяркую, што нашыя куратары з «органаў» цудоўна ведалі: Бабуля — гэта Ларыса Антонаўна Геніюш.

Тады, у задушлівыя 1970-я, кожная паездка з майго Полацку ў яе Зэльву, дзе нязломная грамадзянка БНР жыла пасьля лягераў у сваёй абторканай мікрафонамі хаце, была прыступкаю ўзыходжаньня — да сябе, да Беларусі, да Свабоды.

Гаворкі далёка за поўнач, у якіх адкрываўся яе пакутніцкі змагарскі шлях.

Вершы, якія сьціскалі сэрца й будзілі розум:

Воля — ня тое, што рукі разьвяжуць,
зьменяць на большую клетку малую.
Воля — ня тое, што
вольны ты, скажуць.
Воля — то воля, якую адчую.

Яе першы, выдадзены ў 1942-м, паэтычны зборнік «Ад родных ніў», пасьля якога аўтарка трапіла на допыт у гестапа, бо не напісала ні радка пра «вялікага фюрэра».

Кніжку надрукавалі ў Празе, дзе Геніюшы — Ларыса й Янка, яе муж-мэдык — жылі ад другой паловы трыццатых гадоў. Яна брала ўдзел у працы беларускага Ўраду на эміграцыі, а ў 1943-м стала Генэральным
сакратаром БНР, захаваўшы й пераправіўшы ў бясьпечнае месца найкаштоўнейшую частку яе архіву.



Забароненыя імёны: Васіль Захарка, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева... Крамольныя кнігі, якія мы прывозілі й таемна памнажалі на дапатопнай капіявальнай машыне.

Старонкі ўспамінаў, якія выйдуць у 1993-м пад назваю «Споведзь» і апякуць усе беларускія душы.

У краіне незалежнай і дэмакратычнай разьвітаньне з адной з найталенавіцейшых яе паэтак сталася б днямі народнага смутку. У Беларусі гэтая падзея ў красавіку 1983-га прамінула амаль непрыкметна. На пару дзясяткаў літаратараў, навукоўцаў і былых сулягернікаў Ларысы Антонаўны прыпадала разы ў два болей людзей на чорных «волгах» з нумарамі ці ня ўсіх абласьцей рэспублікі. Але як бы ні называлася ў іх гэтая апэрацыя, выканаць яе не ўдалося. Спробы змусіць людзей везьці труну й вялікі драўляны крыж на машыне былі марныя. Увесь няблізкі шлях да кладоў спадарыню Ларысу несьлі на руках. Сьледам ішла ўся Зэльва.

Над сьвежай магілай я чытаў напісаны на сьмерць паэткі верш Сержука Сокалава:

Пасьля нягод, чужыны, ператрусак,
Пасьля таго, пра што маўчаць гады,
Вы здолелі між іншых беларусак
Застацца Беларускай назаўжды.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 354-355

1926 Янка Запруднік, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, гісторык і журналіст.

Янка Запруднік
Янка Запруднік

У памяці

1516 ― памёр Геранімус Босх, мастак эпохі Паўночнага Адраджэньня XV-XVI стагодзьдзяў.

1870 ― памёр Чарлз Дыкенс, ангельскі пісьменьнік.

1943 ― памёр Хаім Суцін, францускі мастак паходжаньнем зь Беларусі.

Карціна Хаіма Суціна "Ева"
Карціна Хаіма Суціна "Ева"

1976 ― памёр Іван Мележ, беларускі пісьменьнік.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG