Пазоў аб прыпыненьні дзейнасьці аб’яднаньня падало Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму, паведамляе сайт Вярхоўнага суду Беларусі.
Гарадзкі суд Менску будзе разглядаць справу 10 жніўня ў 10:30, судзьдзя — Алена Рудніцкая. Клюб плаваньня Герасімені апынуўся ў ліку соцень іншых некамэрцыйных арганізацый, якія ўлады вырашылі зачыніць.
«Яшчэ зь верасьня мне закрылі магчымасьць працягваць свае трэніроўкі зь дзецьмі. І амаль пяцьсот дзяцей апынуліся „на вуліцы“, таму што літаральна за пару дзён да пачатку сэзону мне не працягнулі арэнду. Што яны сабраліся зачыняць? Проста арганізацыю як арганізм? Яна і так не функцыянуе», — пракамэнтавала навіну пра закрыцьцё клюбу плаваньня Аляксандра Герасіменя, піша Фонд спартыўнай салідарнасьці.
Яна кажа, што ўжо даўно спрабавала разьвіваць тэму інклюзіўнай адукацыі, у прыватнасьці ў плаваньні, але нікому яна не была патрэбная, бо «ўладам не патрэбныя прафэсіяналы, якія працавалі і разьвівалі б тую ці іншую вобласьць, ім патрэбныя толькі рабы, якія будуць прытрымлівацца камандаў і падпарадкоўвацца загадам».
Плыўчыха Аляксандра Герасіменя — адна з самых вядомых беларускіх спартоўцаў, чэмпіёнка Эўропы і сьвету, уладальніца двух срэбных і аднаго бронзавага алімпійскіх мэдалёў. Яна выступіла супраць гвалту сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці.
На пачатку красавіка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на кіраўнікоў фонду Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна паводле ч.3 арт. 361 КК (пагражае да 5 гадоў зьняволеньня) і абвясьціў іх у вышук. Паводле вэрсіі СК, Герасіменя і Апейкін «пашыралі заведама ілжывыя зьвесткі аб выніках выбарчай кампаніі і падзеях у краіне». «У інтэрнэце і СМІ зьвярталіся з заклікамі да замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый аб учыненьні дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — сказана ў паведамленьні камітэту.
Аляксандра Герасіменя зь мінулага году жыве на эміграцыі ў Літве.